«Чакаючы перамен, мы будзем прымяняць санкцыі ў рамках Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, які служыць апорай прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасці», — заявіў кангрэсмен Крыстафер Сміт у інтэрв’ю «Голасу Амерыкі».

«Лукашэнка застаецца ва ўладзе дзякуючы таму, што выкарыстоўвае сілу і паўсюднае назіранне за грамадзянамі, — сказаў Сміт. — Ён моцна нагадвае Нікалае Чаушэску, чыя сакрэтная паліцыя была добра вядомая сваёй эфетыўнасцю і жорсткасцю. Аднак, калі быць сумленным да канца, то падобныя дыктатуры — з’ява часовая. Яны вянуць, разбураюцца знутры, і іх змяняюць іншыя сістэмы праўлення. Я ніколі не бачыў дыктатуру, якая б існавала вечна. Адны знікаюць раней, іншыя — пазней».

На думку Сміта, калі Лукашэнка хацеў бы пакінуць пасля сябе нейкую спадчыну, то ён «ужо цяпер павінен быў гаварыць аб перабудове і галоснасці, як гэта зрабіў Гарбачоў».
«Гэта ніколі не позна зрабіць, нягледзячы на ўсе тыя страшныя злачынствы, да якіх маюць дачыненне памагатыя яго рэжыму і ён сам. На прыкладзе прымірэння ў такіх краінах, як ПАР і Сальвадор, мы бачым, што людзі аб’ядноўваюцца вакол лідара, які вырашае павярнуць ход гісторыі ў дэмакратычнае рэчышча. І няхай гэта гучыць наіўна з майго боку, але я спадзяюся, што гэта ўсё ж адбудзецца», — сказаў кангрэсмен.

Адказваючы на пытанне, якім ён бачыць адыход Лукашэнкі ад улады, Сміт сказаў: «Слабадан Мілошавіч і Ратка Младзіч усё ж паўсталі перад Гаагскім трыбуналам за ваенныя злачынствы. Гэтыя людзі на працягу нейкага часу ўчынялі жудасныя злачынствы. Яны катавалі людзей, саджалі іх у турму без суда і следства. Са сваёй аховы яны зрабілі банду галаварэзаў, якія жывуць па мафіёзных законах. Але ўсё гэта калі-небудзь заканчваецца. Гаворачы пра Лукашэнку і людзей, якія яго акружаюць, я спадзяюся, што яны або самі пачнуць рэформы, або сядуць на самалёт, як гэта можа зрабіць Асад у Сірыі, і тады яны закончаць у нейкай краіне, атрымаўшы там прыстанішча. Я памятаю часы, калі Лукашэнка быў блізкім сябрам Мілошавіча. Дык вось, Мілошавіча больш няма. Я шчыра веру, што калі-небудзь Беларусь зможа нацешыцца ўсімі дабротамі сапраўднай дэмакратыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?