Сёння спаўняецца два гады з дня трагічнай гібелі паэткі Таццяна Сапач.

* * *

– Паслухай, стары,
нам учора абвешчана воля,
і сёння ад рання
народам запоўнены пляцы,
наперадзе – радасць,
якая нас век не пакіне,
і я назаўсёды з табой
развітацца хачу…
– Паслухай, мой хлопча,
учора зіма пачалася,
і белыя вопраткі
чорныя дрэвы надзелі,
і шэранем ранішнім
ледзь прыцярушаны прорвы,
і холад хавае
ўсялякі ці прыпах, ці пах –
і так будзе доўжыцца
аж да вясновае ўлады –
тады на дарогах
адкрыюцца раны старыя,
як сонца сарве перавязкі…
Крывёю і брудам
вам станецца радасць
і доўга чаканая воля.
А тут, пад зямлёй,
пад заброснелай нізкаю столлю,
на змрочнай сцяне,
будуць мілыя блікі блукаць
маленькай, як жменька,
і вечнай – і вечнай! – надзеі…
… У кніжцы без вокладкі
і без апошніх старонак,
дзе вы, адмыслоўцы шалёнага часу,
жылі,
я сёння заместа закладкі
лісток пакладу
ад пекнай герані,
падобнай на кроў і агонь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0