У Беларусі вызвалілі ад рэгулявання знешнегандлёвыя аперацыі для ўзвядзення АЭС. Гэта прадугледжана ўказам кіраўніка дзяржавы № 565 ад 22 снежня 2012 года, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам, дзеянне норм указа № 178 ад 27 сакавіка 2008 года «Аб парадку правядзення і кантролі знешнегандлёвых аперацый» не распаўсюджваецца на завяршэнне знешнегандлёвых аперацый па заключаных паміж дзяржаўнай установай «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі» і закрытым акцыянерным таварыствам «Атамбудэкспарт» (Расія) дагаворах.

Размова, у прыватнасці, ідзе пра кантракт на вышукальныя работы, распрацоўку праектнай дакументацыі і першачарговай рабочай дакументацыі беларускай АЭС ад 31 студзеня 2012 года,
пра кантракт на выкананне работ падрыхтоўчага перыяду да «першага бетону» па АЭС ад 29 сакавіка 2012 года, а таксама пра генеральны кантракт на будаўніцтва беларускай АЭС ад 18 ліпеня 2012 года.

Указам № 178 ад 27 сакавіка 2008 года вызначаны агульны парадак правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый, згодна з якім рэзідэнты абавязаны забяспечыць спыненне абавязацельстваў нерэзідэнтамі ў поўным аб’ёме ў тэрмін не пазней за 90 каляндарных дзён з даты адгрузкі тавараў, выканання работ, аказання паслуг (пры экспарце) і не пазней за 60 каляндарных дзён з даты правядзення плацяжу (пры імпарце).

Як паведамлялася раней, асноўныя работы па ўзвядзенні АЭС у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці плануецца пачаць летам 2013 года. Для будаўніцтва выбраны праект расійскай кампаніі «Атамбудэкспарт». Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020-га. Пад будаўніцтва АЭС Расія гатова выдзеліць Беларусі льготны дзяржкрэдыт да 10 млрд. долараў на 25 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?