Стаянкі для трэйлераў прапануецца ствараць пад Мінскам. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні Мінгарвыканкама, на якім разглядаўся ход выканання Праграмы развіцця турызму на 2011–2015 гады.

Адпачынак з кемпінгам на колах ужо шмат дзясяткаў гадоў утрымлівае трывалыя пазіцыі ў рэйтынгу розных відаў турызму ў еўрапейскіх краінах.
Так, у Еўропе налічваецца амаль 2 млн. уладальнікаў трэйлераў (невялікія фургоны, абсталяваныя для падарожжаў), для іх ствараюцца спецыяльныя пляцоўкі з арганізацыяй каналізацыі, водазабеспячэння, электразабеспячэння. Яны ёсць на ўсіх курортах Міжземнамор’я, у цэнтры Прагі, Парыжа, Будапешта і Вены, на гарналыжных курортах і ў месцах правядзення спартыўных мерапрыемстваў. Машына-месца тут каштуе ў сярэднім каля 25 еўра — для падарожнікаў гэта значна танней, чым здымаць гасцінічны нумар або кватэру.
Асацыяцыя трэйлераў створана і ў Беларусі, у яе ўваходзяць 46 чалавек.

«Вопыт Кіева, дзе праходзіў чэмпіянат Еўропы па футболу, паказаў, што многія балельшчыкі выбіралі менавіта такі спосаб размяшчэння», — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана Дзямешка.

Як паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка, цяпер разглядаецца пытанне арганізацыі стаянак для трэйлераў пад Мінскам. Прапануецца ў якасці пляцовак выкарыстоўваць тэрыторыі загарадных лагераў і санаторыяў. У прыватнасці, праект на 20 машына-месц можна рэалізаваць каля лагера «Лідар» у Ждановічах.

«Трэба падлічыць эканамічны эфект ад рэалізацыі праекта. Калі ён будзе выгадны, то ў далейшым такія стаянкі могуць з’явіцца і на базе іншых арганізацый, у тым ліку з удзелам капіталу ўласнікаў», — сказаў Ігар Карпенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?