Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску завершана расследаванне «справы фінансістаў», па якой праходзяць былы старшыня назіральнага савета ААТ «Тэхнабанк» Уладзіслаў Кацарэнка і іншыя асобы.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК Аляксандр Герасімаў, гэтыя грамадзяне абвінавачваюцца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, — крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, ухіленне ад выплаты падаткаў, махлярства.

З абвінавачання вынікае, што Кацарэнка дапамагаў кіраўнікам прыватных кампаній ухіляцца ад выплаты падаткаў,
перадаваў прыватным кампаніям падробленыя дакументы і рэквізіты падкантрольных яму лжэпрадпрымальніцкіх структур — рэзідэнтаў Расіі і Вялікабрытаніі, арганізаваў незаконны абмен валюты ў велізарных маштабах.

Урон у выглядзе нявыплачаных падаткаў ацэньваецца ў 7 млрд рублёў, незаконны даход, атрыманы групай ад усіх відаў незаконнай дзейнасці, — у 417 млрд рублёў.

Па справе праходзяць дзевяць чалавек, трое з іх, у тым ліку Кацарэнка, знаходзяцца пад вартай. Усім выстаўлены канчатковыя абвінавачанні.

Матэрыялы справы рыхтуюцца для накіроўвання пракурору для далейшай перадачы ў суд.

Нагадаем, Кацарэнка быў затрыманы 2 сакавіка гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?