Дыск найлепшых песень ад зоркі менскіх і віленскіх кухняў, які, паводле ўласнага вызначэньня, даўно разбавіў сваю расейскую кроў беларускай гарэліцай.

Спэцыфіка жанру не вымагае ад выканаўцаў выбітных вакальных дадзеных і вялікага музычнага майстэрства. Бартосік гэтага і не дэманструе, ён бярэ іншым. Творы маглі б выглядаць на яскравую праяву дысыдэнцтва, каб былі засьпяваныя гадоў трыццаць таму. Цяпер гэта — такі від гумару, які можна назваць «адраджэнскім». Ён разьлічаны на рэдкага аматара, як «Сучасьнікі» Глёбуса ці «Фрашкі» Квяткоўскага. Маладое пакаленьне, якое ня бачыла Пазьняка і не чытала Славаміра Адамовіча, можа і не ўспрыняць.

Усе песьні, зьмешчаныя на дыску, напісаныя ў мінулым стагодзьдзі. Між тым, Бартосік неўпрыкмет займае пачэснае месца ў бардаўскай гіерархіі, недзе між Шалкевічам і Мельнікавым. Бартосік такі бард‑камікадзэ, які, не зважаючы на халадэчу ці то на сьпёку, гатовы выйсьці да мэгафону на мітынгу, каб чарговы раз засьпяваць пра стратэгічны прадукт гэтага краю. Ды і пагулянка зь яго ўдзелам ніколі ня будзе сумнай: «Сэксрэвалюцыйная» ці «Візытовачка» не дадуць згаснуць вогнішчу ці то каму‑небудзь заснуць. Асабліва ў тэму будзе бартосікава‑купалаўскае «Што мне рабіць» на манэр антысавецкага гіта «Водкі найду» на мэлёдыю Smokie. Весела, але сумна: падаецца, што ў тых «антысавецкіх» часах захрасла практычна ўся беларуская бардаўская песьня.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0