У Бабруйску скандалам скончылася падвядзенне вынікаў святкавання 620‑годдзя з дня заснавання горада і 63‑й гадавіны з дня яго вызвалення ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў.

Старшыня гарвыканкаму Дзмітрый Бонахаў рэзка скрытыкаваў канцэрт, што прайшоў у горадзе ў рамках акцыі «За Беларусь». На ягоную думку, нізкі прафесійны ўзровень удзельнікаў гэтай акцыі толькі дыскрэдытуе нашу краіну. Песні пад фанаграму, дылетантызм выканаўцаў — усё гэта, па словах мэра, прывяло да таго, што на канцэрце сорамна было сядзець.

«У Бабруйск прывезлі нейкі калгас. Нам гэта не трэба», — заявіў Бонахаў, дадаўшы, што мясцовыя бабруйскія выканаўцы спяваюць на парадак лепш за сталічных.

Дзелячыся сваімі ўражаннямі ад міжнароднага фэсту «Вянок сяброўства», у якім прынялі ўдзел 600 выканаўцаў з 9 краінаў, старшыня гарвыканкаму заявіў, штло, акрамя бабруйчанаў, гэтая імпрэза больш нікому не патрэбная. Калі стаўленне Міністэрства культуры да такога мерапрыемства і далей не зменіцца, то фэст больш праводзіцца не будзе.

Такая рэзкая рэакцыя мэра была выкліканая тым, што Міністэрства культуры фактычна праігнаравала фэст, не даслаўшы сваіх прадстаўнікоў ані на адкрыццё, ані на закрыццё свята, што, на думку мэра Бабруйску, з’яўляецца проста недапушчальным.

Аляксей Буракоў, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0