Каб перавезці 392-тонную турбіну, умацоўвалі масты і выпісалі спецтэхніку з Чэхіі і Мінскага завода колавых цягачоў.

Каб перавезці 392-тонную турбіну, умацоўвалі масты і выпісалі спецтэхніку з Чэхіі і Мінскага завода колавых цягачоў.

Дырэктар Мінскай ЦЭЦ-5 Уладзімір Кішко не пацвердзіў і не абверг інфармацыю пра аварыю на прадпрыемстве.

«Хто там і што распаўсюджвае, мы пакінем гэта без каментароў», — сказаў ён на просьбу пракаментаваць паведамленне, распаўсюджанае сайтам charter97.org.

Сайт паведаміў, што з сярэдзіны снежня 2012 года сярод спецыялістаў беларускай энергасістэмы распаўсюджваецца інфармацыя аб выбуху новай кітайскай турбіны на Мінскай ЦЭЦ-5.
Гаворка ідзе пра турбіну, змантаваную ў межах супольнага праекта РУП «Мінскэнерга» і Кітайскай нацыянальнай карпарацыі. Турбіна тая важыць аж 400 тонаў.

Прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі адзначыў, што

выездаў пажарных у снежні на ЦЭЦ-5 не было.

Гэта азначае, што сур’ёзных здарэнняў, дзе магла б спатрэбіцца дапамога выратавальнікаў, не зафіксавана. Але гэта не выключае імавернасці невялікіх аварый.

Кітайцы атрымалі кантракт на выкананне на Мінскай ЦЭЦ-5 комплекснага будаўніцтва з праектаваннем і камплектацыяй парагазавага энергаблоку магутнасцю 399,6 МВт. У склад энергаблока ўваходзяць газавая турбіна M701F магутнасцю 270 МВт, кацёл-утылізатар і паравая турбіна магутнасцю 129,6 МВт. Кошт будаўніцтва пракрэдытаваў кітайскі бок, сума склала 260,19 млн еўра. Энергаблок уключаны на паралельную працу з энергасістэмай у снежні 2011 года.

Паводле чутак, адарвалася лапатка турбіны і трапіла ў камеру згарання. Чытач кажа, што выбух быў чуваць нават у ваколіцах ЦЭЦ.

Ніжэй — відэа, як везлі турбіну на ЦЭЦ-5. Яе даставілі водным шляхам да Бярэзіны. Для перавозкі ж з ракі на ЦЭЦ прыйшлося нават умацоўваць некаторыя масты.

ЦЭЦ-5 — найноўшая цеплацэнтраль Мінска. Яна месціцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад горада каля пасёлка Дружны. Яна задумвалася як атамная ЦЭЦ, але пасля Чарнобыля план змянілі. Сімвалічны пуск новага кітайскага энэргаблока ажыццяўляў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Гэта вялікі праект: магутнасць ЦЭЦ-5 з пускам новага энэргаблока вырасла ўдвая.

Нават калі аварыя на ЦЭЦ і была, гэта ніяк не пагражае жыццю і здароўю людзей цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?