У нашай Люцінцы ёсць два слупы з ліхтарамі, уздоўж нашай галоўнай артэрыі, дарогі Падневічы-Пяршаі. Адзін з іх рыхтык насупраць помніка на месцы сядзібы Марцінкевіча… Але яны амаль ніколі не гараць. Разы два на год жыхары вёскі пішуць лісты раённым уладам, і тады ліхтар (адзін з іх) часова ўключаюць. На пару тыдняў. А потым яны ізноў гаснуць — хаця гэта не хуліганы б’юць. Проста неяк стыхійна склаўся такі грамадскі рытуал: уключаць ліхтар пасля чарговай заявы, а потым цішком ізноў выключаць. Традыцыя. Ролевая гульня. Прытым гэта чыста люцінская традыцыя, бо на ўсёй той нашай «стратэгічнай дарозе» хоць бы адзін ліхтар гарыць у кожнай вёсцы. У Падневічах, Гудах (нават на перпендыкулярнай вуліцы), Люціне — і так да самых Першаёў. Не кажучы пра важнейшыя дарогі Ракаў-Івенец і Пяршаі-Івенец.

Не ведаю, за што нашай Люцынцы такая своеасаблівая пашана ад электрыкаў. А вось файна ж было б, калі б помнік на месцы сядзібы Марцінкевіча быў бы адмыслова падсветлены штоночы, неяк крэатыўна, каб кожны кіроўца, што праязджае праз Люцінку, бачыў што гэта за месца. Каштавала б гэта вельмі малую частку ад каштарысу менскіх феерверкаў.

Але масавая бюракратычная свядомасць мае іншыя законы, чыста біялагічныя. У маладосці гэтага не разумееш, у сярэдніх гадах бунтуеш, а пад старасць прыходзіць пэўны спакой, які нехта называе мудрасцю, а нехта пафігізмам. Ну не гараць ліхтары ў Люцынцы, то й не гараць. Гэта ж вам не Ханука нейкая жыдоўская, гэта ціхая беларуская ноч. Раз на месяц і так поўня, і тады ніякія ліхтары непатрэбныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?