Вядучыя дыскусіі пацікавіліся, што «прафесіяналы разумеюць пад забаронай будаўніцтва ў Мінску», якую агучыў Лукашэнка. Адказваць узяўся старшыня камітэта архітэктуры і градабудаўніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Пятроў.

«Мы даўно абмяркоўвалі такую неабходнасць з „Мінскграда“. Некалькі гадоў таму я ў прэсе выказваў думку, што ў Мінску неабходна забараніць будаваць панэльнае жыллё. Інакш горад па-ранейшаму будзе разрастацца.

У нас 20% насельніцтва краіны жыве ў сталіцы! У Маскве жыве 10% насельніцтва, і то б’юць у званы: расці больш няма куды. Такія перакосы ў рассяленні характэрныя для слабаразвітых эканомік. Усе імкнуцца ў сталіцу, бо там вялікі выбар работы і вышэй заробак. У выніку — бязлюддзе ў правінцыі»,
— кажа Аляксандр Пятроў.

Чыноўнік прапануе забяспечыць жыллём у Мінску толькі тых, хто стаіць на чарзе шмат гадоў, а астатніх — «выносіць у гарады-спадарожнікі, як і прадпрыемствы».

Пятроў зазначыў, што Мінск характэрны адсутнасцю трушчоб і неўладкаванага жылля.

Затое ў Рыме і Парыжы «шмат трушчобных раёнаў, дзе няма нават каналізацыі».
Яшчэ адным плюсам чыноўнік назваў вялікую колькасць паркаў, сквераў, зялёных прастораў. Праўда, ён прызнае, што недзе зеляніну страцілі, як на Каменнай Горцы.

Спадар Пятроў паведаміў, што ў раёне плошчы Перамогі, дзе раней быў тралейбусны парк і пажарнае дэпо, будзе будавацца шматфункцыянальны цэнтр.

«А што яшчэ патрэбна гораду? Яму, у прынцыпе, не патрэбная вытворчасць. Патрэбна насыціць яго паслугамі. Сталіцы іх катастрафічна бракуе.
Ты можаш прыйсці ў такі цэнтр з усёй сям’ёй, купіць што-небудзь, пазабавіцца — хоць на цэлы дзень».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?