Вядомыя беларускія эканамісты не вераць у здольнасць улад Беларусі ўкласціся ў сярэднегадавы курс долара ЗША ў 8.950 рублёў, які закладзены ў бюджэце краіны на 2013 год.

«Я лічу гэты курс заніжаным, яны яго не вытрымаюць», — заявіў БелаПАН былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіс

лаў Багданкевіч. Пры гэтым ён не змог спрагназаваць, калі па часе курс можа выйсці за абвешчаныя межы. «Цяжка сказаць. Рэзервы пакуль ёсць, ёсць каму яшчэ даваць і крэдыты. Калі прададуць дзяржуласнасць, то могуць стрымліваць курс і доўгі час. Але я лічу, што паступова сёлета мы выйдзем за межы курсу 10 тысяч за долар. Гэта рэаліі», — адзначыў Багданкевіч.

Разам з тым ён упэўнены, што падстаў для панікі пакуль няма.

«Вядома, калі будзе абвальны дэфіцыт у знешнім гандлі, тады можна будзе скарэктаваць і мае прагнозы. Сёння падстаў для такой карэкціроўкі я не бачу», — сказаў экс-кіраўнік Нацбанка.

Эксперт таксама не верыць у магчымасць хуткай разавай дэвальвацыі і выключае, што долар вясной будзе каштаваць 14 тысяч рублёў. «Я мяркую, што ўсе гэтыя чуткі не грунтуюцца на рэаліях, і не думаю, што ўлады пойдуць на нейкае абвальнае разавае паніжэнне курсу нацыянальнай валюты. Дэвальвацыя будзе павольнай і паступовай», — упэўнены былы галоўны банкір краіны.

Падобнае да гэтага меркаванне выказаў БелаПАН і намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.

«Афіцыйны курсавы прагноз, я думаю, цяжка рэалізаваць», — адзначыў Грыц. Найперш ён звярнуў увагу на пагаршэнне сітуацыі са станоўчым сальда знешняга гандлю.
«Хутчэй за ўсё, трэнд другога паўгоддзя 2012 года захаваецца і надалей, і адзін-два мільярды адмоўнага сальда ў 2013 годзе мы ўбачым», — лічыць эканаміст.

Паводле яго меркавання, калі дзяржава не пачне расходаваць золатавалютныя рэзервы, то мы пяройдзем мяжу ў 10 тысяч рублёў за долар ужо ў першым квартале. «Калі ўсё ж ЗВР будуць памяншацца і не будзе іншых крыніц іх папаўнення, якія будуць перавышаць памер даўгоў, што выплачваюцца ў гэты час, дадзеная курсавая мяжа будзе пераадолена да канца першага паўгоддзя», — дапускае эксперт.

Нагадаем, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова 26 снежня падчас анлайн-канферэнцыі заявіла: «Нягледзячы на тое што Нацбанк не вызначае на 2013 год мэтавыя арыенціры па абменным курсе, чакаць яго рэзкага змянення не варта».

Пры гэтым яна нагадала, што абменны курс фарміруецца зыходзячы з попыту і прапановы валюты на ўнутраным рынку. «Таму ўсім трэба прывыкаць да таго, што пэўная зменлівасць курсу ў адзін ці другі бок — нармальны рыначны працэс», — сказала кіраўнік Нацбанка.

Яна таксама паведаміла, што ў 2013 годзе Нацбанк «працягне паступова памяншаць сваю прысутнасць на валютным рынку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?