Уключэнне вучоных у склад дзяржаўнай камісіі па даследаванні і перапахаванні астанкаў, знойдзеных у незарэгістраваных могільніках у Гомельскім раёне, старшыня камісіі Наталля Аксёнава лічыць «заўчасным і некарэктным».

Пра гэта гаворыцца ў адказе Н.Аксёнавай, якая таксама з’яўляецца намеснікам старшыні райвыканкама, на ліст сустаршыняў грамадскага аргкамітэта па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінізму. У лісце ўтрымлівалася просьба ўключыць у склад дзяржкамісіі кандыдата гістарычных навук Анатоля Валахановіча з Мінска і кандыдата гістарычных навук дацэнта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны Алега Макушнікава.

Як паведаміў БелаПАН сакратар аргкамітэта Уладзімір Раманоўскі, у лісце Н.Аксёнавай, атрыманым 16 ліпеня, паведамляецца, што ў Гомельскім райвыканкаме «створана камісія ў складзе ўпаўнаважаных службовых асоб». «Паколькі да гэтага часу раённай камісіяй не атрымана экспертнае заключэнне, райвыканкам лічыць заўчасным і некарэктным разглядаць прапановы, што паступаюць ад юрыдычных і фізічных асоб, больш за тое — рабіць папярэднія высновы наконт любых з выстаўленых версій пахавання астанкаў без наяўнасці неаспрэчных доказаў», — гаворыцца ў лісце.

Аднак, як зазначыў У.Раманоўскі, ніякімі заканадаўчымі актамі не вызначаны дзеянні райвыканкама пры выяўленні пахаванняў ахвяр сталінізму. «У гэтым выпадку ўсю паўнату маральнай адказнасці за адмову ад дыялогу з грамадскасцю ўскладае на сябе Наталля Аксёнава», — сказаў У.Раманоўскі. Паводле яго слоў, далейшыя крокі грамадскасці ў гэтым кірунку будуць абмяркоўвацца на чарговым пасяджэнні аргкамітэта ў Мінску 23 ліпеня.

Нагадаем, падчас раскопак з 6 мая па 11 чэрвеня ў Прыбыткоўскім сельсавеце, у лесе на 9‑м кіламетры шашы Гомель — Чарнігаў, ва ўрочышчах Тры Слупы і Боркі 52‑і асобны пошукавы батальён упраўлення ўвекавечання памяці абаронцай Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны знайшоў астанкі 70 чалавек. Паводле звестак мясцовых жыхароў, у гэтым раёне ў перадваенныя гады супрацоўнікі НКУС праводзілі масавыя знішчэнні ахвяр сталінізму, у тым ліку жыхароў Украіны.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0