Сёньня Паўднёваафрыканская Рэспубліка лічыцца адным з найбліжэйшых партнёраў Рэспублікі Беларусь. Тыя ж, хто жыў у СССР, памятаюць, як гэтая краіна лічылася ледзь ня самай варожай і асацыявалася са злавесным словам «апартэід».

Яго ведалі нават крымінальнікі і лаяліся, калі іх забіралі ў міліцыю: «апартэід нейкі». Мала каму, аднак, было вядома, што ў самой ПАР апартэід зьвязваюць з народам, які здаўна называлі «бурамі».

Хто такія буры? Што такое апартэід? Які сёньня лёс гэтага народу?

Сваім днём нараджэньня буры (гэты назоў яны лічаць абразьлівым) называюць 4 красавіка 1652 г. У гэты дзень галяндзкая ост‑індзкая кампанія заклала горад, сёньня вядомы як Кейптаўн, а тады называўся «Капштад». Абодва назовы перакладаюцца як «паселішча на мысе». Першымі каляністамі сталі выхадцы з Фляндрыі, сёньняшняй Бэльгіі. Да іх пасьля дадаліся францускія гугеноты і немцы. Жанчын сярод каляністаў было мала. За жонак яны бралі дачок тубыльцаў, нявольніц зь Явы і Заходняй Афрыкі, якіх прывозіла кампанія. Так фармаваўся народ, які зь цягам часу пачаў называць сябе «афрыканэрамі», а астатні сьвет — «бурамі». Паступова і мова іх пачала ўсё больш адрозьнівацца ад галяндзкай. Сёньня яна носіць назву «афрыкаанс».

Паваротным у гісторыі бураў стала зьяўленьне на кантынэнце англічанаў. У 1806 г. Брытанія анэксавала Капштад. Большая частка бураў не прызнала новай улады і накіравалася ўглыб Афрыкі. Там, на землях, адваяваных у тубыльцаў, буры заснавалі свае рэспублікі — Трансвааль і Аранжавая Свабодная Дзяржава. Англічане, аднак, не пакідалі бураў у спакоі. Тым больш што на тэрыторыі іх рэспублік знаходзілі ўсё больш золата і алмазаў. Гэта ўрэшце і прывяло да вядомай англа‑бурскай вайны (1898—1902). Увесь сьвет спачуваў тады маленькай бурскай нацыі. З розных краін ехалі ім на помач добраахвотнікі. Прычым у Расейскай імпэрыі большасьць такіх добраахвотнікаў, як адзначаў тагачасны друк, была з заходніх губэрняў, у тым ліку зь Віленскай. Памяць пра гэта жыла доўга. Аркадзь Куляшоў пісаў пра сваё жаданьне несьці свабоду «далёкім, далёкім бурам».

Усё гэта мала ўплывала на падзеі. У 1911 годзе англічане аб’ядналі бурскія рэспублікі з сваімі калёніямі ў новы дамініён — Паўднёваафрыканскі Зьвяз. Буры, аднак, не мірыліся з паразай.

У 1913 годзе буры ўтварылі нацыяналістычную партыю. Нацыяналісты дамагаліся больш самастойнай міжнароднай палітыкі і дзяржаўнага статусу мовы афрыкаанс. Адна з галоўных праблем была ў тым, што шмат хто з бураў лічыў сваю мову некультурнай, «кухоннай»… Тым ня менш, у 1925 афрыкаанс робіцца дзяржаўнай мовай нароўні з ангельскай.

У супрацьстаяньні Брытаніі бурскія нацыяналісты пасьлядоўна рабілі стаўку на кайзэра, савецкую Расею, Гітлера. Быў заключаны таемны хаўрус Трэцяга райху і паўднёваафрыканскай нацыяналістычнай партыі. Параза хаўрусьніка ў вайне не перашкодзіла нацыяналістам прыйсьці да ўлады ў 1948 г. Ад гэтага бярэ пачатак пэрыяд апартэіду.

Апартэід літаральна азначае «разьдзельнае існаваньне». Насельніцтва падзялялася на чатыры групы: белыя, каляровыя, азіяты, чорныя. Кожная з гэтых груп мела сваю тэрыторыю пражываньня, сыстэму адукацыі, аплаты…

Апартэід меў пэўнае падабенства з нацыянальнай палітыкай, якая праводзілася ў Савецкім Саюзе. Унутры ПАР існавалі свае саюзныя рэспублікі — хомуленды (тэрыторыі, адведзеныя пад пражываньне таго ці іншага этнасу). Гэтыя ўтварэньні выдаваліся Прэторыяй за цалкам самастойныя дзяржавы. Аднак адміністрацыі і межы гэтых дзяржаў вызначаліся выключна цэнтрам. Улады праводзілі традыцыйныя сьвяты, абвяшчалі пра шанаваньне нацыянальных моў і звычаяў карэннага насельніцтва і адначасова жорстка душылі спробы палітычнага самавызначэньня тубыльцаў.

Буры займалі сярод белых асаблівае становішча. Зь іх у асноўным складаўся ўрад і паліцыя. Таму і рэжым апартэіду асацыяваўся зь імі. Менавіта на бураў была накіраваная нянавісьць чорных. Вядомыя хваляваньні ў Саўэта былі выкліканыя нежаданьнем чорных школьнікаў вывучаць афрыкаанс.

Доўгі час здавалася, што такі стан назаўжды. ПАР лічылася адным з галоўных апірышчаў антыкамунізму ў сьвеце, што забясьпечвала ёй падтрымку Захаду. З прыходам да ўлады Міхаіла Гарбачова становішча пачало мяняцца . Прывід камуністычнай пагрозы пачаў зьнікаць.

Яшчэ раней Прэторыя страціла сваіх хаўрусьнікаў у Афрыцы — Радэзію і Партугальскую імпэрыю. Спробы ўтрымаць уладу, а таксама ўсталяваць у суседніх краінах сяброўскія да сябе рэжымы каштавалі неймаверных чалавечых і матэрыяльных затратаў. Урэшце нацыяналісты вымушаныя былі пайсьці на рэформы і прызнаць чорную апазыцыю. У 1994 г. Нацыяналістычная партыя прайграла выбары Афрыканскаму нацыянальнаму кангрэсу Нэльсана Мандэлы. З таго часу старому рэжыму прыйшоў канец.

Былыя бурскія рэспублікі былі ліквідаваныя і падзеленыя на правінцыі. Мова афрыкаанс паступова пачала выціскацца з ужытку мовамі банту. Цяпер у ПАР мовы ўсіх этнасаў лічацца дзяржаўнымі, а ўсяго гэтых моў адзінаццаць. У мінулым годзе Прэторыя, названая ў гонар аднаго з правадыроў бураў, была пераназваная ў Тсванэ.

Мандэла лічыўся сымбалем расавага прымірэньня. Сёньняшні прэзыдэнт Таба Мбэкі мае рэпутацыю кіраўніка карумпаванага. У краіне рэзка ўзмацніліся напады на белых. Буры, аднак, цьвёрда намераныя ня толькі выжыць, але і стварыць сваю дзяржаву наноў. Дзеля гэтага яны пачынаюць зьбірацца на тэрыторыі, якую называюць «Аранжыя». Буры параўноўваюць гэта зь «вялікім трэкам» — сыходам продкаў ад англічан у XIX стагодзьдзі. Іх нашчадкі хочуць паўтарыць тое самае ў адносінах да чорных. Што ж, буры здаўна славіліся сваёй упартасьцю.

***

Найбольш вядомыя буры

Паўль Кругер — прэзыдэнт Трансваалю, герой англа‑ бурскай вайны.

Ян Смэтс — прэм’ер‑міністар Паўднёваафрыканскага Зьвязу, адзін з распрацоўшчыкаў прынцыпаў ААН, заснавальнік філязофскага накірунку «халізм».

Барнард Крысьціян — хірург, які зрабіў першую ў сьвеце перасадку сэрца.

Джозэф Кутзэе — пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Ягоную нобэлеўскую лекцыю друкавала «Наша Ніва».

Атола Фугард — драматург. У менскім «Альтэрнатыўным тэатры» ішла яго п’еса «Тут жывуць людзі».

Усяслаў Шатэрнік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0