Две жанчыны. Іхнае жыццё наўпрост вызначыла палітычная сітуацыя ў краіне. Адну, вясковую настаўніцу Наталлю Ільініч, за грамадзянскую пазіцыю звольнілі з працы, цяпер кабета выжавае, прадаючы малако ад сваёй каровы ды яблыкі. Другая Наталля Пінчук, рэпрэсіі спазнала праз мужа, заснавальніка і кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Вольга Швед, рэжысёрка: «Гісторыя найноўшай Беларусі — гэта гісторыя рэпрэсіяў. Кожная лёсавызначальныя падзея — выбары, павелічэнне коштаў, змена заканадаўства — сканчаецца рэпрэсіямі. Арганізацыя ж дапамогі рэпрэсаваным — у наўпроставай канфрантацыі з рэпрэсіўнымі органамі. Такім чынам, Алесь Бяляцкі стаўся у пэўным сэнсе асабістым ворагам Аляксандра Лукашэнкі. Бо ўсведамляючы, што ў выпадку праблемаў табе ёсць каму дапамагчы, перастаеш баяцца сказаць, што думаеш, ці пайсці на акцыю пратэсту».

Арганізацыя дапамогі рэпрэсаваным «Вясна’96» узнікла ў 1996-м, праз два гады пасля таго, як Лукашэнка зрабіўся прэзідэнтам. Фільм паказвае гісторыю праваабарончага цэнтру на фоне найноўшай гісторыі Беларусі. Цэнтральная постаць стужкі — Алесь Бяляцкі, ён прысутнічае на архіўных здымках і кадрах кінахронікі, але ў фільме няма выказванняў самога Алеся, апроч апошняга слова ў судовай зале. І ўсё ж ён прамаўляе да нас — вуснамі сваёй жонкі, якая распавядае, чаму Алесь абраў у жыцці беларускі шлях, чаму заняўся абаронаю людзей ад посткамуністычных уладаў, як паступова прызвычайваўся да думкі, што і сам станецца ахвяраю рэпрэсіяў, як жыў з усведамленнем непазбежнасці гэтага. Які кошт апроч свабоды даводзілася плаціць яму штодня, і што азначае быць побач з такім чалавекам?

«Калі мы чытаем, што „Вясна“ дапамагае рэпрэсаваным, за гэтым не стаіць ніякіх эмоцыяў. З такіх радкоў цяжка зразумець: што перажывае чалавек, калі яго звальняюць з працы, якая ёсць ягоным пакліканнем, што азначае застацца без сродкаў да існавання толькі праз тое, што ты думаеш, як не дазваляецца? У якую асабістую трагедыю ператвараецца кампанія цкавання ў невялікай вёсцы? А як можна ўвесь час жыць з думкаю, што вось-вось да цябе ў хату пагрукаюцца, а мужа пасадзяць? Што значыць штодня чакаць мужа з працы і не ведаць, ці ён вернецца, пры гэтым цалкам яго падтрымліваючы? Я намагалася паказаць у гэтым фільме чалавека».

Прэм’ера дакументальнага фільму «Вясна» — 6 студзеня, а 18:15.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?