Сірыйскі прэзідэнт Башар Асад ў публічным звароце да нацыі абвінаваціў «змоўшчыкаў і тэрарыстаў» ва ўзброеным канфлікце, які працягваецца з сакавіка 2011 года, заклікаў сірыйскі народ да мабілізацыі, падзякаваў за падтрымку Расіі, Кітаю ды Ірану і паабяцаў правесці палітычныя рэформы.

У першым за шэсць месяцаў выступе па тэлебачанні Асад назваў паўстанцаў «ворагамі Бога і марыянеткамі Захаду».

Ён выказаў шкадаванне з прычыны пакут народа ў грамадзянскай вайне, заявіўшы, што «чорнае воблака» болю ахапіла ўсю краіну. План урэгулявання канфлікту, прапанаваны Асадам, прадугледжвае сярод іншага скліканне канферэнцыі нацыянальнага прымірэння і напісанне новай канстытуцыі.

Апазіцыя, якая раней называла галоўнай умовай развязання крызісу сыход з палітычнай сцэны Башара Асада, холадна ўспрыняла словы Асада, назваўшы дзеянні прэзідэнта спробай сарваць дыпламатычнае рашэнне канфлікту.

Выступ Асада перад прыхільнікамі ў Оперным тэатры Дамаска цягнуўся каля гадзіны. Прамова сірыйскага лідара перарывалася апладысментамі і воклічамі ўхвалы.

Асад абвінаваціў у тым, што адбываецца «звязаных з „Аль-Каідай“ тэрарыстаў», якія дзейнічаюць па ўказцы лялькаводаў з Захаду, паабяцаў дыялог з тымі, «хто не здрадзіў сірыйскаму народу», і ў чарговы раз выказаўся за палітычнае рашэнне канфлікту.

«Мы нашы душы і нашу кроў аддамо за Башара», — адказвалі яму гледачы ў зале.

Па дадзеных ААН, за 21 месяц канфлікту ў Сірыі загінула больш за 60 тыс. чалавек, а Чырвоны Крыж раней назваў сітуацыю ў Сірыі «грамадзянскай вайной».

Усе ранейшыя дыпламатычныя спробы пакласці канец кровапраліццю ў Сірыі, якія рабіла міжнародная супольнасць, скончыліся няўдала.

Нацыянальная кааліцыя сірыйскай апазіцыі, сфармаваная ў лістападзе гэтага года ў Катары і прызнаная многімі краінамі ў якасці адзінай легітымнай палітычнай сілы ў краіне, адпрэчыла план рашэння канфлікту, прапанаваны Асадам.

На іх думку, дзеянні Асада рызыкуюць сарваць дыпламатычнае рашэнне крызісу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?