Калядная варажба дайшла і да нашых дзён. Якія традыцыі захавала для нас мінулае?

Беларускія калядныя традыцыі своеасаблівыя па сваім паходжанні. Яны ўвабралі ў сябе як элементы паганства, так і элементы хрысціянства. Вядома, паўтарыць большасць з іх сёння — цяжка. Не так лёгка знайсці пеўня, каня ці дровы, якімі карысталіся нашыя продкі для варажбы яшчэ 50 гадоў таму. Але некаторыя спробы прадказаць будучыню можна паўтарыць і цяпер.

Убачыць мужа ў сне

Адзін з самых папулярных спосабаў пабачыць свайго будучага мужа — прысніць яго ў калядную ноч. Цяпер існуе шмат розных рытуалаў, якія трэба правесці перад тым, як класціся спаць.

Раней жа самымі папулярнымі сярод беларусак былі тыя, якія лёгка паўтарыць і сёння. Па-першае, можна паставіць пад ложак шклянку вады, на якую пакласці пруток з мяцёлкі. Па такой кладачцы і павінен быў прайсці суджаны ў сне.

Па-другое, можна легчы спаць, апрануўшы панчоху. У сне павінен прыйсці хлопец, які мусіць гэтую панчоху сцягнуць. Па іншай версіі — наадварот, паклапаціцца аб будучай жонцы і надзець другую.

Абавязковая ўмова такой варажбы на снах — дзяўчына павінна не сказаць ні слова пасля таго, як лягла ў ложак.

Будучыня — у попеле ад газеты

Варажба на Каляды — забава не толькі для незамужніх дзяўчат. Ёсць і такія віды варажбы, якімі можна карыстацца незалежна ад сямейнага становішча.

Напрыклад, убачыць падзеі з будучага можна пры дапамозе газеты, сподачка і запалак.
Для гэтага трэба добра скамячыць газетную старонку, пакласці на сподачак і асцярожна спаліць. Не трэба чакаць, пакуль папера цалкам ператворыцца ў попел. Падгарэўшыя кавалачкі газеты складуцца ў дзіўныя ўзоры. Калі паглядзець на цень ад гэтых узораў і падключыць фантазію — атрымаюцца самыя цікавыя вобразы. Так, выява дрэва будзе азначаць шчасце ў сям’і, чоўна — падарожжы.

Трактаваць вобразы таксама варта пры дапамозе ўласнага ўяўлення.

Варажба для хлопцаў

Калі гаворка ідзе пра варажбу, чамусьці адразу падаецца, што гаворыцца толькі пра дзяўчат. Але такое сцвярджэнне не заўсёды можна назваць слушным.

Вядома, хлопцы заўсёды любілі ўдзельнічаць у каляднай варажбе па-свойму — напрыклад, урывацца ў пакой да дзяўчат, якія зазіраюць у будучыню, ці выкрадаць у іх неабходныя для варажбы рэчы.
Не выключэнне гэта і цяпер. Але існавала і прадказанне, якое раней карысталася папулярнасцю сярод хлопцаў. Каб даведацца, ці ажэніцца хлопец на працягу наступнага года, яму трэба было падысці да драўлянага плота і як мага шырэй развесці рукі. Калі абхапіць атрымаецца цотную колькасць бярвенняў — хлопцу браць шлюб у наступным годзе. Калі няцотную — хадзіць у халасцяках.

Нявыдуманая гісторыя

Шмат ёсць спосабаў паваражыць на калядныя і навагоднія святы, але, бадай, самым таямнічым з’яўляецца варажба з люстэркамі. Аднойчы і са мной адбыўся дзіўны выпадак. Было гэта яшчэ ў студэнцкія гады, на першым курсе.

Вырашылі мы з сяброўкамі ў калядны вечарок паваражыць. Нас было трое. Для гэтага загадзя падрыхтаваліся: купілі свечкі ў царкве, папрасілі заручальны пярсцёнак ў знаёмай жанчыны, шлюб якой таксама быў асвечаны ў царкве.

І вось каля 12 гадзін ночы наша дзейства пачалося.
Заходзілі ў пакой, дзе на стале стаяла люстэрка, перад якім у шклянцы з вадой ляжаў пярсцёнак, паабапал гарэлі дзве свечкі, па чарзе. Садзіцца трэба было так, каб сябе не бачыць у люстэрку.

Калі першая дзяўчына зайшла, то мы ўдзвюх падглядвалі, перашкаджалі ёй сканцэнтраваць сваю ўвагу, смяяліся. Вядома ж, што там можна было ўбачыць, проста весела і смешна. І ніхто нічога не бачыў.

Надышла чарга і мне сесці перад люстэркам. Вось я сяджу, успамінаю Святлану з балады В. А. Жукоўскага «Святлана», як яна доўга сядзела і вельмі хацела ўбачыць суджанага.

Часу прайшло шмат, дзяўчаты казалі, што дзве гадзіны.
Мне здавалася, што я ўжо трохі драмаць пачынаю, як раптам бачу, што ў люстэрку з’яўляецца стол, які завалены вялікімі лістамі паперы, за сталом, адкінуўшыся ў крэсле, сядзіць малады чалавек, які мне не вельмі падабаецца, бачу яго толькі ў профіль. Я моцна пачынаю ўглядацца ў люстэрка, але тут на мяне находзіць страх. Я выбягаю з пакоя. Дзяўчаты казалі, што ў мяне валасы дуба стаялі. Яны самі перапужаліся, бо такога ніколі не бачылі.

На апошнім курсе інстытута я выйшла замуж за хлопца. Ён тады быў студэнтам тэхнічнай ВНУ. Як часта я бачыла яго ў такой позе за сталом, калі ён чарціў свае курсавыя. А калі пазнаёмілася з ім, то ён мне вельмі не спадабаўся. Так што ў гэтым нешта ёсць.

З таго часу больш не варажу. А яшчэ памятаю адну прытчу: «Бог вылепіў з гліны чалавека, і яшчэ застаўся невялікі камячок. Бог і пытаецца ў яго, што б яшчэ ён хацеў для сябе вылепіць. «Шчасця хачу!» — папрасіў чалавек. Нічога не сказаў яму Бог, а толькі паклаў кавалачак гэтай гліны яму ў далонь. Так што ляпіце сваё шчасце сваімі рукамі.

Гэта толькі некалі я думала, што замуж выходзяць для таго, каб нарадзіць дзяцей і выгадаваць іх. Аказваецца, усе не так. Мы знаходзім такога мужчыну (ці жанчыну), які будзе ўвесь час нам указваць на нашы слабыя бакі. Гэта трэба для нашага ўдасканалення. Душа ўвесь час павінна «расці». І калі мы на яго заўвагі рэагуем станоўча, робім высновы, мы мяняемся да лепшага. А калі кожны раз узрываемся лаянкай, то ствараем яшчэ больш сабе праблем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?