Сярод іншага, у пасланні мітрапаліта Філарэта на Раство гаворыцца:

«Многія мудрацы спрабавалі аблегчыць чалавеку гэты страшны цяжар выбару, падказваючы і тлумачачы неабходнасць прытрымлівацца дабра. Але наша сэрца ведае: сапраўдны выбар заўсёды адбываецца ў адзіноце, і за нас яго не зробіць ніхто іншы. Сацыяльны статус не здымае адказнасці за прынятыя рашэнні, роўна як і адсутнасць статусу не апраўдвае нерашучасці і пасіўнасці перад абліччам зла.

У гэтым годзе ва ўсім свеце будзе адзначацца 1700-годдзе рашэння, якое сапраўды змяніла хаду гісторыі. У 313 годзе імператар Канстанцін выдаў знакаміты Міланскі эдыкт, за якім рушыла паступовае станаўленне хрысціянства ў якасці пануючай рэлігіі Рымскай імперыі. Гэта рашэнне было прынятае невыпадкова: яно ажыццявілася на фоне і пад уздзеяннем пэўных палітычных, эканамічных, грамадскіх абставінаў. Але Царква ўбачыла, што усе грані гэтага рашэння былі асвечаныя асабістай вернасцю імператара Хрысту, і менавіта таму праславіла Канстанціна ў абліччы святых.

Гады ішлі, і разам з несумнеўнымі выгодамі, прынесенымі Царкве Міланскага эдыктам, стала відавочна, што ў асяроддзі хрысціян вера пачала паступова астываць. Хрысціянства выбіралі не толькі як шлях выратавання, але і ў знак лаяльнасці да ўладаў, дзеля доступу да дзяржаўных прывілеяў.

Дарагія браты і сёстры! Кнігу гісторыі пішуць чалавечыя сэрцы. І тое, што адбывалася 1700 гадоў назад, адбываецца і ў нашы дні.

Дзякаваць Богу, у Беларусі добрыя адносіны паміж дзяржавай і Царквой. Мы развіваем супрацоўніцтва, маючы адносіны на мове маральных каштоўнасцяў. Але сёння важна памятаць, што хрысціянства мае справу не толькі з супольнасцю людзей: яно звернутае да кожнага асабіста. Гасподзь чакае ад нас рашэння: ці ўпусцім мы Яго ў нашае сэрца ці яно будзе занятае клопатам гэтага веку. Ці ёсць у нас золата веры, ладан малітвы і смірна пакаяння (гл. Мац. 2:11), каб годна сустрэць Творцу?

На гэтыя пытанні кожны адказвае сам. Але сёння хочацца ўсіх заклікаць пакланіцца Хрысту, каб плады Ягонай любові адчуваліся ў кожным доме, у кожнай сям'і. Вось гэтыя плады: любоў, радасць, згода, доўгацярпенне, дабрыня, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманне (Гал. 5:22, 23).

Кожны чалавек хоча любіць і каб яго любілі. Хай жа гэтыя святыя дні Нараджэння Госпада ў плоці стануць для нас нагодай падзяліцца багаццем нашых душ з блізкімі. Хай Віфлеемская зорка пакажа кожнаму з нас шлях да сэрца нашых сваякоў і калегаў, нашых суседзяў, сяброў і ворагаў, бо там, у сэрцы, — Хрыстос Бог наш. Пакінем мінулыя горычы і крыўды і кіруймася ў будучыню. Бо з намі Бог, Яму належаць і час, і прастора. Дзе Дух Ягонай любові, там і дом наш», — гаворыцца ў пасланні мітрапаліта Філарэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0