У беларускі рух Гадлеўскі прыйшоў у 25 гадоў. На фота: Гадлеўскі-семінарыст.

У беларускі рух Гадлеўскі прыйшоў у 25 гадоў. На фота: Гадлеўскі-семінарыст.

Польскія ўлады пасадзілі ксяндза Гадлеўскага за «антыдзяржаўную дзейнасць». На фота: Макатоўская турма ў Варшаве, дзе Гадлеўскі сядзеў у 1927—1928.

Польскія ўлады пасадзілі ксяндза Гадлеўскага за «антыдзяржаўную дзейнасць». На фота: Макатоўская турма ў Варшаве, дзе Гадлеўскі сядзеў у 1927—1928.

Хата Гадлеўскага ў Шурычах, 2009.

Хата Гадлеўскага ў Шурычах, 2009.

90-гадовая Амэля Дзямянчык расказвае пра Вінцэнта Гадлеўскага. Шурычы, 2009.

90-гадовая Амэля Дзямянчык расказвае пра Вінцэнта Гадлеўскага. Шурычы, 2009.

Нясвіж, 1918 год. Рынкавая плошча поўніцца народам, перад пашыхтаванымі польскімі легіянерамі мае выступіць генерал, а перад ім -- ксёндз з вітальным словам. Усё як мае быць. Каротка стрыжаны, з удумлівым позіркам ды масіўнымі сківіцамі, учорашні семінарыст узыходзіць на збітую за ноч трыбуну, прыбраную вянкамі ды бела-чырвонымі стужкамі.

“…І памятайце, вы знаходзіцеся на беларускай зямлі, таму паводзьце сябе прыстойна!” – скончыў прамову Гадлеўскі. Запанавала ціша. Толькі сябры мясцовага польскага актыву жвава пераглядаліся ды паціскалі плячыма. Генерал у канфедэратцы нечакана павярнуўся да жаўнераў: «Чулі, як вы павінныя сябе паводзіць?»

Пра Гадлеўскага ў Беларусі дагэтуль вядома мала – за ўвесь час толькі кароткія публікацыі ды некалькі брашурак. Ідэя выдання збору твораў Гадлеўскага ўзнікла ў гісторыкаў Андрэя Вашкевіча і Алеся Пашкевіча пасля сканчэння працы над зборнікам ксяндза Адама Станкевіча ў 2008. «Станкевіч — гісторык і асветнік, які шмат пісаў і мае вялікую спадчыну, таму, рыхтуючы яго том, мы выбіралі найлепшае. З Гадлеўскім сітуацыя адваротная: нам трэба было сабраць ягоныя працы».

У зборнік Гадлеўскага аўтары сабралі ўсю вядомую спадчыну, а таксама біяграфічны нарыс на 100 старонак.

«Кніга стане сенсацыяй. Таямніцы пакуль раскрываць не будзем. Дакументы знаходзілі ў Маскве, Вільні, Варшаве, Мінску, Львове, нешта прыйшло ажно са Штатаў… Спадзяюся, што за год давядзем кнігу да канца, хаця сітуацыя з беларускімі выдавецкімі справамі цяпер непрадказальная», — кажа Вашкевіч.

Слугі народа

У пачатку ХХ ст. у каталіцкія духоўныя семінарыі прыйшло пакаленне беларускіх сялянскіх дзяцей.

Трэба разумець рэаліі Расійскай імперыі, калі селяніну-каталіку атрымаць універсітэцкую адукацыю было амаль немажліва. Праваслаўны мог паступіць у настаўніцкую семінарыю, як гэта зрабілі Якуб Колас, Янка Маўр, Сымон Рак-Міхайлоўскі ды іншыя.

Каталік жа павінен быў здаць экстэрнам курс гімназіі і далей ісці або ў юнкерскае вучылішча, або ў духоўную семінарыю. Ва ўніверсітэт было нельга: шчаслівы вынятак тут — Браніслаў Тарашкевіч, якому дапамагла мясцовая памешчыца. Так у віленскай духоўнай семінарыі апынулася некалькі дзясяткаў хлопцаў, якія ўсвядомілі сябе беларусамі. Яны і далі пачатак магутнай хрысціянска-дэмакратычнай плыні. Заангажаваных у нацыянальны беларускі рух каталіцкіх святароў было каля 50 чалавек — 15% усіх святароў, якія дзейнічалі на той час у Беларусі.

У 1922 годзе з 40 актывістаў, якія склалі Беларускі выбарчы камітэт, што гуртаваў беларусаў на выбарах у польскі сейм, было 9 ксяндзоў і ніводнага праваслаўнага святара. Амаль палова выдадзеных у міжваеннай Польшчы беларускіх кніжак паходзіла з друкарні імя Францішка Скарыны, якую трымалі хадэкі. Не кажучы ўжо пра перыёдыку — «Крыніцу», «Беларускую крыніцу», «Хрысціянскую думку», самыя трывалыя выданні на той момант.

Гадлеўскі і Станкевіч — дзве самыя яскравыя постаці ў гэтай плыні, кажа Вашкевіч. Гадлеўскі цікавы акурат як палітык і грамадскі дзеяч, хоць у сойм ён ніколі не абіраўся. Яго планавалі высунуць кандыдатам у 1927-м, і ён бы прайшоў, але ад царкоўных уладаў ён тады атрымаў афіцыйную забарону на ўдзел у выбарах, хаця польскія святары балатаваліся без праблем.

Сталенне нацыяналіста

Гадлеўскі прыйшоў да беларушчыны падчас Першай сусветнай вайны. Калі Станкевіч пачаў дзейнічаць яшчэ 19-гадовым семінарыстам у 1910--1911 гг., дык Гадлеўскі зрабіў рашучы крок у бок нацыяналізму гадоў у 25. Сам ён пісаў, што пакуль не трапіў у каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу, нацыянальныя пытанні яго мала цікавілі. Дарэчы, ён быў сярод найлепшых вучняў і ў семінарыі, і ў акадэміі. Атрымаў ступень магістра.

Гадлеўскі быў адным з арганізатараў З’езда беларускага каталіцкага духавенства ў маі 1917, актыўна ўдзельнічаў у правядзенні І Усебеларускага з’езда таксама ў 1917-м. З’езд праходзіў канфліктна, неспакойна, таму, каб суцішыць і скансалідаваць людзей, былі арганізаваныя лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі. Адным з лектараў быў акурат Гадлеўскі.

У 1918 г. Гадлеўскі ўвайшоў у «скірмунтаўскую», правую, уласніцкую, частку Рады БНР. Пазней, калі Мінск акупавалі палякі, за сваю актыўную дзейнасць быў высланы ў Нясвіж — выкладаць у настаўніцкай семінарыі, дзе і адбылася гісторыя з прамовай перад генералам.

Галіччына за 50 гадоў, Жодзішкі — за 5

Калі Гадлеўскі прыехаў у Жодзішкі ў 1921 г., ён убачыў разбуранае вайной мястэчка — тры гады там праходзіў нямецка-рускі фронт.

Ксёндз Гадлеўскі адбудаваў касцёл, бараніў правы людзей: дабіваўся лесу на адбудову для ахвяраў вайны ды пагарэльцаў, выбіваў зямлю, абараняў правы сялянаў на сервітуты. Людзі палюбілі Гадлеўскага.

Згодна з польскай заканадаўчай практыкай, у таго, хто не мог заплаціць падаткі, апісвалі маёмасць і прадавалі на вясковай вуліцы суседзям. У 1925 г. Гадлеўскага спрабавалі засудзіць за ягоны наказ тым, хто набываў, аддаць суседзям усё іх канфіскаванае майно бясплатна. Такія паводзіны былі «злачынствам». Але менавіта так ксёндз выхоўваў супольнасць.

У 1924 г. Гадлеўскі ўводзіць беларускую мову ў службу: на ягоныя казані пачынаюць прыязджаць людзі з усіх ваколіц. Тады арганізуецца ліст ад мясцовых «шляхецкіх» кланаў. У адказ парафіяне пачалі збіраць подпісы за свайго ксяндза… Скончылася ўсё «плебісцытам» — выбарамі мовы службаў, падчас якога паліцыя ўвайшла на касцельныя могілкі і ўсталявала кулямёт на званіцы. Цудам абышлося без крыві — у гэтым таксама заслуга Гадлеўскага.

На ксяндза хацелі павесіць нешта накшталт «арганізацыі масавых беспарадкаў», але не знайшлося сведак. Падшукалі іншы артыкул — «антыдзяржаўная дзейнасць»: тады Гадлеўскі ўжо быў актывістам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (афіцыйна партыя паўстала ў 1926). У турме ён правёў 16 месяцаў.

Па выхадзе з турмы Гадлеўскі ўзначальвае Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры і займаецца наступныя 8 гадоў асветай: ездзіць па вёсках, чытае лекцыі, умацоўвае гурткі, завязвае кантакты, падтрымлівае школы, у тым ліку грашыма. Сам жа выкладаў Закон Божы ў адной з віленскіх гімназіяў, зарабляючы літаральна капейкі.

У Жодзішкі ксяндзу нават прыязджаць было афіцыйна забаронена. Наступным разам Гадлеўскі адведае сваю парафію толькі ў 1942 г. — сяляне сустрэнуць яго авацыямі і бел-чырвона-белымі сцягамі.

«Гадлеўскі стварыў у Жодзішках прэцэдэнт, які мог бы змяніць гісторыю касцёла ў Беларусі і наогул нацыянальнага руху, — адзначае Вашкевіч. — Тое, на што ў Галіччыне ва ўкраінцаў з маўклівай згоды аўстрыйцаў пайшло 50 гадоў, у Жодзішках праз агромністыя перашкоды было дасягнута за нейкія 5!»

На ўскрайку пушчы

«У 2009 г. я быў у Шурычах, на радзіме Гадлеўскага, — кажа Вашкевіч. — Гэта самы ўскраек Белавежскай пушчы, Свіслацкі раён. Размаўляў са старымі, якія дагэтуль яго памятаюць. Дзякуючы знойдзеным Генадзем Семенчуком матэрыялам нам удалося высветліць, што Гадлеўскія жылі там прынамсі з 1770-х».

Гэта была класічная працавітая сялянская сям’я. Хату, дзе нарадзіўся Гадлеўскі, на жаль, спалілі казакі ў 1915. Зямлі мелі мала, бацька быў выдатным цеслем, падрабляў і ў Вільні, і ў Варшаве. Сям’я ездзіла за ім. У Варшаве дагэтуль захаваўся дом, дзе жыў маленькі Вінцэнт. У фармаванні асобы Гадлеўскага гэтыя падарожжы адыгралі сваю ролю, як і бацькавы погляды -- пабожнасць ды беларускасць. Бацька памёр у 1919, а маці Гадлеўскі пасля забраў з Шурычаў. Яна перажыла забойства сына ў 1942-м і памерла пасля вайны.

Захавалася і тут цікавая гісторыя. Калі Гадлеўскі ў 1925 прыехаў у парафіяльны касцёл у Поразава, то сутыкнуўся з байкотам з боку ксяндзоў Ваўкавыскага дэканата за свае нацыянальныя погляды. Гадлеўскі апісваў гэты эпізод ва ўспамінах, сваю крыўду, як прыйшоў на магілу бацькі, адкуль яго выгнала паліцыя, што неадступна сачыла за ім…

Але нядаўна высветлілася, што гэтая гісторыя мела іншы падтэкст: ініцыятарам байкоту быў кс. Бурак, настаяцель касцёла ў Мсцібаве. У 1920, перад прыходам на Ваўкавышчыну бальшавікоў, той з’ехаў, кінуўшы сваіх парафіянаў. Не было каму адпраўляць духоўныя патрэбы, і ўвесь час бальшавіцкай акупацыі 1920 па просьбе людзей у іх служыў… Гадлеўскі з суседніх Шурычаў.

Уяўляеце, што значыла быць ксяндзом летам 1920 года? Калі бальшавікі запатрабавалі метрыкі, каб рабіць мабілізацыю, Гадлеўскі разам з закрыстыянам спаліў архіў. Бальшавікоў прагналі, вярнуўся кс. Бурак, але ў яго біяграфіі ўжо з’явілася адпаведная старонка. Гэта і абумовіла крыўду, якая вылілася ў інтрыгі ды байкот у 1925-м.

Ці стаяла за Гадлеўскім сіла?

Версіяў забойства Гадлеўскага багата. Былі прычынай «разборкі» ў найвышэйшых эшалонах нямецкай улады ці тое, што Гадлеўскі быў лідарам Беларускай незалежніцкай партыі?

«На маю думку, меў месца нейкі сярэдні варыянт, — тлумачыць Вашкевіч. — Гэтую ідэю выдатна выказаў Антон Шукелойць: маўляў, хто рэальна падыходзіў на ролю нацыянальнага лідара? Не Акінчыц, не Астроўскі, а менавіта Гадлеўскі. Але немцам не патрэбныя былі лідары — толькі пешкі».

Гадлеўскі цягам вайны займаў пасаду галоўнага школьнага інспектара, і паступова ў яго абмаляваўся выразны канфлікт з нацыстамі. Ідэйным германафілам Гадлеўскі не быў ніколі — гэта быў незалежнік. Немцаў як патэнцыйнага саюзніка Гадлеўскі пачаў разглядаць толькі ў 1939, пасля анексіі Чэхаславакіі, калі стала зразумела, што вайна будзе, і беларусы апынуцца ў цэнтры сусветнай завірухі.

Вось словы Гадлеўскага: «Чым гэтая бура скончыцца — немаведама. Адно для нас пэўнае, што калі б гэтая бура не абмінула беларускага народу, дык галоўным правілам для ўсіх беларусаў… павінна быць адно: абарона і захаванне беларускай нацыі. Да гэтага мы ўсе павінны ісці не толькі ў часе супакою, але тым болей у часе буры».

Займаючы афіцыйную пасаду галоўнага школьнага інспектара, Гадлеўскі быў адным з арганізатараў Самааховы — першага збройнага беларускага фармавання, дазволенага немцамі. Гадлеўскі ствараў сетку: аб’язджаў населеныя пункты, завязваў кантакты, шукаў людзей. Было багата кадраў з даваенных структураў кшталту ТБШ і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, якія Гадлеўскага падтрымлівалі.

У яго Жодзішках, якія падчас вайны ператварыліся ў цэнтр Смаргонскага павета, стварыўся адзін з наймагутнейшых атрадаў Самааховы. Менавіта таму ў 1943 па Жодзішках нанесла адзін з першых удараў польская Армія Краёва.

Існуе версія, што Гадлеўскага падставілі бальшавікі. І пра гэта будзе ў кнізе…

Чалавек Ідэі

Гадлеўскі быў чалавекам Ідэі — ідэі незалежнасці Беларусі. Пры гэтым ён заставаўся каталіцкім святаром. Высокаадукаваны чалавек, ён зрабіў другі ў найноўшай гісторыі Беларусі пераклад Евангелляў (першы належыць пратэстанту Дзекуць-Малею).

А ў 2008 годзе гродзенскі біскуп не дазволіў павесіць памятную шыльду ў гонар Гадлеўскага ў касцёле ў Жодзішках, хаця яна ўжо была гатовая і на ёй было напісана пра Гадлеўскага толькі як пра рэлігійнага дзеяча. Матывацыя біскупскай курыі: «Не будзем вешаць шыльды людзям, якія займаліся палітыкай». Затое ў тым самым 2008 годзе ў суседнім Войстаме «аднавілі» памятную шыльду ў гонар… Пілсудскага. Можа, маршалак быў рэлігійным дзеячам?

«Гадлеўскі загінуў як святар і нацыяналіст, — падагульняе Вашкевіч. — Па тым, як ён спалучыў працу ідэолага і практыка беларускага нацыянальнага руху, па чалавечых якасцях гэта была выключная асоба. Думаю, не памылюся, калі назаву яго Каліноўскім ХХ стагоддзя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?