У мангольскіх паселішчах шырокія вуліцы — па 50 метраў.

У мангольскіх паселішчах шырокія вуліцы — па 50 метраў.

Ночым у мячэце. Баян-Ульгій, Манголія.

Ночым у мячэце. Баян-Ульгій, Манголія.

Баян-Ульгій, Манголія.

Баян-Ульгій, Манголія.

Машына, гружаная скурамі. Баян-Ульгій, Манголія.

Машына, гружаная скурамі. Баян-Ульгій, Манголія.

Аўтаспын у пустэльні.

Аўтаспын у пустэльні.

Нас запрасіла на вячэру казахская сям’я.

Нас запрасіла на вячэру казахская сям’я.

Нема - так завуць кіроўцу, які вязе мяне да сталіцы.

Нема - так завуць кіроўцу, які вязе мяне да сталіцы.

Марсіянскі пейзаж.

Марсіянскі пейзаж.

Отка - самы вясёлы з усёй дальнабойніцкай кампаніі. Можа таму, што паціху налягае на гарэлачку ў кабіне?

Отка - самы вясёлы з усёй дальнабойніцкай кампаніі. Можа таму, што паціху налягае на гарэлачку ў кабіне?

Гір (юрта) — традыцыйнае мангольскае жытло з сонечнай батарэяй.

Гір (юрта) — традыцыйнае мангольскае жытло з сонечнай батарэяй.

Гір знутры.

Гір знутры.

Мангольскі далікатэс: сушаная авечая галава. Нёба было даволі смачнае.

Мангольскі далікатэс: сушаная авечая галава. Нёба было даволі смачнае.

Па бяскрайніх стэпах 20-гадовы мінчук вандраваў з сябрам Раманам Свечнікавым, з якім разам выпраўляўся з Мінска і спарадычна сустракаецца на шляху. Яны разам выехалі Беларусі, асобна пракаціліся па Расіі і Грузіі, пабачылі Арменію, з Ірана пераехалі ў Азербайджан, у Дагестане разышліся, зноўку сустрэліся ва Уфе (Башкірыя), пасля зноў разышліся. Бачыліся ў Новасібірску, потым тусаваліся разам на Алтаі і рушылі ў Манголію.

Пешага пераходу на мяжы Расіі і Манголіі няма. Мы прыходзім на мытню, і нам раяць пачакаць — хутка прыедуць мангольскія «чаўнакі», можа, возьмуць.
Сапраўды, праз паўгадзіны з’яўляецца цэлая калона ўазікаў. Яны едуць да бліжэйшай запраўкі, напаўняюць сотні каністраў палівам і разварочваюцца. Расійскае паліва каштуе ўдвая танней, чым у Манголіі. Адзін кіроўца махае нам рукой: сядайце, давязу. Папросіць грошы, мяркуем мы, але моўчкі сядаем. А ўжо на тэрыторыі мытні пачынаем сумную песню пра тое, як гэта — падарожнічаць без грошай. Твар кіроўцы сумнее, і нават магічнае «вакол свету» ўжо не выклікае яго цікавасці. Так ці інакш, мы паспяхова пераязджаем мяжу і кіруемся ў невядомасць.
Да першага горада ехаць больш за гадзіну, і я засынаю. Калі расплюшчваю вочы, высвятляецца, што дарога скончылася і мы ляцім проста па стэпе, па купінах, і выбоінах.
Гэтая трасяніна працягваецца досыць доўга. Навокал цямнее, і толькі святло нашых фар выбівае кавалачак прасторы перад машынай.
У Баян-Ульгій прыязджаем глыбокім вечарам. На галоўнай вуліцы — напаўразбураныя платы, бедныя юрты за імі, брудныя цагляныя крамы.
Трэба шукаць месца для сну.
Я гатовы грукаць у першую лепшую юрту, але Рома настойвае на закінутым будынку ці незавершанай будоўлі.
Непадалёк у цемры бачныя абрысы пяціпавярховікаў, і мы кіруемся туды.

Адзін з іх недабудаваны, напаўзаселены. Пакуль Рома правярае незавершаную частку, я заходжу ў жылую: можа, знайду пустую кватэру ці выхад на гарышча.

Вышыня лесвічнага пралёта наўрад ці перавышае два метры: разам з заплечнікам я не змяшчаюся, даводзіцца зняць. Прыступкі няроўныя, быццам лесвіца зробленая ўручную. Я даходжу да апошняга паверха, але ні пустых кватэраў, ні гарышча няма. Паўсюль ляжыць будаўнічае смецце, з-за дзвярэй далятае гоман сямейных спрэчак. Дзіўна, як увогуле людзі могуць жыць у кватэрах з двухметровай вышынёй столі.

Ідзём шукаць далей. Пейзаж навокал постапакаліптычны. У адным з двароў заўважаем вялізарны бак, у якім гарыць смецце. Побач — карова: ці то грэецца, ці то шукае штось у смецці.
Водбліскі полымя раптам выхопліваюць з цемры чалавека, які сядзіць на скрыні, нібы ў прастрацыі. Карова павольна выходзіць з бака, полымя адбіваецца ў яе вачах.

Вакол стаяць ці то гаражы, ці то жылыя халупы.

Пошукі прыводзяць нас да мячэта. На шчасце, менавіта ў гэты момант да яго прыязджаюць нейкія людзі. Мы пытаемся, ці можна тут пераначаваць. Людзі доўга раяцца, потым звоняць гаспадару і нарэшце даюць дабро.

Хуткасць ветру часам дасягае 20 м/с. У спалучэнні з марозам у 25—35°C гэта можа ўяўляць пагрозу для жыцця. Запасайся цёплай вопраткай і плануй маршрут так, каб мінімізаваць пераходы па адкрытай мясцовасці. Калі абутак недастаткова цёплы, можаш абгарнуць ногі паўзверх шкарпэтак газетамі. Сачы, каб бялізна і шкарпэткі былі чыстымі, гэта дапамагае захоўваць цеплыню.

У нашым распараджэнні — сто квадратных метраў халоднай падлогі. У мячэце мы начуем упершыню, і адразу паўстае пытанне, як класціся: нагамі да алтара ці галавой.
Абіраем нейтральнае «ўпоперак» і ўладкоўваемся ў куце пад батарэяй. Сярод ночы прыходзіць гаспадар, уключае падагрэў падлогі і жэстам паказвае нам: тут, маўляў, цёпла. Перабіраюся на цёплы лапік падлогі. Сняцца сутарэнні, цагляныя тупікі і люты-люты холад.
На наступны дзень мы блукаем па горадзе, разглядаем мясцовыя выбітнасці. На вуліцах паўсюль ляжыць смецце, калі яно сабранае ў кучу, яго тут жа і паляць.
Паўсюль ідзе будоўля: ставяць трох- і пяціпавярховікі, прыватныя катэджы. Банк, сімвал багацця любой краіны, уражвае беднатой: абшарпаныя сцены, выбітае шкло ў дзвярах, косткі пасярод газона.

У паветры стаіць водар незавершанасці, няўпэўненай беднаты: маўляў, цяпер абы-як, але ёсць, ёсць яшчэ шанец!..

Перад выхадам на трасу спрабуем прыгатаваць рыс, але вятрыла такі, што гарэлку задзімае, дый зімовая гаручая сумесь пачынае падмярзаць.
Ідзём у бліжэйшую хату, жэстамі паказваем, што хочам скарыстацца печкай. Гаспадыня дапамагае зварыць рыс, вучыць некаторым словам.
Ужо потым мы даведваемся, што ў гэтай частцы Манголіі жывуць пераважна казахі і вучыць яна нас, адпаведна, казахскай.
Калі рыс гатовы, мы збіраемся сысці, але заходзіць гаспадар і настойліва вяртае нас за стол. На стале з’яўляецца гарбата і прысмакі, гаспадар ставіць у печ позы — вялікія пельмені, згатаваныя на пары. Госці тут — нячастая з’ява, і ён хоча пачаставаць нас як след. З цяжкасцю з’ядаем па некалькі позаў і выкатваемся з дома. Гаспадары напакоўваюць наш кацялок даверху астатнімі позамі і махаюць на развітанне.

* * *

    Традыцыйная мангольская ежа складаецца з трох «м»: мяса, мука, малако. Падчас дзесяцідзённага падарожжа да сталіцы я еў некалькі камбінацыяў мукі і мяса ў рознай паслядоўнасці.

Бууц — гэта «мяса, загорнутае ў цеста». У расійскай культуры страва мае назву «позы». Гэткія вялікія пельмені, прыгатаваныя на пары.

Цуйван — гэта локшына ручнога прыгатавання, смажаная з мясам. Можа дадавацца морква і капуста. Да цуйвана звычайна падаецца свежая цыбуля.

Шул — тая ж локшына з мясам, але вараная. Мяса рэжацца на кавалкі, заліваецца вадой, туды ж кладуць косткі з мясам. За некалькі хвілінаў да гатоўнасці дадаецца локшына. Косткі з мясам могуць быць пададзеныя асобна, перад супам, а могуць быць раскладзеныя па талерках.

Пурсак — да супу і сутэй цая падаецца пурсак — прэсны мучны выраб, смажаны ў тлушчы. Пурсак звычайна гатуюць на некалькі дзён і захоўваюць у мяхах на холадзе.
    Сутэй (цагаан) цай — галоўны атрыбут мангольскай кухні. Зялёная гарбата з малаком, соллю і тлушчам. Гатуецца раніцай у вялікім аб’ёме, захоўваецца на працягу дня ў тэрмасах.

* * *

Да Улан-Батара каля 1800 км, якія мы плануем пераадолець за два дні.
Але, калі выходзім за горад, нашы надзеі разбіваюцца аб суровую мангольскую рэальнасць: дарог тут няма. Перад намі ляжыць стэп, спярэшчаны слядамі ад машын: ідзі, куды хочаш, лаві, каго хочаш.

Бартавы дзённік

13.08 — з’яўляецца першая машына. Махаем рукой, спыняецца. Абяцае адвезці на 20 км.

13.30 — прыехалі. «Вам — між тых гор, нам — проста». Вакол толькі стэп і вецер, дзесь між тымі гарамі Улан-Батар. «Я не баюся!» — кажа Рома. Ідзём указаным кірункам.

14.00 — машына на гарызонце! Яна праедзе за паўкіламетра ад нас. Трэба спяшацца!

14.10 — цьху, не паспелі. Бег з дваццаціпяцікілаграмовым заплечнікам па стэпе — не найлепшы занятак. Потныя, хутка змерзнем. Затое выйшлі на дарогу.

15.00 — МАШЫНА! Бягу напярэймы, махаю рукамі. Спыняецца. «Сядайце, таварышы!» — кажа жанчына. Абяцаюць адвезці нас да нейкага паселішча, за 70 км. Гэта быццам па дарозе.

16.30 — пункт прызначэння. Пераязджаем замерзлую раку, машыну некалькі разоў заносіць на лёдзе. Калі выходзім, жанчына пытае: «А заплаціць?» Кажам: няма грошай.

І ніводнага дрэва

Паселішча невялікае. За апошнімі дамамі бясконцая роўнядзь. Дзесь на гарызонце бачныя горы. Адтуль, з бясконцасці, панура брыдуць калматыя каровы і які. Трэба даведацца наконт машынаў і шукаць месца для начлегу.

Каля крамы да нас па-англійску звяртаецца жанчына. Яна расказвае, што дарога на Улан-Батар крыху ўбаку ад паселішча. Кажа, што сёння машынаў ужо не будзе, можа, будуць заўтра. На пытанне, адкуль яна ведае англійскую, гучыць адзіны магчымы адказ: выкладае англійскую ў мясцовай школе.

Што ж рабіць, да заходу сонца ёсць крыху часу і мы вырашаем агледзецца.

Цэнтральная вуліца падзяляе паселішча на дзве часткі: па адзін бок размешчаныя адміністрацыйныя ўстановы і дамы больш заможных жыхароў, па другі — бедныя хібары і юрты.
Мы знаходзім аддзяленні паліцыі і сувязі, два банкі і школу. Перад школай — бюст невядомага мангольскага героя, запаскуджаны птушкамі. Дзіцячыя прыбіральні стаяць за дваццаць метраў ад школы і маюць сапраўды лялечныя памеры. Сям-там — напаўразбураныя будынкі, акупаваныя мясцовымі каровамі. Штосьці не ўкладаецца ў галаве, цярэбіць падсвядомасць, але я доўга не магу ўцяміць, што менавіта. І раптам разумею: тут, у паселішчы на некалькі соцень двароў, няма ніводнага дрэва.

Радасць мець гасцей

Трэба дзесь начаваць, і мы вырашаем знайсці нашу настаўніцу. Нам тлумачаць, як прайсці да яе дома. Калі да яго застаецца пяцьдзясят крокаў, нам напярэймы выходзіць сталы казах. Ён пытае, што мы тут шукаем, а калі даведваецца, што нам няма дзе спаць, запрашае да сябе. «Дом, мой дом, — тлумачыць ён, — little, але — мой! Хадзем, спаць будзеш, кушаць. Не трэба грошай».

Дом мае памер 4х6 метраў і складаецца фактычна з аднаго пакоя. Печ пасярэдзіне фармальна аддзяляе ад агульнай прасторы зону спальні, дзе стаяць тры ложкі.
У іншай частцы — камода з тэлевізарам, невялікі стол, шафа з посудам. Каля дзвярэй вісіць рукамыйнік і брудны ручнік, ля супрацьлеглай сцяны — ляжанка. Жонка гатуе вячэру, гарэзяць дзеці. Дзяцей чацвёра, старэйшай каля дзесяці, малодшы яшчэ поўзае.

Гаспадар паказвае нам далейшы маршрут па дзіцячых контурных мапах, вучыць казахскім словам. Вячэраем.

Мы для гэтай сям’і, магчыма, першыя госці за колькі год.

На перавале

Наступным ранкам выбіраемся за паселішча, трымаемся ўказанага кірунку. Нам шэнціць: праз некалькі хвілін нас падбірае машына і вывозіць на трасу. Траса ў мангольскіх умовах — шчасце. Гэта значыць, ты не згубіш кірунак і машына не праедзе дзесь збоку.

Па гэтай шашы мы тэпаем некалькі гадзінаў, перш чым нас наганяе ўазік. Спыняецца, хоць і так набіты пад завязку. Спераду сядзяць тры чалавекі, ззаду — яшчэ пяць... Упершыню ў жыцці я еду ў багажніку ўазіка. На перавале мы мусім выйсці: нам традыцыйна налева, машыне традыцыйна проста.

На перавале вецер такі, што кожны крок даецца з цяжкасцю. Вусны замярзаюць, і я падымаю шалік вышэй. Пара асядае шэранню на бровах. На вейках — кропелькі лёду. Я міргаю, і вейкі змярзаюцца, даводзіцца церці вочы кулакамі.

Мы ідзём гадзіну, але ніводнай машыны няма. Спыняцца нельга — замерзнем. Хочацца верыць, што хутка будзе хоць які дом, дзе нас сагрэюць...

Мы ўжо амаль здаёмся, калі чуем за спінай гук матора: з’яўляецца караван з чатырох трохтонных хёндайчыкаў. Нам неверагодна шэнціць, машыны ідуць наўпрост да Улан-Батара.

Бартавы дзённік (праз некалькі дзён)

15.45 — учора ноччу пасярод пустэльні прабілі бак. Вакол гудзе вецер, немагчыма выйсці з кабіны: знясе. На бліжэйшыя 100 км — аніводнага паселішча, запраўка яшчэ далей. Паліва выцекла. Дзякуй Богу, астатнія кіроўцы заўважылі, вярнуліся, дапамаглі выправіць.

15.53 — пачынаецца снег. Дарогу перамятае. Адчуванне — быццам едзем па аблоках. Прыгожа.

15.57 — вецер мацнее. Кіроўца нервуецца, кажа — будзе бяда.

16.04 — страшная завея, пярэдняя машына знікае з далягляду. Зніжаем хуткасць да 20 км/г. Кіроўца забараняе мне здымаць, паказвае на неба — маліся, маўляў.

16.10 — з кабіны не бачна ні сонца (хоць на небе — аніводнага воблака), ні краю дарогі. Скідаем хуткасць да 10 км/г.

16.16 — раптоўна — дзве сустрэчныя машыны на адлегласці 15 м. Фары слепяць, ледзь пазбягаем сутыкнення.

16.30 — раптоўна буран сціхае. Спыняемся, шчаслівыя, чысцім машыны. Хутка будзе зноў, запэўніваюць кіроўцы.

Едзем далей.

17.01 — абапал дарогі з’яўляюцца пяціметровыя снегавыя «тарнада». Шарэе, снежная хуста зноў засціць сонца.

17.50 — бушуе навальніца. Спыніліся, я хацеў выйсці, але дзверы вырвала з рук. На шчасце, з завесаў не сарвала, але выкруціла так, што яны перасталі зачыняцца. Кіроўца вылаяў мяне. Дзверы захлопнуў, але засталася вялікая шчыліна...

18.35 — нарэшце — вёска. Тут жывуць сваякі майго кіроўцы, будзем начаваць у іх.

Дрэваў у паўднёвай Манголіі няма, але ты можаш выкарыстоўваць кізяк, сухі гной, каб раскласці вогнішча: гэта выдатнае паліва, якое дае высокую тэмпературу і доўгае полымя. Гэта, канечне, тычыцца незаснежаных участкаў — знайсці гной пад снегам будзе цяжка.

У юрце

Нарэшце гэты вар’яцкі дзень скончыўся. Я заходжу ў юрту і аглядаюся. Гэта першая ўтульная юрта, што я сустракаю, можа, таму, што тут заўсёдна жывуць, а не здаюць падарожнікам. Яна мае каля пяці метраў у дыяметры, пасярэдзіне — зенітнае акно. Пад акном металічная печка. На падлозе лінолеум светла-драўлянага колеру, сцены абабітыя тканым нябёсна-блакітным ядвабам. Каля супрацьлеглай ад увахода сцяны стаіць канапа, над ёй — дыванок і два чорна-белыя здымкі, перад ёй — невысокі доўгі стол. Па баках ложкі, вольная прастора сцен запоўненая трумо і камодамі, над ложкамі — дываны.

Усёй дальнабойшчыцкай гурмой (дзевяць чалавек) мы ўвальваемся ў гэтую выспу ўтульнасці, рассаджваемся па ложках і зэдліках. На сэрцы адразу становіцца цёпла і хораша.
Печка нягучна і ўпэўнена гудзе, дзве свечкі на стале асвятляюць юрту дрыготкім святлом. Дзесь там па-ранейшаму вецер, завіруха, але яны ўжо не страшныя.

На стале з’яўляецца трохлітровы тэрмас з гарбатай. Маладая гаспадыня разлівае яе па піялах, падае спачатку старому гаспадару, а потым і астатнім па коле. Яе маці гатуе локшыну і варыць суп.

Пасля вячэры выходжу на вуліцу астудзіцца. Навальніца прыціхла, і я вырашаю прабегчыся да краю вёскі. Вуліца мае 50 метраў ушыркі і каля 500 удоўжкі, яна працінае вёску наскрозь, пачынаючыся і сканчаючыся ў бязмернай снежнай прасторы.

За апошнім домам — белая бясконцасць. Здаецца, зрабі крок — і ніколі не вернешся, сыдзеш з людской памяці, так і будзеш блукаць у вечнасці.

Бегам вяртаюся дамоў, хаваюся ад вялікага чорнага сабакі, які з брэхам гоніцца за мной.

Час спаць. Стол адсоўваюць, гаспадыня сцеліць на падлозе матрацы. Шчыльна, адзін да аднаго, уладкоўваемся ў спальнікі, а гаспадыня са смехам завальвае нас таўшчэзнымі коўдрамі...

* * *

    Мангольскі ФМ

    Падчас усяго падарожжа кіроўца мучыў мяне нейкай сумессю кітайскай папсы, Мусліма Магамаева і ваяўнічых напеваў Чынгіз-Хана. Калі даводзілася адключаць фм-мадулятар, кіроўца спяваў сам. Вось тры запісы з радыё, якія дапамогуць скласці агульнае ўяўленне пра папулярную мангольскую музыку.

* * *

Кізяку пашкадавалі

На наступны дзень п’яны мясцовы на легкавіку чапляе адну з нашых машын, на што мой кіроўца адказвае адназначна: спрабуе адламаць ад легкавіка люстэрка. Завязваецца сур’ёзная бойка, мы разнімаем. Тут заставацца болей нельга.

У бліжэйшым горадзе спыняцца таксама небяспечна: той легкавік толькі што абагнаў нас і прыехаў сюды.
У нас зноў непаладкі, але мне ўжо ўсё роўна: я магу думаць толькі пра тое, як не памерці ад холаду. У машыне не працуе печка, тэмпература значна ніжэйшая за нуль. З маіх дзвярэй і акна паддзімае. Я спрабую скурчыцца так, каб абараніцца ад скразняку з дзвярэй і пры гэтым не прыціскацца да ледзяной спінкі.

Часам правальваюся ў няпэўны сон, часам проста сяджу і гляджу перад сабой, намагаючыся мінімізаваць рухі і цеплааддачу. А трэцяй ночы мы нарэшце спыняемся. Нам з Ромам выдзяляюць асобную юрту. Гаспадыня распальвае печку, але відавочна шкадуе паліва. Гэта смешна, бо печкі тут топяць кізяком, сухім гноем. «Лайна пашкадавала», — жартуем мы з Ромам, не распранаючыся, залазім у ложак і накрываемся двума спальнікамі.

Па чутках, заўтра ўвечары мы будзем ва Улан-Батары. Цяжка паверыць, бо да яго кіламетраў семсот.
Так ці інакш, за тыдзень дарогі мы праехалі тысячу кіламетраў (тое, што звычайна можна пераадолець за дзень), памянялі колы больш за 20 разоў, прабілі ў пустэльні бак, зламалі печку, шкло, пасажырскія дзверы і пабіліся з мясцовымі. Ты-дзень мы харчаваліся мясам і мукой у розных камбінацыях. Цяжка ўявіць, што чакае наперадзе, але на аднастайнасць жыцця скардзіцца няма як.

Я глыбей ныраю пад спальнік, прыціскаюся да Ромы і засынаю.

* * *

    Манголія — вялізная маланаселеная краіна ў Азіі. Займае стэпы і пустыні між расійскай Сібір’ю і Кітаем. Пасля кароткага перыяду імперыі Чынгізідаў краіна трапіла пад уплывы Кітая. У ХХ ст. стала пратэктаратам Савецкага Саюза. Пасля падзення СССР улады Манголіі ўраўнаважылі ўплывы магутных суседзяў цеснымі сувязямі з ЗША.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?