Паветраны шар: беларускае мужчынскае апавяданьне / Вячаслаў Адамчык, Аляксандар Апон, Арцём Арашонак і інш. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. — 334 с. (Кнігарня «Наша Ніва»)

У кнігу ўвайшлі найлепшыя мужчынскія апавяданьні 1991 —2007 гадоў у выбарцы «Нашай Нівы».

Гэта апавяданьні: Вячаслава Адамчыка, Аляксандра Апона, Арцёма Арашонка, Уладзімера Арлова, Ігара Бабкова, Аляксея Бацюкова, Васіля Быкава, Лявона Вольскага, Адама Глёбуса, Андрэя Дынька, Севярына Квяткоўскага, Леаніда Маракова, Вінцэся Мудрова, Уладзімера Някляева, Сержука Сокалава і інш. — усяго 30 аўтараў.

Прадмову да кнігі напісаў Даніла Жукоўскі

***

Sinn fein

Прадмова‑страшылка

Калі пад словам «час» разумець суплёт абставінаў, дык гэтая кніга спароджаная часам. Шкада, што абставіны, яе сфармавалі, адмоўна паўплывалі на беларускую культуру і агульны духоўны стан нацыі.

Чым можна патлумачыць, што на старонках аднаго зборніка сустрэліся амаль кандыдат на Нобэлеўскую прэмію Васіль Быкаў, прафэсіяналы Вячаслаў Адамчык Ўладзімір Арлоў і малавядомыя аўтары, для якіх ня будзе крыўдным нават азначэнне «пачаткоўцы»? Іх аб’ядноўвае толькі тое, што іхнія творы друкаваліся ў адной газэце. Тэматычным і эстэтычным асаблівасцям тэкстаў, гэтаксама як персанальнаму складу аўтараў аніяк ня выпадае прэтэндаваць на ролю цэменту для зборніка. Тлумачэннем для з’яўлення такога выдання можа быць толькі шырэйшы погляд на сітуацыю ў свеце з, так бы мовіць, вокнаў «Нашай Нівы».

Выглядае, беларускі рух збольшага стагоддзе пратаптаўся на месцы. Гэтак дзеі суполкі «Загляне сонца ў наша ваконца» ў пераказе Ю. Туронка [кніга «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі»] чытаюцца як рэпартаж з паседжання будзь‑якое «нефармальнае» арганізацыі перабудовачнага часу, наклад адноўленае «Нашае Нівы» ў апошнія гады пасуе хутчэй да пачатку ХХ стагоддзя, чымсьці ХХІ‑га, колькасць беларускіх школаў імкліва набліжаецца да паказчыкаў «дакастрычніцкага пэрыяду»…

Надзвычай лёгка адшукаць адваротныя прыклады: нацыянальную бібліятэку, нацыянальны тэатар, ўнівэрсітэты, — але ўсе гэтыя праявы нацыянальнага развіцця не адменяць таго факту, што «НН» нашага часу нашмат больш падобная да «НН» 1906‑га году, чымсьці даспадобы свядомым беларусам. Як не адменіць слушнасць гэткае высновы тое, што найбольш пашыраныя тэмы твораў са зборніка: заглыбленне ў уласную свядомасць, жыццёвыя турботы творчых работніаў, палітычная сатыра й палітычная ж фантастыка — не належалі да стрыжнявых у старой «Нашай Ніве». Жыццё змянілася, змянілася нешта і ў нашаніўскім коле, але месца нашаніўскага кола ў шырэйшым грамадскім кантэксце захавалася амаль што нязменным.

Прадстаўленых у кнізе аўтараў аб’яднала пад адной вокладкай знешняя сіла, і гэтая сіла варожая беларушчыне. Усведамленне наяўнасці гэткае сілы звонку, адчуванне малалікасці нацыянальна свядомае грамады і прага нацыянальнага развіцця зліліся і зрабіліся імпульсам што для да абрання аўтарамі тэмаў для творчасі, што для пісання імі тэкстаў, што для іхняга звароту менавіта ў гэтую газэту, што для адбору, рэдагавання й публікавання тэкстаў рэдакцыяй.

Канешне, нельга прасякацца дэтэрмінізмам дарэшты. Хай сабе перадумовы часу (суплёт абставінаў) былі ў найважнейшым агульнымі, вынікі ў Ул. Арлова і А. Ліцвіна, у В. Адамчыка і П. Севярынца, у Л. Маракова і А. Бацюкова атрымаліся вельмі рознымі, што адбівае індывідуальнае бачанне сітуацыі, розныя сістэмы прыярытэтаў, ня кажучы ўжо пра адрозныя эстэтычныя прыхільнасці. Але ў цэлым… у цэлым гэтая кніга ёсць сведчаннем таго, чаго мы, свдамыя беларусы, дамагліся з таго, за што змагаемся.

Хочаце ведаць, што адбываецца, калі абуджэнне нацыі з, агулам беручы, хутчэй адмоўным чымсьці станоўчым вынікам доўжыцца больш за стагоддзе? Чытайце ўважліва.

Даніла Жукоўскі, травень 2007 году

***

Шукайце новую кнігу ў незалежных распаўсюднікаў і кнігарнях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0