У Беларусі ўводзіцца магчымасць продажу маёмасці, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, уключаючы зямельныя ўчасткі, шляхам правядзення электронных таргоў. Гэта прадугледжана ўказам № 14, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 студзеня.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, дакумент накіраваны на ўдасканальванне механізму правядзення аўкцыёнаў (конкурсаў).

У мэтах стварэння адзінай і празрыстай сістэмы правядзення таргоў па продажы маёмасці, што знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і ў камунальнай уласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, ураду прадастаўлена права ўстанаўлення адзінага парадку правядзення аўкцыёнаў (конкурсаў) па продажы такой маёмасці.

Указам устанаўліваецца гранічны тэрмін заканчэння прыёму заявак на ўдзел у аўкцыёне (конкурсе) — не пазней чым за тры працоўныя дні да даты яго правядзення — і замацоўваецца магчымасць рэалізацыі маёмасці асобе, якая стала адзіным удзельнікам аўкцыёну (конкурсу) не толькі ў сілу адсутнасці заявак ад іншых асоб на ўдзел у ім, але і ў выніку няяўкі на аўкцыён (конкурс) іншых асоб, якія падалі заяўкі на ўдзел. У такім выпадку маёмасць можа быць прададзена адзінаму ўдзельніку па пачатковай цане, павялічанай на 5%.

Акрамя таго, дакументам прадугледжана магчымасць накладання штрафу на нядобрасумленных удзельнікаў аўкцыёну (конкурсу), па віне якіх ён прызнаецца невыніковым або яго вынікі анулюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?