Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і зарэгістраванае ў Літве аб’яднанне «Праваабарончы альянс» звярнуліся ў Чырвоны Крыж з просьбай у межах кампетэнцыі гэтай арганізацыі дабіцца выканання правоў Дзмітрыя Дашкевіча. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі гэтых аб’яднанняў Гары Паганяйла і Людміла Гразнова 18 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ.

Заява пададзена 18 ліпеня ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама будзе адаслана ў Міжнародную федэрацыю Чырвонага Крыжа.

У дакуменце зазначаецца, што Д.Дашкевіч быў асуджаны па артыкуле 193‑1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), які «беларускія праваабаронцы падвяргаюць рэзкай крытыцы, бо ён супярэчыць Канстытуцыі краіны і міжнародным актам па правах чалавека, ратыфікаваных урадам Рэспублікі Беларусь».

Праваабаронцы нагадваюць, што Д.Дашкевіч прызнаны сусветнай праваабарончай арганізацыяй «Міжнародная амністыя» вязнем сумлення, і прыводзяць шэраг фактаў парушэння правоў маладога чалавека як падчас следства, гэтак і падчас утрымання ў калоніі.

У прыватнасці, у заяве ўказваецца, што падчас следства Д.Дашкевіча змясцілі ў адну камеру з хворым на туберкулёз, гепатыт і ВІЧ‑інфікаваным. Яшчэ да разгляду касацыйнай скаргі на прыгавор Д.Дашкевіч быў адпраўлены ў калонію № 17 Шклова (Магілёўская вобласць). Таксама прыводзяцца факты ціску на Д.Дашкевіча з боку адміністрацыі гэтай калоніі.

«Ацэньваючы факты, становіцца відавочным, што ў дачыненні да Дашкевіча прымянялася цэлая сістэма вытанчаных, жорсткіх мер, негуманныя адносіны, што мяжуюць з катаваннямі. Усё гэта скіравана на падаўленне яго волі, нанясенне ўрону здароўю маладога чалавека, падштурхоўвае яго да кардынальных мер пратэсту — такіх як галадоўка, ставіць пад пагрозу жыццё маладога палітыка і вязня сумлення», — гаворыцца ў заяве.

Заява пададзена ад імя дзвюх арганізацый, паколькі Чырвоны Крыж прымае заявы толькі ад арганізацый. Таксама дакумент падтрымалі экс‑кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, палітык Павел Севярынец, пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэт Ніл Гілевіч, кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў і іншыя вядомыя людзі.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0