«Ведаеце, мы гэтаксама нічога не ведаем, як і вы. Сядзім і чакаем. У нас жа спачатку павінен быць сход акцыянераў. І толькі потым адбудуцца нейкія змены», — расказваюць ў «Народнай газеце».

Яна ўвайшла ў лік чатырох дзяржаўных выданняў, якія вырашылі рэарганізаваць і аб’яднаць з «СБ». На гэты конт інфармагенцтва БелТА суха паведаміла: «Міністэрству інфармацыі даручана на працягу 15 дзён унесці на разгляд ураду праект адпаведнай пастановы. Кантроль за выкананнем распараджэння ўскладзены на Адміністрацыю прэзідэнта».

Чуткі пра змены ўзнікалі неаднаразова. Паведамлялася, што ў 2013 годзе на базе газеты «Советская Белоруссия» будзе створаны грамадска-палітычны холдынг. У самым канцы 2012 года быў арганізаваны выдавецкі дом «Звязда», які аб’яднаў аднайменную газету з літаратурна-мастацкай дзяржаўнай прэсай. Але, нягледзячы на ўсё гэта, у бюджэце на 2013-ы год прадугледжаная фінансавая падтрымка газет, якія зараз раптам сабраліся рэарганізаваць.

Што будзе з супрацоўнікамі рэдакцый газет — таксама невядома. Сакратарка прыёмнай «Знамя Юности» неахвотна паведамляе, што пра свой лёс нічога не ведае.

«Акрамя той інфармацыі, якая прайшла па БелТА, я зараз нічога не ведаю».

Тое самае і ў рэдакцыі «Беларускай нівы». Там мне расказваюць, што кіраўніцтва выдання ўвесь час альбо на нарадах, альбо ў раз’ездах. А супрацоўнікі пра закрыццё газеты даведаліся толькі ўчора.

«Мы яшчэ абсалютна нічога не ведаем. Ніводны чалавек з нашых супрацоўнікаў нічога не ведае. Мы чулі, што будзе холдынг. Ішла размова. Але не больш».

Больш за ўсіх ведаюць у Міністэрстве інфармацыі. Там расказваюць, што «усе аддзелы Міністэрства патроху займаюцца гэтым пытаннем», і што «афіцыйная заява міністра аб далейшым развіцці падзей будзе неўзабаве».

Чуткі тым часам разыходзяцца самыя неверагодныя.
Нават пра тое, што «Советская Белоруссия» пасля рэарганізацыі стане штодзённай газетай і «патаўсцее» ў некалькі разоў. Але даведацца нешта ў самой рэдакцыі «СБ» няма ніякай магчымасці. Аб гатоўнасці альбо негатоўнасці аддзела кадраў гэтага выдання прыняць да сябе супрацоўнікаў адразу чатырох дзяржаўных выданняў там гаварыць пакуль не гатовыя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?