Між тым палітолагі з краін Заходняй Еўропы і ЗША, да якіх звярнуліся па каментары карэспандэнты BNS, былі настроеныя больш скептычна і казалі, што не вераць у гэты праект.

Удзельнікі сустрэчы экспертаў у галіне замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі, што праходзіць ў Тракаі, сказалі, што

больш за ўсё яны цяпер чакаюць, які шлях — інтэграцыю ў ЕС або ў ствараную Расіяй структуру — абярэ Украіна.

«Нам вядома, што гэтыя працэсы ідуць, нам вядома, што ёсць амбіцыі стварыць Еўразійскі саюз. Калі нехта лічыць, што гэта нейкая гучная палітычная заява, то, на маю думку, яны памыляюцца», — сказаў журналістам Лінкявічус пасля завяршэння ў Тракаі традыцыйнай «Снежнай сустрэчы».

Еўразійскі мытны саюз (ЕМС), у які цяпер уваходзяць Расія, Беларусь і Казахстан, у апошнія гады стаў адным з прыярытэтаў Масквы. Расія хацела б, каб да 2015 года ён перарос у Еўразійскі эканамічны саюз.

Цяпер у камісіі па справах ЕМС працуе больш за тысячу чалавек, летась прыступіў да працы суд ЕМС.

Некаторыя аглядальнікі называюць гэта выклікам праекту ЕС «Усходняе партнёрства», таму што ўсходнім суседзям ЕС давядзецца выбраць адзін з гэтых шляхоў.

Былы міністр абароны Польшчы, чалец сената Польшчы Богдан Кліх назваў Еўразійскі саюз перш за ўсё палітычным праектам, з дапамогай якога Масква імкнецца прадэманстраваць свой уплыў.

«Я б не стаў залішне раздзімаць канцэпцыю Еўразійскага саюза. У мяне ўражанне, што гэта ў большай ступені палітычны праект, хоць у яго ёсць і эканамічнае вымярэнне», — сказаў Кліх.

На яго думку, канкурэнцыю паміж Масквой і Брусэлем найбольш прыкметна адчуе Украіна.

Між тым прадстаўнік нямецкага Фонду Маршала Канстанц Штэльцэнмюлер на пытанне, ці ёсць праект Еўразійскага саюза выклікам для Захаду і рэгіёну Усходняй Еўропы, адказала: «Не, не думаю».

«Гэта расійская імітацыя заходніх структураў без разумення як нарматыўнай культуры гэтых структур, так і кантэксту.
Таму я не думаю, што гэта рэальна ў нешта выльецца. Не думаю, што ў яго (саюза) ёсць будучыня», — сказала германскі эксперт.

«Сутнасць у тым, што мы больш не жывем у перыяд халоднай вайны, і сёння нават магутныя краіны (а Расія ўсё яшчэ магутная краіна) павінныя ўмець пераконваць, іншымі словамі, яны маюць патрэбу ў мяккай моцы. Мяккая моц Расіі абмежаваная нават у яе па суседстве. Паколькі суседства крохкае, паколькі многія краіны на захад ад Расіі не ўпэўненыя ў сваім лёсе, Расія ўсё яшчэ можа крыху прыстрашыць, трохі напалохаць, але насамрэч у яе няма пазітыўнай волі пераканання. З адной простай прычыны: сама Расія — не ўзор для пераймання», — сказала Штэльцэнмюлер.

Дырэктар парыжскага Фонду стратэгічных даследаванняў Каміль Гран сказаў, што Масква з дапамогай гэтага праекта імкнецца ўмацаваць лідарства, аднак гэта можа падацца прымальным не ўсім постсавецкім краінам.

«Зразумела, гэта спроба Расіі ўмацаваць лідарства ў найбліжэйшым замежжы. Я не ўпэўнены, ці будзе гэта працаваць, таму што інтарэсы ўдзельнікаў могуць заключацца ў іншым — у больш блізкіх адносінах з ЕС або па іншых напрамках. Няясна, ці атрымае дынаміка развіццё», — сказаў Гран.

Навуковы супрацоўнік вашынгтонскага аналітычнага цэнтра Atlantic Council Роберт Нурык сказаў, што

Еўразійскі саюз накіраваны не столькі на аднаўленне Савецкага Саюза, колькі на звязванне рознага кшталту пагадненняў з Масквой краін так званага блізкага замежжа, а таксама на тое, каб не дазволіць ім інтэгравацца на Захад.

«Я не думаю, што гэта спроба аднавіць Савецкі Саюз з адной простай прычыны — я не думаю, што Расія хацела б узяць на сябе тую адказнасць, якая паўстане разам з гэтым працэсам. Я мяркую, што яны хочуць павагі і дамінавання, гэта не пытанне змены інстытуцыйных сувязяў. Па сутнасці гэта азначае, што ёсць камплект пагадненняў, які вельмі абцяжарыць далейшую інтэграцыю гэтых краін на Захад. Думаю, што гэта вельмі важны прыярытэт для Уладзіміра Пуціна», — сказаў амерыканскі эксперт.

«Я лічу, што яму давядзецца расчаравацца. Ва ўсялякім выпадку наколькі гэта звязана з Еўразійскім саюзам, бо гэтыя мэты звязаныя з абмежаваннем суверэннасці краін, а большасць гэтых краін вельмі хочуць яе захаваць», — сказаў Нурык, падкрэсліўшы, што «вялікі прыз» у ініцыяваным Расіяй працэсе — гэта Украіна.

Міністр замежных справаў Грузіі Мая Панджыкідзэ заявіла, што Еўразійскі саюз яе краіну не цікавіць.

«Адзіны саюз, да якога мы б далучыліся, будзе ЕС, а адзіны альянс, у які мы ўступім — НАТО», — сказала міністр.

Саміт «Усходняга партнёрства» ЕС у лістападзе адбудзецца ў Вільні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?