Былая гасцініца «Беразіна» ў Бабруйску, дзе ў 1930-я размяшчалася НКВД.

Былая гасцініца «Беразіна» ў Бабруйску, дзе ў 1930-я размяшчалася НКВД.

Сутарэнні гасцініцы, дзе, магчыма, трымалі і катавалі вязняў.

Сутарэнні гасцініцы, дзе, магчыма, трымалі і катавалі вязняў.

Вёска Суцін у наш час. Ці не гэтай дарогай звозілі з дому ахвяраў тэрору?

Вёска Суцін у наш час. Ці не гэтай дарогай звозілі з дому ахвяраў тэрору?

Ужо амаль дзесяць гадоў я займаюся генеалагічным даследаваннем сваёй радзіны, якая па матчынай галіне паходзіць з вёскі Суцін, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Я зацікавіўся лёсам жыхароў ваколіцы, прозвішчы якіх былі пералічаныя ў дарэвалюцыйным перапісе землеўласнікаў Мінскай губерніі, і

мне адкрылася жахлівая карціна: у вёсцы, якая налічвала 40–50 двароў, у 1920 г. і 1937—1938 гг., было растраляна 27 чалавек.
Усе мужчыны — чыесьці бацькі, дзяды, дзеці… Толькі Скіндзераў было забіта сем чалавек. Уразіў трагічны лёс трох родных братоў Татураў: Антона, Віктара, Язэпа, сыноў Мартына, адпаведна 1905, 1902, 1909 гадоў нараджэння, маладых, моцных мужчын. Яны былі расстраляныя ў Бабруйску ў адзін дзень — 13 студзеня 1938 года. Стары Новы Год… У той жа дзень, у тым жа будынку бабруйскага НКВД, які месціўся ў былой гасцініцы «Бярэзіна», разам з братамі Татурамі, былі забітыя тры брата Сікілеўскія: Апалінары, Геранім і Станіслаў, 1884, 1890, 1909 г.н. А разам з імі — аднавяскоўцы-суцінцы: Іосіф Панятоўскі, Іван Мітрыкевіч, Станіслаў Скіндзер, Фларыян Гурэцкі. Расстрэл, забойства ў адзін дзень дзесяці аднавяскоўцаў, целы якіх былі закапаныя недзе пад Бабруйскам, неяк не ўкладваецца ў галаве, не паддаецца асэнсаванню.
Да гэтага часу ўлады адмаўляюцца назваць месцы пахаванняў нявінна забітых людзей, да гэтага часу іх родныя не могуць пакласці кветкі на іх магілы, паставіць крыжы.
Споўнілася 75 гадоў ад таго «святкавання» старога Новага года ў бабруйскім НКВД.

Пра гэта цяжка пісаць, але

гэты мартыралог павінен убачыць свет, бо паціху адыходзяць дзеці нявінна забітых людзей, а з імі, пакрысе, знікае і памяць аб іх.
Вось спіс суцінцаў, закатаваных у 1920-30-я. Адзначу, што ён няпоўны,
гэта толькі прозвішчы людзей і іх нашчадкаў, якія мелі ўласную зямлю ў Суціне да 1917 года і былі каталікамі па водле веравызнання. Акрамя іх былі таксама і суцінскія праваслаўныя, і людзі, што прыехалі на сталае жыхарства ў Суцін пасля рэвалюцыі, і суцінскія габрэі.
Нікога не абмінула гэтая страшэнная навала.
Акрамя закатаваных, было шмат людзей, якім «пашанцавала»: 3, 5 і 10 год высылкі ў паўночныя выпраўляльна-працоўныя лагеры здаваліся не самым горшым на той час.

Пералічваючы расстраляных суцінцаў, я пазначаў дату нараджэння ў Суціне, дату смерці і месца пахавання:

Булгак Геранім Станіслававіч (1855–01.10.1937 (г. Мінск)).

Гурскі Карл Ігнатавіч (?-01.10.1920 (г. Чэрвень)).

Гурскі Феліцыян Карлавіч (1884–01.10.1920 (г. Чэрвень)).

Гурэцкі Фларыян Карлавіч (15.09.187513.01.1938 (г. Бабруйск)).

Леановіч Казімір Кіпрыянавіч (1908–21.02.1938 (п. Пугвін Мыс, Пермская вобласць)).

Мітрыкевіч Іван Андрэевіч (1899–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Панятоўскі Антон Антонавіч (1875–01.10.1920 (г. Чэрвень)).

Панятоўскі Іосіф Вікенцьевіч (1894–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Панятоўскі Казімір Каэтанавіч (?-01.10.1920 (г. Чэрвень)).

Панятоўскі Юльян Ігнацьевіч (1902–01.02.1938 (г. Мінск)).

Сікілеўскі Апалінары Карлавіч (1884–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Сікілеўскі Геранім Карлавіч (1890–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Сікілеўскі Станіслаў Карлавіч (1909–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Скіндзер Антон Францавіч (1880–21.02.1938 (п. Пугвін Мыс, Пермская вобласць)).

Скіндзер Альберт Антонавіч (1908–21.02.1938 (п. Пугвін Мыс, Пермская вобласць)).

Скіндзер Віктар Эдуардавіч (1896–1939 (п. Пугвін Мыс, Пермская вобласць)).

Скіндзер Баляслаў Карлавіч (1910–31.08.1937 (г. Меднагорск, Арэнбургская вобласць)).

Скіндзер Станіслаў Дзянісавіч (1870–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Скіндзер Ян Уладзіслававіч (1892 — 01.10.1920 (г. Чэрвень)).

Скіндзер Карл Францавіч (?-01.10.1920 (г. Чэрвень)).

Татур Антон Мартынавіч (1905–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Татур Віктар Мартынавіч (1902–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Татур Іосіф Мартынавіч (1909–13.01.1938 (г. Бабруйск)).

Хаткевіч Пётр Ігнатавіч (1882–19.10.1937 (г. Мінск).

Шпакоўскі Віктар Антонавіч (1884–14.11.1937 (г. Смаленск)).

Шпакоўскі Віктар Кіпрыянавіч (1911–23.02.1938 (п. Пугвін Мыс, Пермская вобласць)).

Шпакоўскі Станіслаў Кіпрыянавіч (1901–23.02.1938 (п. Пугвін Мыс, Пермская вобласць)).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?