Вартаўнік мінскай аўтастаянкі Васіль Сарочык 14 студзеня абскардзіў у гарадской пракуратуры Мінска пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу і расследавання па крымінальнай справе ў дачыненні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС сталіцы, якія, магчыма, бралі ўдзел у яго збіванні.
Пра гэта паведаміў кіраўнік праваабарончай арганізацыі Platform Innovation Андрэй Бандарэнка.

Паводле яго слоў, у тэкст скаргі Сарочыка ўвайшла экспертыза юрыстаў гэтай арганізацыі, якая зводзіцца да таго, што «орган крымінальнага пераследу не прыняў усіх прадугледжаных законам мер па ўсебаковым, поўным і аб`ектыўным даследаванні акалічнасцяў крымінальнай справы, з-за чаго прыйшоў да неабгрунтаванай высновы аб адсутнасці саставу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў АКВ Ленінскага РУУС Мінска».

Нагадаем, у канцы снежня стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Мінска, удзельнікаў інцыдэнту з Васілём Сарочыкам, спынена.

Інцыдэнт адбыўся 14 лістапада. Паводле слоў Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не прад`яўляючы дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіроўвацца ў Ленінскае РУУС. Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай часці ўпраўлення, а затым яго адвялі на допыт. Пазней высветлілася, што допыт праводзіла оперупаўнаважаная Ленінскага РУУС Багданоўская Ж. П. Паводле слоў Сарочыка, оперупаўнаважаная надзела на яго наручнікі і стала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машын. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дабіцца прызнання аб тым, што ён перыядычна рабаваў кіёскі на рынку «Свелта».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?