Велічыня адмоўнага сальда знешнегандлёвых аперацый з Расіяй павялічылася з 2 млрд. 675,9 млн. долараў у студзені‑маі 2006 года да 2 млрд. 710,2 млн. долараў у студзені‑маі 2007 года.
Асноўнай крыніцай фармавання адмоўнага сальда знешняга гандлю з’яўляюцца экспартна‑імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектавальныя). За пяць месяцаў у краіну ўвезена прамежкавых тавараў на 7 млрд. 271,5 млн. долараў, або на 19,4% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Экспарт прамежкавых тавараў склаў 5 млрд. 987,6 млн. долараў. Велічыня адмоўнага сальда знешняга гандлю прамежкавымі таварамі павялічылася з 697,5 млн. долараў у студені‑маі 2006 года да 1 млрд. 283,9 млн. долараў у студзені‑маі 2007 года.
Энергетычныя тавары займаюць 46,6% экспарту і 46,2% імпарту прамежкавых тавараў. На знешні рынак іх пастаўлена на 2 млрд. 788,4 млн. долараў, што на 10,2% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым склалася адмоўнае сальда гандлю энерганосьбітамі ў 523,9 млн. долараў, у той час як у студзені‑маі 2006 года яно было станоўчым і складала 43,6 млн. долараў.
Істотны рост адмоўнага сальда знешняга гандлю энергетычнымі таварамі звязаны найперш са спыненнем экспартных паставак нафты, аб’ём якіх за пяць месяцаў складаў 292,6 млн. долараў, і ростам вартаснага аб’ёму імпарту прыроднага газу (на 436,8 млн. долараў), выкліканым павелічэннем яго цаны больш чым удвая. Пры гэтым адбылося зніжэнне вартаснага аб’ёму імпарту нафты (на 140,1 млн. долараў) з‑за змяншэння на 17,7% паставак у колькасным выражэнні.
Іншых прамежкавых тавараў імпартавана на 3 млрд. 909,2 млн. долараў (на 29,1% больш), экспартавана — на 3 млрд. 199,2 млн. долараў (на 39,9%). Велічыня адмоўнага сальда знешняга гандлю іншымі прамежкавымі таварамі зменшылася на 31,1 млн. долараў.





