За апошнія паўгода беларускі рубель дэвальваваўся на 5%. Панічныя настроі насельніцтва Нацбанку ўдалося збіць, і рубель працягвае адступаць павольна. Ці хопіць у эканомікі рэзерваў, каб засцерагчыся ад далейшага падзення? «Наша Ніва» параўноўвае сённяшнюю сітуацыю з той, якая склалася перад дэвальвацыяй 2011 года.

Рост заробкаў

2013. Па звестках за лістапад 2012, сярэдні заробак беларусаў склаў $497. У снежні за кошт прэмій і надбавак ён вырас яшчэ больш. За паўгода даляравы заробак павялічыўся на 14%! Ці сталі настолькі ж лепей працаваць беларусы — рытарычнае пытанне.

2011. У красавіку 2011 года сярэдні заробак беларусаў складаў $513, канчаткова пераадолеўшы псіхалагічную мяжу. За паўгода заробак у даляравым эквіваленце тады падскочыў на 16%. Тым больш балюча было падаць: неўзабаве заробак абваліўся ледзь не удвая.

Скупка валюты

2013. Атрыманыя грошы трэба кудысьці ўкладаць, і адзін з самых папулярных варыянтаў у беларусаў — назапашванне валюты. Чым большы заробак, тым больш удаецца адкласці. З пачатку восені насельніцтва набыло валюты на $650 мільёнаў больш, чым было прададзена. Яшчэ $210 мільёнаў скупілі юрыдычныя асобы, апроч банкаў.

2011. Адчуўшы пах дэвальвацыі, за студзень-красавік 2011 беларусы вынеслі з абменнікаў на $850 мільёнаў больш, чым здалі. У красавіку па валюту ўжо стаялі чэргі. Юрыдычныя асобы скупілі яшчэ $760 мільёнаў.

Рост цэнаў

2013. Пасля святкавання Новага года пайшлі ў рост цэны. Іх стрымлівалі, каб укласціся ў гадавы план па інфляцыі, а цяпер адпусцілі. У выніку за першы тыдзень студзеня яны выраслі на 1,5%. Агулам жа за апошнія чатыры месяцы — на 8%. Для суседніх краінаў такая лічба выглядала б катастрафічнай, але для Беларусі, у параўнанні з папярэднімі гадамі, нават пазітыўнай.

2011. У студзені-красавіку 2011 года інфляцыя трымалася на ўзроўні 11%, пасля чаго цэны рванулі ўверх.

Золатавалютныя рэзервы

2013. Запасы дзяржавы стабільна трымаюцца на ўзроўні $8 мільярдаў. За кошт чаго? Нешта падкіне Расія, трохі набудуць аблігацый банкі, рэшту «растваральнікаў» купяць еўрапейцы. За апошнія чатыры месяцы запасы зменшыліся ўсяго на $30 мільёнаў.

2011. Гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з сітуацыяй 2011 года. Тады за студзень-красавік рэзервы ўсохлі з $5 мільярдаў да $3,8 мільярда.

Гандаль у мінус

2013. За апошнія чатыры месяцы пад ціскам Расіі зменшыўся да мінімуму экспарт «растваральнікаў» у Еўропу. Сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі, з улікам вернутых у расійскі бюджэт мытаў, склала мінус $1,8 мільярда, прычым з кожным месяцам сітуацыя горшае.

2011. За чатыры месяцы перад дэвальвацыяй краіна згубіла на гандлі ажно $3,2 мільярда. Абвал рубля выратаваў сітуацыю, але ненадоўга.

Высновы: сімптомы тыя ж, але не такія запушчаныя

Ніводзін з эканамічных пара-метраў пакуль не «дацягнуў» да памятнага поствыбарчага перыяду. Аднак трывожныя тэндэнцыі — перадусім падзенне сальда замежнага гандлю — прымушаюць задумацца. Без дадатковых уліванняў звонку эканоміка не мае перспектываў, тым больш сёлета пачынаюцца сур’ёзныя выплаты па крэдыце Міжнароднага валютнага фонду. На працягу 2013 Беларусь павінна аддаць $1,6 мільярда, а налета яшчэ $1,4 мільярда, якія фактычна праелі перад прэзідэнцкімі выбарамі-2010.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?