Хоць бы не забыць за гэтай мітусьнёй, што ёсьць дабро і зло. Што найменшае адступленьне дабра выклікае магутнае наступленьне зла.

Ёсьць людзі, якія пэрсаніфікуюць зло (і мы ўсе іх ведаем). З дабром складаней. Ня знойдзецца такога чалавека, які быў бы ўвасобленым дабром. Увасобленае дабро не сярод людзей.

Але кожнаму даводзілася бачыць людзей, якіх зло не плямуе.

Падзялюся вельмі прыемным для мяне ўспамінам. Некалькі гадоў таму «НН» надрукавала маё апавяданьне «Крыві не павінна быць відна». Пасьля гэтага пазваніў тата і сказаў, што плакаў, калі чытаў. Потым сябар з Кіева даў знаць праз электронную пошту, што праехаў у мэтро свой прыпынак, чытаючы аповед. А потым пазваніла Марыя Вайцяшонак.

Так мы і пазнаёміліся.

Вольга Бабкова гаворыць пра творчасьць Вайцяшонак заўсёды з хваляваньнем, і абэрацыі ўнікальнага Вольжынага голасу падкрэсьліваюць глыбіню таго, што яна фармулюе. Аднойчы Марыя сказала: «Калі ў пісьменьніка ёсьць хаця б адзін чытач-фанат, то яго ўжо па праву можна называць пісьменьнікам». Калі ў пісьменьніка ёсьць хаця б адзін такі геніяльны чытач-фанат, як Воля, то яго ўжо па праву можа называць геніем.

Але кніжкі Марыі выходзяць нячаста, а ў крамах іх можна знайсьці яшчэ радзей.

А для мяне што важней: кнігі Марыі ці тое, як яна размаўляе з маімі дзецьмі? Ці тое, які дух авявае мяне, калі я заходжу ў яе поўны сэнсу дом ды поўны нявіннасьці сад? Калі бачу кола, якое коціцца і коціцца яе сьветам?

Яна бачыць сьвет незвычайным, і гэта бачна па яе кнігах. А мо сьвет і на самай справе такі?

«Мы ўсе ідзём да старасьці, а Марыя – да маладосьці», – сказаў пра яе Леанід Галубовіч, яшчэ адзін яе геніяльны чытач.

З часам мяняюцца твары, час усё ставіць па месцах.

Жыцьцё справядлівае, як зноў-такі гаворыць Воля Бабкова.

Дзякуючы за кніжку, Даніла Жукоўскі прыслаў Марыі паштоўку, напісаную ў стылі шляхецкага XVIII стагодзьдзя.

З маёй шасьцігадовай Томцяй у яе гешэфты. Паўлінцы яна прыслала па пошце гетры – хадзіць на рэвалюцыю, ды рукавічкі – вяртацца зь яе. Тараска з задавальненьнем гаворыць ёй у трубку «этакта» – што значыць «трактар». Марыя – хросная мама майго сына, і, здаецца, яна разумее яго радасьць.

Яна многае разумее, мама майго сына.

Марыя піша пра сьвет, які адыходзіць, і піша так, як ня піша ніхто. Няма сумневу, гэта будзе належна ацэнена, і аб гэтым будзе сказана. Але, можа, занадта позна.

Хачу сказаць гэта зараз.

Марыя кажа: «Ніводзін наш уздых ня згубіцца намарна». Яна ня ходзіць на мітынгі (на што наракае Вольга Іпатава), часта плача, ня ўмее гаварыць банальнасьці. І піша.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0