МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», статутныя мэты якога — адраджэнне Беларусі як суверэннай дзяржавы, кансалідацыя беларусаў як нацыі і яднанне ў адзіную супольнасць беларусаў, што жывуць па‑за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне, выступіла з ініцыятывай заснавання Грамадскага арганізацыйнага камітэта дзеля годнага святкавання 90‑х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Наступны, 2008 год, юбілейны для беларускай дзяржаўнасці — 90 год стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі — знакавая дата, якая павінна адзначацца шырокамаштабна, на агульнанацыянальным узроўні, цягам усяго юбілейнага года.

19 ліпеня адбылося першае пасяджэнне Арганізацыйнага камітэта. Ганаровай старшынёй пагадзілася стаць старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. У Аргкамітэт увайшлі вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, грамадскія дзеячы з Беларусі і замежжа, кіраўнікі беларускіх суполак з розных краін свету. Сустаршынямі Аргкамітэту абраныя Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін.

Аргкамітэт лічыць, што юбілейныя мерапрыемствы павінны стаць добрай нагодай, каб адзначыць дзяржаватворную значнасць Акту абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка 1918 г. папулярызаваць яго гістарычную значнасць і паказаць уплыў гэтай падзеі на ход нашай гісторыі. Падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць пунктам адліку Беларускай Народнай Рэспублікі ў форме сучаснай, рэальна незалежнай, суверэннай і вольнай Рэспублікі Беларусь, а таксама падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый незалежна ад палітычнай арыентацыі пры ўмове прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі.

Менавіта таму Аргкамітэт на сваім першым пасяджэнні вырашыў звярнуцца да ўсіх партый, рухаў, арганізацый, дзеячаў з прапановай вылучыць сваіх прадстаўнікоў у Аргкамітэт.

Таксама Аргкамітэт вызначыў асноўныя накірункі дзейнасці і прапанаваў абвесціць 2008 год — Годам беларускай дзяржаўнасці (БНР). Пасля пашырэння складу Аргкамітэта адбудзецца фармаванне Рабочай групы і будзе складзены каляндарны план‑графік мерапрыемстваў.

Прэс-служба ЗБС «Бацькаўшчына»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0