Паводле "Коммерсанта", на стале прэзыдэнта Беларусі ўжо ляжыць указ пра адстаўку Сідорскага. Маскоўскае выданьне называе экзатычную фігуру імавернага пераемніка: Уладзімер Навумаў.

Лёгіка, маўляў, такая: ранейшага прэм'ера можна зрабіць ахвярным казлом (газавыя даўгі, адмоўнае сальда замежнага гандлю, увогуле нарастаньне грузу эканамічных праблемаў), а новы кіраўнік ураду пачне насьпелую прыватызацыю. Натуральна, наглядаць за гэтым далікатным працэсам мусіць чалавек, якому кіраўнік дзяржавы бязьмежна давярае. А Навумаў зараз акурат у фаворы, мяркуючы па разгромным выніку матчу МУС — КГБ.

Канешне, вэрсію ""Коммерсанта" можна аспрэчыць. Літаральна ўчора Сідорскі дакладаў Лукашэнку пра стан эканомікі. Бальшыню сакральных паказьнікаў (акрамя чортавага сальда) пакуль што шэнціць трымаць. Калі ўжо рабіць прэм'ера крайнім, то лягічна было б дачакацца зімы, "жыровак" з шалёнымі лічбамі і г.д.

Зь іншага боку, сакральныя паказьнікі — скажам так — не зусім адэкватна адлюстроўваюць сапраўдны стан эканомікі. Насамрэч ён значна болей праблемны ды хісткі. Запуск працэсу прыватызацыі сапраўды дапамог бы зьмякчыць наступствы скарачэньня энэргетычнага гранту.

"Сідорскага "накіроўвалі" ў адстаўку ўжо не раз, — нагадаў аналітык Валер Карбалевіч, зь якім я размаўляў пяць хвілін таму. — Зрэшты, любы прэм'ер зь цягам часу набывае нейкую палітычную вагу. Таму Лукашэнка пэрыядычна іх мяняе. У гэтым сэнсе Сідорскі сапраўды ўжо доўгажыхар".

Са слоў аналітыка, у беларускай сыстэме дзейнічае вельмі спэцыфічная кадравая лёгіка. Так што і былы міліцыянт на чале Савету міністраў — не фантастычны варыянт.

Дык што, кіраўнік дзяржавы сасьпеў, каб адмовіцца ад ранейшай сацыялістычнай, антыпрыватызацыйнай ідэалёгіі (не дамо распрадаць краіну і г.д.)?

Ідэалёгія тут ні пры чым, лічыць Карбалевіч. Дзейнічае адно што лёгіка ўтрыманьня ўлады. Калі рызыка кансэрвацыі стасус-кво зашкаліць, пакрысе пачнецца продаж маёмасьці.

Дадамо: напярэдадні старту прыватызацыі важна зацугляць апэтыты кланаў. Адсюль сэрыя пасадак і кадравых ператрусаў. Ключавыя тэзы: 1) у краіне ня мусіць быць іншых цэнтраў сілы; 2) калі што, "рукі будуць адсечаныя да плячэй!"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?