Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць строгі парадак і выкананне заканадаўства ў сферы палявання. Аб гэтым было заяўлена 22 студзеня на рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімірам Цалко.

«Вы ведаеце маё стаўленне да навакольнага асяроддзя, прыроды. Я аб гэтым вымушаны быў нават гаварыць у кароткім навагоднім звароце да беларускага народа. Гэта вечная каштоўнасць, дараваная нам зверху, — адзначыў ён. — Але мяне апошнім часам насцярожваюць некаторыя нядобрыя тэндэнцыі адносна гэтага, пачынаючы ад нашых паляўнічых, асабліва пачынаюць засвечвацца высокапастаўленыя службовыя асобы ў гэтым, мякка скажам, малазаконным паляванні, калі непасрэдна плацяць егерам, забываюць аб тым, што ў нас устаноўлены строгі адносна гэтага парадак. Але гэта прэтэнзіі не толькі да вас, гэта, найперш, прэтэнзіі да інспекцыі (Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі)».

«Я хачу, каб усе ведалі, што гэта сітуацыя ў нас пад кантролем. Калі ласка, палюйце, у нас сёння дастаткова звяроў, нават некаторыя скардзяцца, што празмерная колькасць. Але павінен быць строгі парадак», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць тым, што ў Беларусі да работы многіх паляўнічых гаспадарак часам узнікае нямала пытанняў. «З’явілася вельмі шмат паляўнічых гаспадарак, у тым ліку прыватных, і ўгоддзяў, якія належаць калгасам, саўгасам і прадпрыемствам, і там у нас праблем значна больш, чым у традыцыйных паляўнічых гаспадарках і ўгоддзях», — адзначыў ён.

Што датычыцца рэгулявання палявання і рыбалоўства, па гэтым пытанні падрыхтаваны праект указа, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта. У ім адлюстраваны дадзеныя раней кіраўніком дзяржавы даручэнні, паведамілі ў прэс-службе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?