Аляксандр Лукашэнка даручыў максімальна спрасціць працэдуру адводу зямель, пакінуўшы для разгляду на ўзроўні кіраўніка дзяржавы толькі адвод значных зямельных участкаў.
Такую задачу ён паставіў 22 студзеня ў час сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгіем Кузняцовым, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У цэнтры ўвагі быў разгляд праекта закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі.

Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць гэтага пытання, паколькі рашэнне аб адводзе канкрэтных зямельных участкаў пад будаўніцтва, для іншых мэт, прымаецца прэзідэнтам і ўяўляе сабой вялікі аб’ём работы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна прадоўжыць сумесна з Адміністрацыяй прэзідэнта выпрацоўку сістэмы прыняцця такіх рашэнняў.

«Хутчэй за ўсё, нам трэба вось такія рашэнні, якія датычацца часовага адводу зямель, адводу зямель пад лініі электраперадач і да таго падобныя аб’екты, інакш кажучы, нязначных адводаў і якія не падлягаюць ніякаму сумненню, аддаць на ўзровень аблвыканкамаў. Я не супраць. Трэба разгледзець гэта пытанне», — сказаў Лукашэнка.

«Але істотныя плошчы зямельных угоддзяў: лясных угоддзяў, лугоў, пашы і гэтак далей — вось гэты адвод павінен знаходзіцца пад кантролем прэзідэнта. Гэта адназначна»,

— падкрэсліў Лукашэнка.

Ён даручыў прадугледзець у гэтым плане максімальнае спрашчэнне, пакінуўшы для разгляду на ўзроўні прэзідэнта толькі адвод значных зямельных участкаў. Пры гэтым ён папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці злоўжывання ўладай пры прыняцці такіх рашэнняў.

«Я хацеў бы пачуць каментарый да гэтага закона, перш чым я яго падпішу, па ўсіх змяненнях, якія вы ўносіце, з той мэтай, ці не пасадзейнічае гэта таму, што ў нас ізноў пачнецца разбой пры адводзе зямель»,
— сказаў ён. Ён прывёў прыклад такіх непрадуманых рашэнняў: «Калі трэба ферму пабудаваць, значыць, на новым месцы, за край свету ад канкрэтнага населенага пункта, куды трэба праводзіць дарогу, электрычнасць, прыродны газ, інакш кажучы будаваць інфраструктуру. Нясём вялікія затраты. Больш таго, мы забіраем яшчэ да 50 га, а то і больш, калі будуецца комплекс, зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Гэта ненармальна».
«Прытым па кар’ерах паглядзіце. Як толькі мы „ўніз“ аддаём гэтыя рашэнні, з’яўляецца вялізная колькасць кар’ераў па краіне. Я, пралятаючы на верталёце, гэта ўсё бачу. Таму тут таксама разбою быць не павінна,
калі будзем гаварыць аб часовым адводзе зямель. Гэта наносіць непапраўную шкоду нашай краіне. Калі гэтыя кар’еры адводзяць, потым іх кідаюць, яны зарастаюць хмызняком, а то і яшчэ горш — туды насельніцтва пачынае скідаць смецце, і вецер гэта ўсё разносіць. Увогуле, атрымліваюцца звалкі на месцы гэтых кар’ераў. Гэта недапушчальна!» — лічыць ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што парадак павінен быць і пры адводзе лясных і іншых угоддзяў, каб займацца паляваннем, рыбалоўствам і гэтак далей.

«Ніякай бюракратыі быць не павінна, павінна быць эфектыўнасць. Але ў той жа час поўны кантроль з адводам такіх зямель.
Занадта шмат у нас, напэўна, сёння з’явілася прыватных паляўнічых угоддзяў, і мы не заўсёды там нармальна кантралюем сітуацыю. Я не хачу сказаць, што ў кожнага прыватніка дрэнна. Ёсць прыватныя паляўнічыя ўгоддзі, якія эфектыўна працуюць, больш таго, дзе прыватнік дбае аб навядзенні, падтрыманні парадку, развядзенні дадаткова жывёл, іх утрыманні. Але ёсць, і такіх гаспадарак больш, якія такімі не з’яўляюцца», — адзначыў Лукашэнка. Ён таксама пацікавіўся, як гэтыя пытанні вырашаюцца сёння ў краіне.

«І ў цэлым сітуацыя з адводам зямель. Занадта мы зацягваем гэтыя пытанні, ці ёсць праблемы і якія?» — паставіў пытанні Лукашэнка.

«Кантроль — гэта добра, ён заўсёды будзе, але не наносіла б гэта шкоды інвестыцыям, якія мы ажыццяўляем, узвядзенню жылля, якое людзі хочуць самі будаваць, просяць зямельныя ўчасткі.
Вось на гэтыя пытанні я хацеў бы таксама атрымаць адказ, паколькі мы ўжо абмяркоўваем сёння праект закона аб змяненнях у зямельны кодэкс», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш жорстка ставіцца да адводу і прадастаўлення сельскагаспадарчых зямель для нясельскагаспадарчых мэт, аднаўляючы ўзамен адведзеных раўнацэнныя, роўнавялікія плошчы.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы даручыў звяртаць больш пільную ўвагу на прадастаўленне паляўнічых угоддзяў і зямельных участкаў для будаўніцтва аб’ектаў нерухомай маёмасці на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?