Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька звярнуўся да кіраўніцтва ЗАТ «Інтэка» (Масква) па падтрымку ў правядзенні конкурсу па выпрацоўцы канцэпцыі забудовы раёна «Мінск-Сіці».

Яго сустрэча з кіраўніцтвам расійскай кампаніі адбылася 23 студзеня ў Мінску, паведаміў Ладуцька на прэс-канферэнцыі ў гарадской ратушы.

«Гэтая тэма (забудова раёна „Мінск-Сіці“) з парадку дня не знятая, яна актуальная. Дзелавы цэнтр сталіцы з жыллём, інфраструктурай дазволіць прыцягнуць сюды дадатковыя кампаніі ў сферы бізнесу, фінансаў, міжнароднага гандлю — гэта тое, да чаго імкнуцца гарады і краіны, якія сябе паважаюць», — адзначыў Ладуцька. Паводле яго слоў, Мінск павінен максімальна выкарыстоўваць сваё геаграфічнае становішча і «тыя ўмовы для жыцця насельніцтва, якія створаны на нашай тэрыторыі».

Заяўкі на ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі забудовы «Мінск-Сіці» падалі 15 кампаній, з іх сем пацвердзілі свой удзел.
Кіраўнік Мінгарвыканкама патлумачыў, што «гэта кампаніі з сусветным імем» з Чыкага, Лондана, Вашынгтона, Нью-Ёрка, Сіэтла, а таксама расійскія кампаніі. «Гэта будзе сур`ёзны міжнародны конкурс, які дазволіць выпрацаваць канцэпцыю будучыні. Гэта грандыёзная горадабудаўнічая задача», — сказаў Ладуцька.

16 лютага 2012 года Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне скасаваць дагавор з міжнароднай групай кампаній «Ітэра», ацаніўшы тэмпы будаўніцтва «Мінск-Сіці» як нездавальняючыя: з пачатку будаўніцтва комплексу ў 2009 годзе было асвоена толькі каля 0,5% заяўленага аб`ёму інвестыцый у 25,6 трлн. рублёў.

Збудаванне раёна «Мінск-Сіці» пачалося на тэрыторыі сталічнага аэрапорта «Мінск-1» і размешчанага побач авіярамонтнага завода. На 318 гектарах першапачаткова планавалася пабудаваць 3,3 млн. кв. м жылой і камерцыйнай нерухомасці, а таксама аб`екты сацыяльнай інфраструктуры. Рэалізаваць праект планавалася да 2020 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?