Атрымалася так, што першым творам, прачытаным сёлета, у новым годзе, стала «каляднае апавяданне» Наталкі Бабінай «Раечка, жывая душа»,
змешчанае ў пераднавагоднім нумары «Нашай Нівы». Пачатак адметны. Своеасаблівы калядны падарунак. Бо ў творы ў нечакана новым святле паўстае і па-новаму вырашаецца балючая для нас, беларусаў, тэма — тэма роднай мовы і шырэй — нашай нацыянальнай тоеснасці.
Змушаная лічыцца з законамі жанру («каляднае апавяданне»), аўтарка не пазбягае меладраматызму, ідылічных сцэнаў і, вядома ж, заканчвае твор на шчаслівай ноце.
Вось ён, гэты хэпі-энд: «Так што давялося і здароваму сэнсу доктара Ціхага ўрэшце перайсці на беларускую мову. Пасля таго, як доктар Ціхі канчаткова перайшоў на Раеччыну мову і на планёрках. Пасля таго, як Ігару і Святлане ўдалося падняць маці на ногі. І намеснікі міністра ды супрацоўнікі службы аховы прэзідэнта, калі сталі трапляць у хірургічнае аддзяленне ЦРБ, лавілі цяпер беларускія словы свайго доктара з надзеяй і пашанай, як і заўсёды ловяць хворыя словы сваіх дактароў, якія вядуць іх да ацалення».

Калядны хэпі-энд, шчаслівая развязка… Ну ды гэта даніна жанру. А якія завязка і кульмінацыя! Якім далёка не віртуальным, а рэальным маральна-псіхалагічным і філасофскім зместам напоўненае апавяданне!

У душы галоўнага героя, доктара-хірурга Ігара Васілевіча Ціхага, ідзе пакутлівае змаганне дабра са злом, людскасці з гэтым самым, паводле азначэння аўтаркі, здаровым сэнсам, які настойліва галосіць: як так? Ты што? Ці варта? Ці трэба? Ці трэба ратаваць маці, якая цябе некалі кінула?
Ці трэба так любіць сваіх пацыентаў такімі як ёсць? І ці трэба, навошта табе звяртацца да іх на іхнай, беларускай мове? «Ты же, доктор Тихий, сколько себя помнил, говорил по-русски. В детдоме все говорили по-русски. Все говорили по-русски и в мединституте»… Перад цяжкім выбарам, цяжкім рашэннем стаіць герой апавядання ў гадзіну, якую называюць момантам ісціны. І вось добрая душа Наталка Бабіна звяртаецца па дапамогу як да высокай інстанцыі да… Уільяма Окама. Так-так, да Уільяма Окама, сярэдневяковага францысканскага філосафа-наміналіста і тэолага, гарачага прыхільніка рознага кшталту ведаў, свабоды філасофскай думкі, за што быў абвешчаны ерэтыком і зведаў турэмнае зняволенне (пабыў, кажучы сённяшняй мовай, «вязнем сумлення»). Так, да таго самага Уільяма Окама, якому належыць знакаміты прынцып «брытвы Окама»: «Не трэба памнажаць колькасць сутнасцяў звыш неабходнасці». (Другая фармулёўка: «Без неабходнасці не трэба сцвярджаць многае»).

Герой апавядання «Раечка, жывая душа» бярэ на ўзбраенне прынцып філосафа-гуманіста. Правярае ім свае учынкі. Прыходзіць да яснага ўсведамлення, што «найлепш лечыць слова простае, а не крывое, сваё слова. Помніліся, помніліся доктару беларускія словы ў сонечным цяпле… Так што мова мае дачыненне да прынцыпу брытвы Окама. Да таго, што гэта правільна, калі гаварыць па-беларуску, як правільна не кідаць дзяцей і прабачаць маці.

Маральна-філасофскі падтэкст апавядання наводзіць на роздум. Найперш задаешся пытаннем адносна ролі Окама з яго безагаворачным прынцыпам. Ці мог ён напраўду быць лёсавызначальным у жыцці героя твора, прычыніцца да «развязкі праблем» (аўтарскія словы), у тым ліку праблемы моўнай? Пэўна, так. Гісторыкі па-рознаму вытлумачваюць сэнс «брытвы Окама». Ды ці не адназначна пэўныя такія яго добра вядомыя нам аналагі, як «Што занадта, тое не здорава», «Не нашкодзь!» і інш.?

Ці, скажам, хіба не вядомыя нам наступствы стварэння пад знакам гэтак званай рэвалюцыйнай мэтазгоднасці «новых исторических общностей» з агульнай мовай і культурай?

Згадаем біблейскую прыпавесць пра Вавілонскую вежу, пра гэтае самае вавілонскае стоўпатварэнне. Вядомая даследчыца біблейскіх тэкстаў Галіна Сініла піша у сваёй кнізе «Біблія як феномен культуры і літаратуры»: «Для збудавання вялізнай вежы патрэбна было яшчэ, каб людзі разумелі адно аднаго, каб падначаленыя маглі выконваць загады кіраўнікоў будаўніцтва. Вось чаму сапраўды патрэбная была адзіная мова… Сапраўды, каб лягчэй кіраваць такой звышдзяржавай, патрэбныя адзінае мысленне, адзіная ідэалогія, адзіная мова. У гэтым святле „змяшэнне“ моваў, якое ажыццяўляе Гасподзь, выглядае як акт, жыватворны для чалавецтва: сам Бог процістаіць гвалту над чалавечай свядомасцю, яе нівеліроўцы, прывядзенню да агульнага назоўніка, да адной роўніцы.

Біблія гаворыць нам пра тое, што існуюць розныя шляхі аб’яднання, інтэграцыі: ёсць яднанне праз Бога, яднанне ў духу, а ёсць — знешняе, гвалтоўнае, у межах вежы — імперыі».

Трэба думаць, што філосаф і тэолаг, аўтар працы «Пра пазнавальнасць Бога» Уільям Окам меў на ўвазе ў сваёй запаведзі і пратэст супраць гвалту, гвалтоўнага яднання.

Не магу не адзначыць тут жа чарговую старонку «Беларускай глыбіні» Паўла Севярынца, яго паэтычна-ўзнёслае і пранікнёнае да болю эсэ «Мова любові» («Наша Ніва» ад 16 студзеня 2013).
Яно надзвычай сугучнае са сказаным вышэй. «Беларуская мова спалучае ў сабе ўсё багацце пачуццяў, але любоў з іх найбольшая…» І далей: «Беларуская непазбежна будзе моваю нашага вяртання прытомнасці, моваю пераменаў — бо толькі найвышэйшай любові пад сілу адолець паміранне грамадства, гвалт тыраніі і зло імперыі».

Характэрна, — дадам на завяршэнне, — што

Наталка Бабіна ў сваім калядным апавяданні і Павел Севярынец у сваім натхнёным, як песня, эсэ, пэўна ж не дамаўляючыся папярэдне між сабой, ставяць на адну дошку любоў, людскасць і родную мову.
Ці, кажучы крыху інакш, вызначаюць сваё, «простае, а не крывое», слова як неабходную перадумову людскасці, еднасці, зберажэння прыроднай і духоўнай сутнасці народа. Мастацкае перабольшанне? Калядныя фантазіі? Як бы не так.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?