Расеец, які на крадзенай «БМВ» праскочыў польска-беларускую мяжу, змог тое зрабіць толькі таму, што ў вялікі мароз не спрацавала сістэма прымусовага спынення. Цяпер, калі яго затрымалі, высвятляюцца цікавыя дэталі ўсёй гэтай гісторыі.

Затрымалі «героя» на другі дзень пасля ягонага галівудскага прарыву праз граніцу.

Вычапілі яго ў глухой лясной вёсцы за кіламетраў 15 ад мяжы.
Цяпер ён сядзіць у следчым ізалятары ў Брэсце. Як расказаў «Нашай Ніве» намеснік начальніка Брэсцкай памежнай групы Дзмітрый Дзявятаў, гэта малады чалавек 1989 года нараджэння. Магчыма, ён быў п’яны. А па дарозе ў Гуту яшчэ трапіў і ў аварыю.

Усю гэтую інфармацыю цяпер удакладняюць эксперты.

Па словах Дзявятава, праз вялікі мароз не спрацавала сістэма прымусовага спынення, якая б наглуха заблакавала праезд аўтамабіля. Памежнікі зарыентаваліся і выставілі загароды, але шлагбаўмы не стрымалі парушальніка.

Пачаліся пошукі на мясцовасці.

Калі «БМВ» ідэнтыфікавалі ў адным з двароў у залеснай вёсачцы Гута, што ў тупіку каля ўкраінскай мяжы, сілавікі найперш перакрылі ўсе магчымасці для выезду аўто.
Ці сама ў гэтай хаце знаходзіцца кіроўца, спачатку не ведалі. Калі пацвердзілася, памежнікі выклікалі міліцыю і затрымалі.

Супраціву расеец не аказаў.

Вясковец, які прытуліў хлопца, не ведаў, у чым справа. Кіроўца сказаў яму, што дзве ночы ехаў з Нямеччыны, заблукаў, не спаў, стаміўся.
А ў дадатак яшчэ і трапіў у аварыю. Чалавек і пусціў падарожнага да сябе ў дом. Тым не менш, цяпер правяраюць, выпадкова расеец спыніўся ў тым падворку ці не.

Кіроўца на BMW 3 Series з транзітным нумарам праскочыў мяжу 21 студзеня каля 8-й гадзіны раніцы. У часе ўсёй гэтай эскапады ніхто не пацярпеў.

На польскі пункт пропуску «Славатычы» расеец уехаў напярэдадні ў 21.30. Ноч яго правяралі.
Высветлілася, што яго «БМВ» за дзень да гэтага быў скрадзены ў Германіі, дзе сам кіроўца меў від на жыхарства. Каб уратавацца ад затрымання, малады чалавек пакінуў дакументы на мяжы і кінуўся наўцёкі на аўто. Знайшлі яго ў Гуце 22 студзеня каля 16.00. Крымінальная справа заведзеная за незаконнае перасячэнне мяжы.

Яму пагражае штраф, паўгадавы арышт альбо два гады калоніі. А наконт крадзяжу аўто будуць разбірацца асобна.


Просмотреть увеличенную карту

Гута — невялікая вёска на самым паўднёвым захадзе Беларусі. Размешчана за паўтара дзясятка кіламетраў ад пункта пропуску «Дамачава». Да беларуска-ўкраінскай мяжы ад яе яшчэ бліжэй — каля 3 км. Пражывае крыху больш за паўсотні чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?