Згодна з папярэднім заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, знойдзеныя ў маразільніку памерлай мінчанкі чалавечыя эмбрыёны — гэта мёртванароджаныя дзеці, паведаміў старшыня Следчага камітэта Валянцін Шаеў 24 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Нагадаем, нечаканую знаходку зрабіў вечарам 22 студзеня 41-гадовы мінчанін, прыйшоўшы ў кватэру памерлай ад раку сужыцелькі, каб навесці там парадак. У маразільніку ў кватэры памерлай 19 студзеня 36-гадовай жанчыны ён знайшоў, як мяркуецца, труп немаўляці, аб чым паведаміў у Фрунзенскае РУУС сталіцы.
Пры аглядзе следча-аператыўная група знайшла ў маразільніку тры падобныя ўзоры.
Была прызначана
судова-медыцынская экспертыза. Сказаць адразу, што менавіта знойдзена — мёртвыя немаўляты або чалавечыя эмбрыёны, эксперты не змаглі, бо ўзоры былі замарожаны.
Паводле слоў Шаева, судова-медыцынскую экспертызу ўдалося правесці толькі 24 студзеня. Даследаванне паказала, што знойдзеныя — гэта, як мяркуецца, адзін хлопчык і дзве дзяўчынкі. «Дзеці даношаныя. Выказана меркаванне аб тым, што яны нарадзіліся мёртвымі, задыхнуўшыся ва ўлонні маці», — сказаў старшыня СК.
Хто з’яўляецца бацькамі нованароджаных, пакуль не ўстаноўлена. «Генатыпаскапічная экспертыза дазволіць гэта зрабіць», — запэўніў Шаеў.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ