Пра гэта паведамляе The Financial Times. Патэнцыйная сума кантракту — 10 млрд даляраў з гакам, гэта будзе найбуйнейшая ў Еўропе інвестыцыя ў «нетрадыцыйныя» радовішчы газу, а таксама найбуйнейшая замежная інвестыцыя ва Украіне.

Пагадненне, якое прадугледжвае выраб прадукцыі, будзе падпісанае ў Давосе. «Тэарэтычна гэта важны крок, які знізіць залежнасць Украіны ад дарагіх паставак «Газпрама», — піша выданне, тлумачачы, што для расійскай манаполіі Украіна — найбуйнейшы замежны пакупнік.

Магчыма, гэты крок таксама дасць новае жыццё асваенню нетрадыцыйных і сланцавых радовішчаў газу ў Еўропе, адзначае газета. Запланаванае асваенне затрымалася, бо некалькі краін, клапоцячыся пра экалогію, увялі мараторый на ўжыванне фракінгу — тэхналогіі гідраўлічнага разрыву пластоў, а прагнозы неразведаных запасаў былі перагледжаныя ў бок паніжэння.

Украіна, як мяркуецца, мае трэці па велічыні запас сланцавага газу ў Еўропе. Яна спадзяецца паўтарыць паўночнаамерыканскі бум, які ператварыў ЗША з імпарцёра газу ў яго перспектыўнага экспарцёра.

Апазіцыйныя партыі пратэстуюць, кажучы пра небяспеку здабычы сланцавага газу для навакольнага асяроддзя. Але аўтары артыкула мяркуюць, што Януковіч прапхне пагадненне: «Украіну вабіць перспектыва аслабіць залежнасць ад расійскага газу». Перспектыва здабычы сланцавага газу ўмацуе пазіцыі Украіны на перамовах з «Газпрамам», мэта якіх — перагляд кантракту, заключанага ў 2009 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?