Па выніках першага тура Мілаш Зэман і Карл Шварцэнберг набралі 24,2% і 23,4% галасоў адпаведна.

Калі выхад у другі тур Мілаша Зэмана нікога не здзівіў, то вынік Шварцэнберга стаўся непрыемным сюрпрызам для экс-прэм’ера Яна Фішэра, які па прагнозах мусіў заняць другі радок. Набраўшы зайздросны тэмп, Шварцэнберг здолеў атрымаць удвая болей галасоў, чым прагназавалі аналітыкі. Таму інтрыга захоўваецца да канца.

Пераможца першага тура Мілаш Зэман — чалавек старой загартоўкі. Атрымаўшы эканамічную адукацыю, ён доўгі час узначальваў Сацыял-дэмакратычную партыю Чэхіі, паспеўшы перад гэтым пабыць чальцом Кампартыі. Моцны аратар, Зэман займаў пасаду прэм’ера ў 1998–2002 год. Яго кіраванне характарызавалася эканамічным ростам, а таксама ўступленнем Чэхіі ў НАТО.

Ён наведваў Мінск у 2002 годзе. Прыехаўшы ў краіну не як прэм’ер-міністар, а як прыватная асоба, запрошаная Мікалаем Статкевічам, Зэман 6 разоў адмовіўся ад сустрэчы з Лукашэнкам. Прадстаўляючы дэлегацыю Сацыялістычнага інтэрнацыянала, ён тады даў шмат вострых інтэрв’ю. Некаторыя цытаты («Ваша краіна — шмат у чым музей. Ваша галоўная газета называецца «Советская Белоруссия»; «Паказчык даверу да краіны — не прамовы палітыкаў, а прыток інвестыцый») дагэтуль добра ілюструюць нашу рэчаіснасць.

Яшчэ некалькі тыдняў таму ніхто не мог падумаць, што ў другі тур пройдзе сённяшні міністр замежных справаў Карл Шварцэнберг. Грамадзянін Чэхіі і Швейцарыі, гэты прадстаўнік аўстрыйскага дваранства дзякуючы добрым PR-дарадцам нават свой узрост — 75 гадоў — здолеў пераўтварыць у рэкламны ход. У выніку самы сталы з усіх кандыдатаў найбольшай падтрымкай карыстаецца сярод моладзі.

Вярнуўшыся ў Чэхію толькі пасля падзення камуністычнага рэжыму, ён адразу трапіў у каманду прэзідэнта Гавэла. Таму не дзіўна, што ён крытыкуе аўтарытарныя рэжымы, у тым ліку Расію. Аднак пры ўсім пры тым менавіта ён у 2009 годзе перадаў Мартынаву запрашэнне ў Прагу на ўстаноўчы саміт «Усходняга партнёрства» для Лукашэнкі, і толькі дэмарш прэзідэнта Чэхіі Клаўса і іншых еўрапейскіх палітыкаў прывёў да таго, што замест «Усходняга партнёрства» Лукашэнка паляцеў у Італію да Папы Рымскага і Сільвіа Берлусконі.

Пры ўсёй гатоўнасці весці дыялог з афіцыйнымі ўладамі Карл Шварцэнберг імкнецца падтрымаць беларускую грамадскую супольнасць, пра што сведчыць як персанальнае віншаванне Алесю Бяляцкаму да юбілею, так і нядаўняя снежаньская тэлефонная размова з Уладзімірам Макеем, дзе пытанні палітвязняў і сітуацыі з правамі чалавека занялі важнае месца.

Сказаць, хто з кандыдатаў пераможа, даволі складана. З аднаго боку, Мілаша Зэмана падтрымліваюць на ўсходзе краіны, у той час як Шварцэнберга — больш адукаванае насельніцтва вялікіх гарадоў і заможнай Цэнтральнай Чэхіі. А вось як паўплывае на вынік выбараў адкрытая падтрымка Мілаша Зэмана з боку сённяшняга прэзідэнта Вацлава Клаўса, невядома. Бліжэй да канца свайго мандата Клаўс пачаў, насуперак ранейшым абяцанням, раздаваць шматлікія памілаванні, што выклікала абурэнне грамадства.

Не на карысць левацэнтрыста Зэмана і цьмяныя гісторыі пра ягоныя сувязі з расійскім бізнэсам, а таксама не да канца празрыстыя сродкі фінансавання прэзідэнцкай кампаніі. І хоць электарат Зэмана больш стабільны, але Шварцэнберг мае імпэт, які можа дазволіць яму перамагчы. Карл Гавэл альбо Мілаш Клаўс? Пра гэта даведаемся ў суботу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру