Паэтычны відэапраект грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» «Чорна-белыя вершы» распачынае другі сезон. Чарговы ўдзельнік — Адам Глобус.

Адліга ў Вільні

Адліга ў Вільні: плавіцца цячэ дарожны, брудны лёд,
Блішчаць каменні ў цёмна-сінім бруку, ручаіны бруяцца,
У хмурна-белым небе кропачкі птушыных дробных целаў,
Нібыта мак на пірагу няспечаным, яшчэ жывым і дрогкім,
Карункі плесні на мурах красуюць, нібыта карты капітанаў,
Расхрыстаныя дзеці без пальчатак і без шапак, безнагодна
Бягуць па лужынах, пускаюць з пырскаў зіхаткія веяры,
Усё навокал пахне божым сокам такой жаданай, блізкае вясны,
Карчмар спяшаецца памыць вітрыну, быццам не адліга,
А вясна ізноў-наноў у Вільню назаўсёды завітала.
З маленькіх фортачак цякуць мелодыі фальклорных перагудаў,
Нібыта гудасы з яўрэямі яшчэ жывуць у беларускай Вільні.
Так, юдасы і гудасы шчэ граюць на скрыпачках і дудачках сваіх.
Так, пан Адась Міцкевіч усё яшчэ чытае Ганне Крымскія санеты,
А Юзік Броцкі на маленькай кухні мармыча неразборлівыя словы.
Юнак Максім, каторы Багдановіч, шукае безназоўнае каханне.
Па адліжнай Вільні паэзія цячэ па шчыльнай чырвані дахоўкі,
Цячэ па дужых вежах у завузкія, крывыя, нашы вулкі.
Смак слоў яўрэйскіх, польскіх, нашых чуваць у залатым паветры.
У арках прахадных двароў сядзяць каты мурлатыя, як буды,
Сядзяць за сантыметр ад марцавання крыкушчага і веснавога.
Жанчыны раcшпілілі верхні гузік на футрах і зімовых палітонах.
Мужчыны суцяшаюцца гарэлкай у цемрадзі паўсувярэнных бараў,
Яны не чуюць пах вясны, яны не ведаюць і пра адлігу ў Вільні.

* * *

    Адам Глобус — беларускі пісьменнік, мастак, выдавец. Працуе ў галіне паэзіі і прозы. У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1981. Вершы і апавяданні Адама Глобуса перакладзены на ўсе асноўныя мовы свету. Нарадзіўся 29 верасня 1958 г. у горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці ў сям’і пісьменніка Вячаслава Адамчыка. У 1959 г. з бацькамі пераехаў у Мінск. Вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні на педагагічным аддзяленні. У 1983 скончыў мастацкае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам, журналістам. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага таварыства «Тутэйшыя». Цяпер займаецца выдавецкай справай (выдавецтва «Сучасны літаратар»).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?