На экстрым-мапе Менска хутка з’явіцца новая кропка. Заўтра ў гарналыжным цэнтры «Сонечная даліна» адкрыецца новы сноўпарк.
Калі ў цябе ёсць дошка для сноўборду і ты ведаеш, што такое джыбінг, то ў Курасоўшчыне гэтай зімой давядзецца бываць часцяком.

Чацвер, абед, гарналыжны парк «Сонечная даліна» ў спальным мікрараёне Курасоўшчына. Пад бадзёры рок-н-рол са схілаў спускаюцца дзеці на лыжах і кітайцы на сноўбордах. Трохі паблукаўшы па снежных гарах, мы з фатографам сустракаемся з трыма хлопцамі ў яркай вопратцы. За іх спінамі — схіл з трамплінамі, поручнямі і трубамі, укапанымі ў снег. Такім паўстае перад намі новы сноўпарк у рысе горада.

Павел Лабода — прадстаўнік каманды Playground Bros — пачынае распавядаць пра новую мекку беларускіх сноўбардыстаў і пра тое, хто і як яе будаваў. Два іншыя хлопцы — 15-гадовы Паша і 16-гадовы Зміцер — чальцы моладзевай зборнай краіны па сноўбордзе. Пакуль мы размаўляем, маладыя надзеі айчыннага спорту праводзяць test-drive сноўпарка і дэманструюць сваё майстэрства нашаму фатографу.

Сноўпарк у «Сонечнай даліне» — гэта 3 трампліны і каля 10 фігур для джыбінгу. Перапад вышыні ў парку — 30 метраў. Адлегласць ад найбліжэйшага прыпынку грамадскага транспарту — каля 500 метраў. Кошт катання за дзень па буднях — 100 тысяч.
Карацей, дастаткова спрыяльныя ўмовы, каб пасля працы ці ўнівера паваляцца ў снезе. Цікава яшчэ і тое, што парк пабудаваны пры дапамозе актывістаў ад сноўборду, якія працавалі тут дзеля магчымасці мець годную пляцоўку для спорту.

Паводле Пашы, будаўніцтва сноўпарка — вынік супрацы трох структураў, кожная з іх па-свойму паўдзельнічала ў стварэнні пляцоўкі. У Playground Bros быў энтузіязм, у вытворца чыпсаў «Чел’Z» — жаданне падтрымліваць экстрэмальныя віды спорту (ці нават зрабіцца беларускім Red Bull), а ў кіраўнікоў «Сонечнай даліны» — разуменне таго, што нармалёвы гарналыжны курорт без сноўпарка сёння існаваць не можа.

«Сноўбардыстам хутка робіцца сумна на беларускіх схілах, — распавядае Паша. — Яны глядзяць відэа ў нэце, бачаць, што ёсць скачкі і джыбінг, і хочуць нешта такое ў сябе дома займець. Гэтак паступова сноўбардысты ператвараюцца ў будаўнікоў. У некаторай ступені гэта ж здарылася і з нашай камандай. Нас 6 чалавек, і калісьці даўно мы пачалі стыхійна ставіць трампліны ў гарналыжных курортах, але іх прыбіралі на наступны ж дзень.

Бо кіраўніцтва тых курортаў не разумела, навошта яны патрэбныя. У апошнія гады сітуацыя змянілася, і ў нас ёсць магчымасць рабіць паўнавартасныя сноўпаркі».

У апошнія гады Playground Bros працавалі ў Сілічах, а летась пазнаёміліся з кампаніяй «Чел’Z», якая закупіла якаснае абсталяванне сусветнага ўзроўню, і кіраўніком «Сонечнай даліны» Віктарам Смалоўскім, які аддаў пад парк вялікі кавалак курорту і «падагнаў» тэхніку.
І на пачатку студзеня сёлета хлопцы ўзяліся за працу.

«Разам з двума шэйперамі з „даліны“ мы мантавалі парк па начох, пасля закрыцця трасы, — успамінае Паша. — А 22:00 усё зачыняецца, гасне святло і людзі сыходзяць з курорта. Пасля гэтага заводзіцца ратрак, на ім уключаюцца ліхтары, і ў іх святле на мантаж выходзіць наша брыгада. На ўвесь сноўпарк мы выдаткавалі больш за 10 дзён, часам працавалі да 6-й раніцы. Прыцягвалі хлопцаў, якія тут катаюцца, ды ўсіх ахвотных з сацсетак. Жадаючых было шмат. Агульнымі намаганнямі атрымалася зрабіць парк, за які не сорамна».

Сам Паша — 31-гадовы праграміст, які катаецца ўжо 8 гадоў. Астатнія хлопцы з каманды Playground Bros — дызайнеры, праграмісты, архітэктары і юрысты. Прафесійных спартоўцаў з вялікімі дасягненнямі на сусветным узроўні сярод іх няма. Затое ў іх ёсць сілы і навыкі для мантажу ды энтузіязм зрабіць нешта добрае для сябе і тых, хто ў тэме.

«Калі мы не зробім такога парка, то ёсць імавернасць, што яго не зробіць ніхто, —
кажа Паша. — А нам самім хочацца катацца ў добрых умовах, таму мы і ўпісваемся ў такія штукі. Хоць пакуль з гэтым будаўніцтвам мы шаўцы без ботаў — увесь час сыходзіць на сноўпарк, нават пакатацца ўволю яшчэ не давялося. На выходных будзем наганяць».

Фота на http://34mag.net/post/snegaweek/

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру