Саша Баразенка — у серыі Generation.by «Кім я стану калі вырасту».

«Мы вас прапусцім, але ж давайце без глупстваў»

Вельмі шмат звычайных мерапрыемстваў ахоўвае тая ж брыгада, што і разганяе акцыі. І паколькі я ім вока намыліў яшчэ з 2006 года, то нават на спартыўных мерапрыемствах мяне пазнаюць. Даходзіць да смешнага: я прыходжу здымаць валейбол, і да мяне падыходзіць супрацоўнік на ўваходзе ў Палац спорта і кажа: «Аляксандр Аляксандравіч?» — «Ну так». — «Мы вас прапусцім, але ж давайце без глупстваў». Не магу сказаць, што яны адразу агрэсіўна ставяцца, у галаве ў іх проста спрацоўвае сканер: «Ага, знаёмы твар, як бы чаго не выйшла».

Дазвол здымаць снег

Калі ў Мінску пайшоў першы снег, я здымаў яго на вуліцах і да мяне раптам падыходзіць міліцыянт і пытаецца, ці ёсць у мяне дазвол. На маё лагічнае пытанне, у каго я павінен браць дазвол, каб здымаць снег, ён патупіў, памаўчаў і сышоў.

Замест мульцікаў — трансляцыі з парламента
Рос я даволі дзіўным дзіцёнкам. У мяне былі асноўныя тры мары, якія існавалі паралельна: я марыў стаць футбалістам, прэзідэнтам і журналістам. У 6 год пачаў займацца футболам, і рана пачаў цікавіцца палітыкай, газеты чытаў, нават бацькі распавядаюць, што замест таго, каб глядзець мульцікі, я глядзеў трансляцыі з беларускага парламента, калі яны яшчэ ішлі. Я ў восем гадоў пачаў чытаць не толькі спартовыя газеты, але і «Свободные новости», спрабаваў неяк разабрацца, было сапраўды цікава адчуваць сябе дарослым.
Далі б кіраваць Зімбабве — кіраваў бы

Марыў быць прэзідэнтам. Але справа ў тым, што мне было без розніцы, прэзідэнтам якой краіны быць. Калі б мне далі кіраваць Зімбабве, я бы ёй і кіраваў бы. Хацелася быць не столькі прэзідэнтам, колькі палітыкам.

Дах сарвала

Шыльда «Міжнародныя адносіны» у БДУ вельмі заманьвала, паступіў туды на «Германістыку». Гэта быў вельмі цікавы досвед для мяне, хлопчыка, які рос не вельмі сацыяльнаадаптаваным, не вельмі камунікаваў у школе. Таму, калі я патрапіў у групу, дзе з 20 студэнтаў — 18 дзяўчат, неяк мне нават дах сарвала. З цягам часу я ўсё больш і больш сацыялізуюся, усё лягчэй мне ісці на кантакт з людзьмі.

«Краты адкрываюць, можна выходзіць?!»

У 11 класе пачаў клеіць улёткі ў Пінску, потым, калі пераехаў у Мінск, на сваёй першай акцыі «Пахаванне ільготаў» быў затрыманы. Мы неслі імправізаваную труну, баян іграў жалобную музыку. Тады я атрымаў 3 сутак, пазней выключылі за гэта з універсітэту. Потым паехаў каліноўцам у Польшчу, правучыўся год, за гэты час паспеў паўдзельнічаць у акцыі прадпрымальнікаў у Менску, патрапіць пад крымінальную адказнасць, ну ў выніку, калі пачаліся суды, вырашыў не заставацца ў Польшчы. Праехаў праз Украіну-Расію ў Беларусь, супакоіў бацькоў і пайшоў здавацца ў міліцыю, у выніку чаго пратрымалі месяц на Валадарцы і асудзілі на год хатняй хіміі. Калі агучвалі вырак, я нават не верыў: «А што, усё, краты адкрываюць, можна выходзіць?!» Думаў, дадуць два гады турмы.

«На, хлопчык патрымай мікрафон, а аператар хай паздымае»

Паехаў да бацькоў у Пінск адбываць хімію і працаваў грузчыкам, разгружаў дровы, вугаль, брыкет. Потым з грузчыкаў — адразу ў журналісты: раптам мне патэліў пінскі каардынатар Белсата і сказаў, што журналістка сыходзіць у дэкрэт, і прапанаваў мне пасля амністыі папрацаваць. Глупа было адмаўляцца, вугаль і брыкет не ўсё жыццё грузіць і не з маёй камплекцыяй гэта рабіць. Пачаў працаваць, спачатку гэта выглядала так: «На, хлопчык патрымай мікрафон, а аператар хай паздымае». Потым даверылі камеру, і паступова на сваіх памылках пачаў вучыцца.

Ледзь не спаліў дом

Вельмі часта ў дзяцінстве заставаўся дома сам і ледзь не спаліў яго нават. Аднойчы гуляўся сам з сабой у нейкую эканамічную гульню, а там была вельмі заюзаная памятая валюта. Я ўзяў яе і пачаў на дыване прасаваць, дагэтуль застаўся след, на якім бачна гэтая купюра.

У татальнай бяспецы адчуваю сябе няўтульна

Вяселлі я не здымаю і, спадзяюся, не буду здымаць. Не люблю гэтую найгранасць. Я не ўпэўнены, што здолеў бы здымаць мастацкія фільмы ці рэкламу, бо ўсё гэта штучна і не шчыра. Я адчуваю сябе ў дадзеным месцы ў дадзены час, я мушу зафіксаваць падзею, зафіксаваць тое, што іншыя не ўбачаць, на што іншыя не наважацца. У нейкай татальнай бяспецы я адчуваю сябе няўтульна, гэта не для мяне.

Баюся спыніцца

Я цяпер жыву ў працы абсалютнай, імкнуся працаваць як мага болей, працую амаль без выходных. Лічу, што нічога я яшчэ не дасягнуў. Я адчуваю сябе ўсё яшчэ тым хлопчыкам, якому далі тэхніку і сказалі: «На, пастой тут». Хоць я не першы год працую, але, калі бачу, як працуюць прафесіяналы, разумею, што мне яшчэ вучыцца і вучыцца. Мяркую, гэта добра, я заўсёды спрабую ліквідаваць свае недахопы ў працы і гэта дапамагае рухацца далей. Бо я вельмі баюся спыніцца.

Што распавесці дзецям, акрамя затрыманняў і барацьбы з дыктатурай

Хацелася, каб было што распавесці дзецям, акрамя затрыманняў і барацьбы з дыктатурай. Гэта, канечне, усё рамантычна, але хацелася б, каб мае дзеці ўжо не ведалі, што такое дыктатура. Хацелася б нечага дасягнуць, быць прызнаным у журналісцкім асяродку. Праз 10 гадоў хацелася б бачыць сябе журналістам у Вольнай Беларусі, напрыклад, намеснікам дырэктара Першага Спартыўнага канала. Яму абавязкова быць у Беларусі, у мяне хіба ёсць парачка канкурэнтаў наўвеце і я паспрабую першым дабегчы да таго кабінета, каб яго заняць. Калі ў Беларусі нешта зменіцца, я хачу адысці ад гэтых палітычных тэм, якія займаюць маю галаву з самага дзяцінства. Хацелася б мець спакойны кабінет, магчыма, з сакратаркай, і невялічкую кіруючую пасаду :)

Да ўсіх рэлігій стаўлюся скептычна

Галоўнае, што запомніў з дзяцінства наконт веры: бацька казаў, што Бог павінен быць у сэрцы, у тваіх дзеяннях, у тым, што называецца сумленнем. І для гэтага непатрэбныя ніякія грамадскія інстытуты, ні цэрквы, ні абразы. Да ўсіх рэлігій я стаўлюся скептычна.

Лёс краіны не вырашаюць палітыкі, яны можа яго вырашаюць найменш

Я лічу, што ў любым грамадстве, якое яно ні было б: дыктатура, дэмакратыя, ёсць 10–20%, якія вырашаюць лёс краіны. І я вельмі спадзяюся, што я ў іх уваходжу. Астатнія 80–90 жадаюць каўбасы, розніца толькі ў тым, што амерыканцы жадаюць бургераў, а нашыя — нечага іншага. Лёс краіны не вырашаюць палітыкі, яны можа яго вырашаюць найменш.

Падмацоўваюся як ад акумулятара

Сям’я вельмі важная для мяне, гэта пачынаеш адчуваць з узростам. Некаторы час хацелася хутчэй вырвацца з гэтага маленькага Пінску і жыць у Мінску ці Варшаве. А вось цяпер я пачаў інакш разумець. Сям’я нас запітвае энэргетыкай. Я прыязджаю дадому і падмацоўваюся, як ад акумулятара.

«Хлопчык, табе б яшчэ ў школу пайсці, а ты тут ужо стаіш з камерай»

Для мяне вельмі важная рэалізацыя, хачу ўвесь час навучацца і рухацца далей. І той момант, калі я зразумею, што я добры аператар, я сыйду з гэтай справы. Таму што зразумею, што аператар, уласна кажучы, з мяне нікудышны. Трэба заўсёды ведаць, што ёсць людзі лепшыя за цябе, разумнейшыя і больш таленавітыя і трэба імкнуцца стаць такім. Пачуццё ўласнай неідэальнасці — гэта тое, што мяне рухае наперад. Калі ты стаіш побач з зубрамі беларускага аператарства, то разумееш: «Хлопчык, табе б яшчэ ў школу пайсці, а ты тут ужо стаіш з камерай». Калі ты станеш такім, як яны, тады трэба будзе імкнуцца стаць такім, як лепшыя аператары ў свеце. Але ты не станеш, бо побач заўсёды ёсць яшчэ 20 такіх, якія таксама імкнуцца стаць лепшымі.

Грошы самі прыйдуць

Зарабляць можна і на гэтым, галоўнае любіць тое, чым займаешся, а грошы самі прыйдуць. Тады цябе пачынаюць заўважаць, табе прапаноўваюць яшчэ нешта. Ты пачынаеш рэалізоўвацца, выходзіш на новыя ступені гэтай прафесіі.

«Не еш немаўлят», а я буду есці

Спадзяюся, я не з тых, хто змяняе сваё меркаванне пад ціскам грамадства. Але трэба ведаць межы нонкамфармізму. Часта гэта выглядае так: грамадства кажа «не еш немаўлят», а я буду есці.

Нашае пакаленне — гэта прадукт той сістэмы, якая існавала

Доўгі час я быў цалкам расейскамоўным, нават расейскамоўным апазіцыянерам. Я думаю, нельга неяк прымусіць адразу карыстацца беларускай мовай. Як бы мы гэтага не адмаўлялі, нашае пакаленне — гэта прадукт той сістэмы, якая існавала. Не нашая віна, што нас навучалі на расейскай мове, што тэлебачанне па-расейску. У тым, што людзі размаўляюць па-расейску, я не бачу вялікай праблемы. Я бачу праблему ў тым, што іх не вучаць размаўляць па-беларуску. Гэта не віна людзей. Мову не выратаваць адзінкавымі захадамі, як гэтыя білборды. Яны, безумоўна, добрая рэч, але, калі прэс-рэліз пра іх выдаецца па-расейску, то пра што тут можна казаць.

Твая прафесія патрэбная

Мне зламалі на плошчы ў 2010 годзе дзве камеры. Спачатку я здымаў калону Някляева, гэты брутальны захоп. Менавіта тады я зразумеў усю важнасць сваёй справы. Калі вылятае амапавец, кладзе цябе тварам у снег, разбівае тваю тэхніку, тады разумееш, што ты ўяўляеш рэальную моц, што твая прафесія патрэбная, што ты можаш уплываць на грамадства. Яны не столькі баяліся кандыдатаў, колькі народ, і яны баяліся, што карцінку таго, што яны будуць рабіць з народам, пакажуць.

БТ не трэба чапаць

На плошчы мне ўдалося пазбегнуць затрымання. Побач са мной была журналістка рускага першага каналу, у якой на мікрафоне была адзінка як у нашага БТ. І спецназаўцы, калі зачышчалі плошчу, абышлі вакол і пакінулі нас, бо думалі — БТ, не трэба чапаць. Вельмі было дзіўна на зачышчанай плошчы ля помніка Леніну пабачыць свайго бацьку, цёцю і дзядзю. І іх не кранулі таксама.

Пасля допыту на лекцыі

Пасля, шостага студзеня, а шостай раніцы да мяне прыйшлі з ператрусам, перавярнулі ўсю кватэру, пратрымалі ў Следчым камітэце тры гадзіны. Што цікава, Следчы камітэт знаходзіўся побач з Інстытутам (Інстытут парламентарызма і прадпрымальніцтва), дзе тады навучаўся. І я без кніжак адразу пасля допыту пайшоў на лекцыі. Усе пытаюцца «Ты адкуль такі?» — «Ды я тут побач на допыце тры гадзіны быў».

Аўстрыя — гэта такая Беларусь, толькі з гарамі

З замежных краін найбольш спадабалася Аўстрыя. Вельмі спадабалася прырода, мне падаецца, што Аўстрыя — гэта такая Беларусь, толькі з гарамі. Можна проста выйсці, з машыны стаць і гадзінамі глядзець на горы.

Я занадта дзіўны чалавек, каб заставацца сам-насам

Калі нармальных дзяцей выпраўлялі на вакацыі ў вёску, мяне выпраўлялі ў Мінск. Я люблю вялікія гарады, люблю энергетыку, якая кагосьці пужае, а мне яна наадварот дае сілы. У гэтым мурашніку даволі прыемна знаходзіцца, бо, калі навокал шмат такіх мурашоў, ёсць стымул рабіцца мацнейшым з мурашоў, а калі ты адзін, гэта расслабляе. У вёсцы няма тых выклікаў, няма таго дзвіжу. Я занадта дзіўны чалавек, каб заставацца сам-насам, мы адзін аднаго не вытрымаем.

Затрыманні — крыніца натхнення

Затрыманні мяне наадварот падсцёгваюць. Калі ты ўпэўнены ў тым, што робіш, то любыя праблемы адыдуць у бок. Цябе затрымалі, ты яшчэ больш гэтым натхнішся і наступным разам прывядзеш з сабой сяброў. Так і з працай. Калі нешта не атрымліваецца, ты пагрызеш сябе, і зробіш яшчэ і яшчэ. Натхняешся сваімі памылкамі таксама.

«Ух ты, Вольскі!»

Калі я атрымаў акрэдытацыю на БАТЭ, я некалькі дзён хадзіў і паказваў яе знаёмым, даслаў фота бацькам. Наогул гэта даволі дзіўнае адчуванне, калі бачыш кагосьці па тэлебачанні, а потым бярэш у яго інтэрв’ю. Добра, што гэта адчуванне, калі ты дакранаешся да чагосьці, да чаго ты думаў ніколі не дакранешся, не знікае. На пачатку, калі браў інтэрв’ю ў Лявона Вольскага, было такое «Ух ты, Вольскі!», а ў мяне там энэрэмаўскія старыя касеты яшчэ ляжаць. Ці ў Мілінкевіча. Гэта вельмі цікава, я спадзяюся не згубіць гэтае адчуванне.

Я ўпэўнены, што я вырас, значыць — я не вырас

Гледзячы па тым, што я ўпэўнены, што я вырас, то значыць — я не вырас. Ува мне захоўваюцца дзіцячыя рысы: рамантызм, гатоўнасць рызыкаваць, лёгкасць на пад’ём. Але на свае 24 я шмат чаго пабачыў, аднак ўсё ж такі разумею, што не дасягнуў яшчэ шмат чаго ў жыцці і з’яўляюся дзіцём, якому трэба развівацца далей.

Журналісцкая салідарнасць

Сярод журналістаў вельмі вялікая салідарнасць, такой салідарнасці я не бачыў нават сярод палітычных актывістаў. Мы можам спрачацца за месца для здымкаў, фатографы, аператары можам штурхацца, пакрычаць адзін на аднога. Але, калі кагосьці з нас кранаюць, увесь гэты цэх устае гарой. Мне гэта вельмі спадабалася ў выпадку з Антонам Сурапіным, тая салідарнасць, якую праявілі журналісты, мяне прыемна здзівіла. Калі мяне затрымлівалі, я выходжу, а там стаяць чалавек 15 журналістаў, гэта надзвычай нечакана і прыемна.

Прыйдзе час, цябе прыціснуць
Можна здымаць і футбол на АНТ, але прыйдзе час, калі цябе прыціснуць. Калі абіраць паміж заробкам, працай і сваім сумленнем, то сумленне — гэта, тое, што на ніякія прызы не памяняеш. Сумленне і ёсць самы галоўны прыз у жыцці. Я б не змог здымаць прэзідэнцкі хакейны турнір і казаць, што тут лепшыя гульцы сабраліся. Кім бы ты не працаваў цяпер на дзяржаўных медыях, нейкім чынам усё адно цябе прыціснуць, і ты павінен будзеш адмовіцца ад свайго сумлення. На Белсаце я маю магчымасць здымаць рэчаіснасць, а не рабіць яе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?