Пасля здарэння ў наваполацкім аўтобусе кантралёр Людміла Шахліна змяніла працу. А абвінавачаны, які нанёс ёй траўмы дагэтуль не прабачыўся.

«Людміла Іосіфаўна напісала заяву. Пасля таго інцыдэнту яна працаваць на былым месцы чыста маральна не змагла, ―
распавядаюць у ідэалагічным сектары наваполацкага аўтапарка № 6. ― Цяпер яна працуе ў нас, але на іншай пасадзе».

Відэа скандальнага інцыдэнту ў наваполацкім аўтобусе разышлося па інтэрнэце напрыканцы лістапада. Людміла Шахліна (так гучыць яе сапраўднае прозвішча) даволі жорстка спрабавала спагнаць штраф з сям’і ― мужа, жонкі і дваіх малых дзяцей. За сям’ю заступіўся 22-гадовы грамадзянін, які схапіў кантралёра за валасы і нахіліў, траўмаваўшы той шыю.

Відэаролік здарэння выклікаў спрэчкі: ці законна дзейнічала кантралёр і хто гэты хлопец ― хуліган ці Робін Гуд.

«Ведаем, што была вочная стаўка, якая ні да чаго не прывяла, ―
працягваюць распавядаць у ідэалагічным сектары аўтапарка. ― Выбачэнні не былі атрыманы. Грамадзнін Мікалай Б. не збіраецца выбачацца».

Даведваемся, што Людміла Шахліна перавялася працаваць на платную стаянку аўтапарка.

Звязваемся з ёй. Жанчына якраз збіраецца ісці на чарговую сустрэчу са следчым.
«Проста спрабуюць закрыць гэту справу за недаказанасцю нейкай. Вырашаецца, ці мы пойдзем на нейкае прымірэнне, ці справу накіруюць у суд», ―
выказалася Людміла Іосіфаўна і папрасіла звязацца з ёй праз гадзінку-другую.

Але пагутарыць наноў не ўдалося.

«Яна не вярнулася, ёй стала дрэнна ― ціск. Больш нічога не ведаю», ― уздыхае калега пацярпелай.

Верагодна, ужо найбліжэйшым часам мы даведаемся пра развязку скандальнага здарэння ў наваполацкім аўтобусе.

«У цяперашні час следства працягваецца. Тэрмін заканчваецца ў панядзелак 28-га студзеня, ―
паведамляе Іна Гарбачова, прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. ― Пра прынятае працэсуальнае рашэнне мы паведамім дадаткова».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?