Гары Потэра абвінавачваюць у хлусьні. У Міністэрстве магіі ня вераць, што Цёмны Лорд вярнуўся. Міністар Фадж (Робэрт Гардзі) засылае ў чарадзейную школу Хогвардз салодкагалосую Далорэс Амбрыдж (Імэльда Стаўнтан), якая пільнуе, каб школа адпавядала дзяржаўнай ідэалёгіі. Бюракратка Амбрыдж распускае ўсе вучнёўскія гурткі, уводзіць паліцэйскі рэжым і забараняе свабодныя думкі.
Але насуперак перашкодам Гары Потэр арганізуе атрад, дзе школьнікі вучацца абараняцца ад злых сілаў. Неўзабаве ім прыйдзецца сутыкнуцца з бандай Воляндэморта…
Карціна малавядомага Дэйвіда Етса пазбаўленая змрочна-іранічных інтанацый Альфонса Куарона (“Гары Потэр і вязень Азкабану”). Яна далёкая й ад камічнай казачнасьці Крыса Каламбуса (першыя часткі Потэра). Пятая сэрыя – гэта Высокая Фабрыка, дзе кожны складнік фільму вывераны на канвэеры (вынікі настолькі спадабаліся прадусарам, што Етса запрасілі на наступную сэрыю).
Карціна багатая на трапныя акторскія жэсты. Грымаса прафэсара Снэйпа (Алан Рыкман), трагічны позірк Гары Олдмэна, задумлівасьць Луны Лавгуд (Эванна Лінч). А гратэскнай істэрыкі Хелены Бонэм-Картэр, якая зьяўляецца ў кадры на некалькі хвіляў, забыць немагчыма. Што да Імэльды Стаўнтан, то створаны ёю вобраз ціхмяна-злобнай сьцервы – нат пераўзыходзіць кніжны арыгінал.
Ашаламляльныя дэкарацыі, бойка ў Міністэрстве магіі – карціне хапае адмысловых эфэктаў, але акцэнт зроблены на псыхалягічных момантах. Героі сталеюць – і цяпер ужо самастойна, без аглядкі на дарослых, ідуць на двубой са злом.
Калі выйшла пятая кніга пра Гары Потэра, вучні забароненага Беларускага ліцэю, пісалі Джаан Роўлінг, што гэта кніга – пра іх. Цяпер на экране мы бачым аўтарытарнае глупства, “ідэёлягаў”, страх, які скоўвае душу – і непазьбежную перамогу дабра над злом.
Перамога гэтая даецца цяжка (маленькіх дзяцей у кінатэатар лепей ня браць – зьлякаюцца); але хто сказаў, што казка – толькі намёк?