Я пачуў пра гэта ад знаёмай, якая наведвае адну зь менскіх пратэстанцкіх цэркваў. «Свабода прыйдзе ў Беларусь за адну ноч, без адзінага стрэлу». Нібыта было такое прароцтва аднаго з «шанаваных прэсьвітэраў». Я стаў шукаць канцы, і вось што высьветліў.

Увосень 2003 г. Менск наведаў заснавальнік пяцідзясятніцкай царквы Times Square Church у Нью-Ёрку Дэвід Уілкерсан. Выступаючы перад кіраўнікамі мясцовых эвангелісцкіх грамадаў, ён абвесьціў прароцтва пра Беларусь. Выступ меў вялікі розгалас. Цяпер хто-ніхто сьцьвярджае, што прароцтва пачынае спраўджвацца.

«Я бачыў у Духу нацыю ў ланцугах, і д’ябал спрабуе зьвязаць Царкву Ісуса Хрыста, — такое бачаньне меў пастар, перад тым як прыехаць у Беларусь. — Цяпер у Беларусі зацьвярджаюцца законы і правілы, якія абмяжоўваюць рух Божы. Але вы павінны быць патрыётамі...» — кажа ён. Аўдыёзапіс ягонага выступу захаваўся.

Трэба патлумачыць, што пяцідзясятнікаў вылучае вера ў магчымасьць непасрэднага кантакту з Богам празь Сьвятога Духа, а таксама ў магчымасьць ягоных дароў — прароцтва, «гаварэньня на невядомых мовах», г.зв. гласалаліі. Гэта сапраўды мае месца падчас эвангелісцкіх багаслужбаў, на якіх вернікі палымяна моляцца.

74-гадовы Дэвід Уілкерсан — прапаведнік і пісьменьнік. Разам з братам яны заснавалі Сусьветнае хрысьціянскае служэньне Teen Challenge — рэабілітацыйныя цэнтры для наркаманаў і алькаголікаў. Адметнасьцю царквы Уілкерсана Times Square Church ёсьць тое, што асноўныя яе актывы належаць рэабілітаваным злачынцам.

Уілкерсан ня лічыцца ў царкве прарокам, але гэта вельмі шанаваны прапаведнік.

Госпад сказаў Уілкерсану: «Я зрынуў жалезную заслону, і Я зрыну гэтую заслону ў Беларусі. І страх, які зьвязваў вас многія гады, рушыцца ўжо цяпер!..»

«Калі я зьеду, — прадказваў Уілкерсан, — на працягу нейкага часу ў вас, мажліва, будзе яшчэ больш складана, і вы падумаеце, што гэта было ілжэпрароцтва», — заўважыў пастар. На думку вернікаў, у гэтай частцы прароцтва спраўдзілася: у наступныя гады дзяржава выяўляла да іхных суполак, так бы мовіць, павышаную цікавасьць, аж да спробаў забароны некаторых зь іх.

Пастар менскай царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка кажа: «Прароцтва спраўдзіць час». Іншыя пратэстанцкія пастары абмяжоўваюцца канстатацыяй факту: «Так трэба Богу. Што мае адбыцца — адбудзецца. Бог не пакіне без адказу ўціск сваіх вернікаў».

«Прароцтва зьдзейсьніцца, калі вы паверыце ў яго…» — так скончыў сваю казань а.Уілкерсан.

Ягоныя словы вернікі перадаюць з вуснаў у вусны. Можна верыць прароцтвам, можна — не, але сам факт, што такое перадаюць з вуснаў у вусны, сьведчыць: усё больш людзей у краіне прагнуць пераменаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?