— На нядаўняй канферэнцыі вы заявілі, што Беларусі трэба будзе існаваць ва ўмовах глабальнага крызісу…

— Цяперашні крызіс не новы, ён частка сістэмнага крызісу, які пачаўся ў сусветнай эканоміцы ў 2008 годзе. Падчас такіх крызісаў эканамічная сістэма пераходзіць з аднаго стану ў іншы. Аналагічныя падзеі назіраліся ў 1920-я. Каб выйсці з крызісу, трэба перабудаваць наяўную эканамічную сістэму, фінансавыя рынкі, сацыяльныя і гандлёвыя адносіны. Гэта даволі працяглы працэс, таму можна чакаць, што крызіс пяройдзе ў працяглую рэцэсію.

Цяперашні цыкл звязаны з еўрапейскім пазыковым крызісам. Еўропа цяпер — галоўны спажывец кітайскіх тавараў. Германія — галоўны пастаўшчык тэхналогій у Кітай. Калі ў Еўропе згарнулася спажыванне, згарнулася вытворчасць і ў Кітаі. Адпаведна, пастаўкі еўрапейскіх тэхналогій у Кітай таксама згарнуліся. Атрымалася крызісная зона, выйсці з якой можна толькі шляхам значных змен на рынку працы і інвестыцый у новую тэхналагічную базу еўрапейскай эканомікі. Немцы, якія паспелі правесці рэформу рынку працы да крызісу, апынуліся ў найбольш выйгрышным становішчы.

У Кітаі эканоміка пераходзіць з юнацтва ў больш спелы век. Па выніках 9 месяцаў 2012 года штомесячны сярэдні заробак у гэтай краіне склаў 620 даляраў. Кітай сыходзіць з эканомікі таннай працоўнай сілы. Гэта азначае, што тэмпы экспарту будуць падаць, а рост будзе генеравацца за кошт унутранага попыту. Лёгкая прамысловасць будзе згортвацца, будзе нарошчвацца больш тэхналагічная вытворчасць. Ці стане актуальным пытанне экалогіі.

— Для Беларусі адзін з ключавых гандлёвых партнёраў сёння — Расія. Як гэты крызіс закране суседнюю краіну?

— Для Расіі галоўным вынікам стане зніжэнне цэнаў на нафту. Яго можна чакаць ужо ў 2013 годзе. Прагназаваная цана — менш за 100 даляраў за барэль.

Сёння аналітыкі прадказваюць падзенне цэн у энергетычнай галіне. Нафтаздабыўная галіна развіваецца цыклічна. Перыяд высокіх цэнаў прыводзіць да інтэнсіўнага інвеставання, што дазваляе павялічыць аб’ёмы продажаў і вытворчасці, адпаведна, цэны падаюць. Пасля гэтага варта цыкл нізкіх цэн і мінімальных інвестыцый. Паводле прагнозаў аналітыкаў, Канада і ЗША хутка стануць буйнымі экспарцёрамі нафты. Гэта прывядзе да сур’ёзнага падзення цэнаў на энерганосьбіты. Працэс ужо пачаўся дзякуючы сланцавай рэвалюцыі ў ЗША. Гэта азначае, што ў сярэднетэрміновай перспектыве ў Расіі будзе даволі складаная эканамічная сітуацыя.

Для Беларусі гэта сур’ёзны выклік, таму што Расія — наш асноўны рынак збыту. З аднаго боку, па меры ўзбагачэння расійскага бізнэсу расійцы сыходзяць ад танных, сярэдняй якасці беларускіх тавараў. Але тармажэнне росту іх даходаў можа адкрыць нішы для беларускіх тавараў, і гэта нам у плюс. Праўда, скарачаецца сам аб’ём попыту, што павысіць канкурэнцыю. Я не ўпэўнены, што беларускія прадпрыемствы змогуць гэта вытрымаць. Так што з аднаго боку гэта шанец, з другога — дастаткова сур’ёзная пагроза.

Акрамя гэтага, паўстане пытанне пра магчымасці далейшага ільгатавання беларускай эканомікі з боку Расіі. Цяпер Беларусь датуецца расійскім бокам на суму каля 4 млрд даляраў у год. Пакуль цэны на нафту высокія, для Расіі гэта няшмат. Але калі даходы ад нафты будуць падаць і бюджэтная напружанасць у Расіі будзе высокай, тады такіх датацый не будзе. Да таго ж не варта забываць, што ў гандлёвым балансе Беларусі значная частка валютнай выручкі паступае ад гандлю нафтапрадуктамі. Зніжэнне цэнаў на іх прывядзе да скарачэння гэтага патоку.

— Як на Беларусі адаб’ецца сяброўства Расіі ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі?

— У Мытным саюзе ўжо закладзены пэўныя нормы СГА. Дэ-факта мы нясем усе выдаткі сяброўства ў гэтай арганізацыі, але пры гэтым не маем ніякіх прывілеяў. Гэта даволі недарэчная сітуацыя. Нам неабходна як мага хутчэй уступіць у СГА, каб выправіць становішча. У гэтым пытанні ўсё залежыць ад намаганняў нашых перамоўнікаў і ўрада.

— Беларусь будуе на гэты год вялікія планы: прырост ВУП на 8,5%, павелічэнне заробкаў, мадэрнізацыя… На гэты ж перыяд прыпадае першы пік плацяжоў па замежным дзярждоўгу, прагназуецца скарачэнне валютнай выручкі. Чаго Беларусі варта чакаць: чарговай дэвальвацыі рубля?

— Наш аналіз паказвае, што калі тэмп росту эканомікі будзе ў раёне 4%, а зарплата ніжэйшая за 500 даляраў і жыллё не будзе будавацца ў заяўленым памеры, то можна будзе звесці канцы з канцамі без значнай дэвальвацыі рубля. Калі планы па мадэрнізацыі і будаўніцтве жылля будуць рэалізоўвацца за кошт эмісійных крыніц, а тэмпы росту эканомікі дасягнуць 8,5%, мы можам у хуткай будучыні прыйсці да чарговай сур’ёзнай дэвальвацыі.

Сёння асноўны фактар росту беларускай эканомікі — рост капіталаатдачы. Пры гэтым разрыў паміж эфектыўнасцю прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў складае 30–40%. Калі мы правільна правядзем прыватызацыю, то дасягнем больш высокага ўзроўню эфектыўнасці ўсёй эканомікі і атрымаем новую крыніцу росту. У гэтым выпадку тэмпы росту ВУП 8–10% у год стануць рэалістычнымі. Але без якаснай змены сістэмы чакаць высокіх тэмпаў росту не даводзіцца.

— Наяўная пазыковая нагрузка Беларусі пад’ёмная?

— З ёй можна справіцца пры тым узроўні пазычанняў, які існуе. У Міністэрства фінансаў ёсць цалкам лагічная праграма па пагашэнні дзярждоўгу. Калі не будзе ўнутраных выдаткаў, яна дазволіць прайсці перыяд вялікіх выплат з мінімальнымі стратамі.

— Цяперашні ўзровень золатавалютных рэзерваў — 8 млрд даляраў — ці ўдасца захаваць ці нават прымножыць?

— У 2013 годзе яны хутчэй за ўсё будуць скарачацца. Усё будзе залежаць ад эканамічнай палітыкі. Калі не разаграваць эканоміку, гэты год можна прайсці нармальна. Калі разаграваць, спатрэбяцца дадатковыя рэсурсы. Тады ўзнікнуць пытанні, дзе іх узяць.

— Як варыянт — прыватызацыя. Хоць, здаецца, яна замарожаная.

— У 2009–2011 гадах быў прыватызацыйны ўсплёск. Цяпер усё тармозіцца. Магчыма, ёсць пэўнае лабіраванне з боку дырэктарскага корпуса, мясцовых уладаў. Я думаю, што ў найбліжэйшы час прыватызацыя сапраўды будзе замарожаная. Асабліва калі ўлічыць апошнія падзеі — увядзенне ўладальніцкага нагляду, які вельмі моцна нагадвае ліквідаваны некалькі гадоў назад інстытут «залатой» акцыі, нядаўнюю сітуацыю са «Спартаком» і «Камунаркай»… Усё гэта выклікае ў інвестараў негатыўную рэакцыю. Цяжка сабе ўявіць, што на фоне гэтых падзей яны будуць сюды рвацца.

Я асабіста магу прывесці ў прыклад сітуацыю, калі пасля гісторыі з «Камунаркай» прыпыніліся два праекты з добрымі заходнімі інвестыцыямі. Інвестараў спалохала форма вырашэння праблем. З судовымі працэдурамі сутыкаюцца і на Захадзе, але рашэнне такіх пытанняў па-за судовай сістэмай выклікае вялікія асцярогі ў інвестараў.

Да гэтага часу не было ніводнай буйной угоды па продажы беларускіх прадпрыемстваў, якая была б паспяхова завершаная. Угоды, якія на слыху — продаж доляў сотавых аператараў, Белтрансгаза, — інсайдарскія. Пакупнікі добра ведалі гэтыя прадпрыемствы і загадзя былі гатовыя іх набыць, то брк праблемы прадаць не было. Фактычна вопыту па продажы прадпрыемстваў і іх акцый у Беларусі няма, таму я скептычна стаўлюся да ідэй выгаднага продажу айчынных кампаній і вываду іх на IPO. Тыя, хто павінен гэтым займацца, не маюць ні досведу, ні адэкватнай прававой і метадалагічнай базы.

— Апошнія тэндэнцыі паказваюць, што прыватызацыя магчымая на карысць беларускага прыватнага бізнэсу, які заўважаны ў сяброўскіх адносінах з уладай

— Я б казаў пра тое, што ў Беларусі сёння ёсць даволі буйныя кампаніі, якія б маглі паўдзельнічаць у прыватызацыі. Частка з іх накіраваная на замежныя рынкі. Такія кампаніі не зацікаўленыя ў прыватызацыі, таму што адаптаваць дзяржаўныя заводы для работы на замежных рынках, як правіла, складаней, чым пабудаваць новы завод. А ёсць бізнэсы, арыентаваныя на ўнутраны рынак, унутраную сыравіну, унутраныя рэсурсы. Вось яны будуць актыўна ўдзельнічаць у прыватызацыі, і поспех гэтага ўдзелу, вядома, шмат у чым будзе залежаць ад умення дамаўляцца з уладай. Безумоўна, тыя, хто ўмее гэта рабіць, атрымаюць нейкія перавагі. Але я не бачу ў гэтым палітыкі дзяржавы.

— У мінулым годзе выклікаў вялікі рэзананс ваш артыкул, у якім вы абаранялі бізнэсменаў, уключаных Еўрасаюзам у чорны спіс.

— На «Хартыі» з’явіўся спіс так званых кашалькоў Лукашэнкі. Калі я ўбачыў яго, у мяне ўзнікла пытанне, якія расійскія інстытуты заплацілі за гэта: у спісе былі ўсе, хто можа ўдзельнічаць у беларускай прыватызацыі і зацікаўлены ў ёй. Пасля таго як Еўракамісія ініцыявала расследаванне ў дачыненні да гэтых бізнэсаў, заходнія банкі пачалі асцярожнічаць. Гэта быў просты спосаб адрэзаць беларускі бізнэс ад танных заходніх грошай.

Я неяк прачытаў артыкул на гэтую тэму ва ўкраінскай газеце. Мабыць, журналісту даручылі напісаць пра гэтых «кашалькоў», і ён не ведаў, пра што пісаць і што такога дрэннага ў гэтых людзях. Па расійскіх і ўкраінскіх мерках яны жывуць сціпла, развіваюць разнастайныя (у тым ліку і нярэнтныя) бізнэсы. Украінскі журналіст не зусім разумеў, у чым іх абвінаваціць. У маім разуменні гэтымі людзьмі трэба ганарыцца, а не абліваць іх памыямі. Беларускі бізнэс толькі ўстае на ногі, пачалі з’яўляцца буйныя прыватныя кампаніі. І гэтыя кампаніі падвяргаюцца нападам з боку нейкіх структур грамадзянскай супольнасці. Я лічу, што кампанія, разгорнутая супраць беларускага бізнэсу, — антынацыянальная. Калі задаць пытанне, каму гэта выгадна, то адказ — расійскаму бізнэсу, які знайшоў такі спосаб пазбавіцца тут ад канкурэнтаў.

— Як ва ўмовах крызісу змогуць выжываць прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы?

— Прыватныя вытворчыя бізнэсы, з якімі мы актыўна працуем, з мінулага крызісу выйшлі з ростам. А вось дзяржаўныя кампаніі многае страцілі. Таму што ў прыватным бізнэсе больш гнуткі менеджмент, здольны хутчэй падладжвацца пад зменлівую сітуацыю. Наогул, падчас крызісаў заўсёды так бывае: на рынку застаюцца самыя моцныя і эфектыўныя кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?