Сёння раніцай у ААТ «Івацэвічдрэў» адбыўся пажар,
паведаміў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталь Навіцкі.

«Паведамленне аб узгаранні паступіла на пульт дзяжурнага МНС ад ахоўніка прадпрыемства ў 6.27. Да моманту, калі прыбылі пажарныя разлікі МНС, агнём быў ахоплены дах таварнага цэха. Людзей ўсярэдзіне не было. Мясцовая добраахвотная пажарная каманда пачала тушэнне», — распавёў Навіцкі. Ён таксама дадаў, што на ліквідацыю пажару спатрэбілася каля гадзіны.

Будынак таварнага цэха аднапавярховы 1970 года пабудовы. Агонь пашкодзіў дах, перакрыцці, дрэваапрацоўчае абсталяванне, піламатэрыялы. Людзі не пацярпелі.
Спецыялісты высвятляюць прычыну ўзнікнення пажару, паведамляе БелТА.

***

Нагадаем, што прадпрыемства два месяцы таму, 23 лістапада, наведваў Лукашэнка.
Тады ён учыніў разнос кіраўніцтву, адхіліўшы ад працы генеральнага дырэктара ААТ «Івацэвічдрэў» Барыса Міхнюка. Кіраваць прадпрыемствам і наводзіць парадак на вытворчасці будзе Уладзімір Шульга.

СМІ пісалі тады: Лукашэнку паказалі новы сучасны цэх па вытворчасці драўняна-стружкавых і ламініраваных пліт. Вытворчы працэс там цалкам аўтаматызаваны і адпавядае самым высокім сусветным стандартам. Аднак яшчэ па дарозе на прадпрыемства Лукашэнка гледзеў з верталёта тэрыторыю старога завода ААТ «Івацэвічдрэў», які размешчаны непадалёк. Нават з паветра Лукашэнка разгледзеў там шматлікія прыклады безгаспадарчасці. Таму пасля наведвання новага цэха ён адышоў ад запланаванай праграмы і накіраваўся на стары завод, дзе выявіў крайнюю ступень беспарадку ў многіх вытворчых і бытавых памяшканнях. Паўсюдна былі раскіданыя вытворчыя адходы, смецце, у некаторых памяшканнях былі выбітыя шыбы, не выконваліся элементарныя правілы бяспекі працы.

Гутарачы з работнікамі гэтага прадпрыемства, якія спыталі, што будзе далей з іх заводам, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Магу дакладна сказаць, такога завода, як цяпер, які месцамі ў сметнік ператварыўся, у вас сапраўды не будзе. І гэта зробіце вы, магчыма, з новым дырэктарам. Трэба заўтра ва ўрадзе разгледзець пытанне — Шульгу накіраваць сюды дырэктарам завода, пакуль не навядзе парадак. А старога мы звольнім з заўтрашняга дня, бо так ніхто не працуе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0