27 лютага ў Магілёве выступіць гурт «Бутырка», які іграе турэмны шансон. Частка магілёўцаў шчыра абурана гэтым.
«Мы не супраць канцэрта „Бутыркі“ як такога, — тлумачыць адзін з заснавальнікаў „Грамадскага магістрата“ Магілёва Алесь Сілкоў. — Аднак мы супраць таго, каб першы канцэрт у горадзе ў год, калі горад прызнаны культурнай сталіцай, быў канцэртам „Бутыркі“.
Рэдактар газеты „Наш Магілёў“ Ігар Барысаў рыхтуе адкрыты ліст у выканкам, які мы падпішам. Хай будзе канцэрт, але хай гэта будзе не першы канцэрт года».
Чыноўнікі не бачаць нічога дрэннага ў выступе гурту, галоўнымі хітамі якога з’яўляюцца песні кшталту «За ростовскую братву» — маўляў, шансон у горадзе не забаронены. Ва ўпраўленні ідэалогіі магілёўскага гарвыканкама карэспандэнту «НН» паведамілі, што ўвогуле не ў курсе выступу «Бутыркі» і ніякай паперы да іх не прыходзіла. Дазваніцца ва ўпраўленне культуры не ўдалося: у працоўны час там ніхто не браў слухаўкі.
Магілёўская рэклама апісвае «Бутырку» так: «Расійскі музычны калектыў выконвае песні ў жанры „рускі шансон“ і лічыцца адным з самых паспяховых у гэтым кірунку. У адрозненне ад многіх аўтараў і выканаўцаў, Алег Сіманаў не па чутках знаёмы з жыццём за калючым дротам. Яго вершы — не толькі пра турму, лагеры, але пра лёсы людзей і гісторыі з яго ўласнага жыцця… Тэмы, якія закранае „Бутырка“, зразумелыя і блізкія тым, хто знаёмы з жыццём у месцах не дужа аддаленых».
У лік такіх месцаў, відаць, трапіў і Магілёў.