Высокі конкурс на стаматалагічныя факультэты медуніверсітэтаў лёгка растлумачыць: стаматалогія — адная з самых «грашовых» спецыяльнасцяў, а лячэнне зубоў ёмка б’е па бюджэце. І добра, калі трэба ўсяго толькі паставіць пломбу. Калі ж патрэбна пратэзаванне, чакай вялікіх выдаткаў.

У Мінску праблем з выбарам стаматалагічных паслуг няма. Але ўсім вядома, што ў сталіцы цэны звычайна вышэйшыя. Дык можа ёсць сэнс выехаць па танную стаматалогію ў невялікія гарады? «НН» параўнала кошты на некаторыя паслугі дантыстаў у Мінску і абласных гарадах, каб даведацца, ці ёсць у гэтым сэнс.

Ехаць ці не?

Медыцынскі турызм з краін СНД у Беларусь вельмі развіты. Шматлікія стаматалагічныя клінікі адкрыта ганарацца гэтым і прапануюць еўрапейскую якасць па цэнах у 2–2,5 разоў ніжэйшых за расійскія. Аднак станавіцца «стаматалагічным турыстам» з Мінска ў рэгіёны наўрад ці мае сэнс: зразумела, цэны ў рэгіёнах меншыя і палячыць, вырваць зуб можна на 20 000 танней, але трэба дадаць кошт праезду, а таксама памятаць, што лекаванне зубоў — гэта медыцынскае ўмяшальніцтва, якое можа мець непрыемныя ускладненні. І пагадзіцеся, лепш перанесці іх побач з домам.

Ашчадзіць па-за Мінскам можна было б на дарагіх паслугах: пратэзаванні, імплантацыі, але праз адсутнасць паслуг такога кшталту ў невялікіх гарадах самі мясцовыя жыхары вымушаны па іх у сталіцу.

Выбар стаматолагаў: парады

Любому чалавеку даводзіцца калі-небудзь лячыць зубы. Але дзе гэта рабіць і на што звярнуць увагу? Вось некалькі парадаў.

1) Уважліва аналізуйце цэны. Не думайце, што цана на сайце — гэта менавіта тое, што вы заплаціце ў выніку. Цэны на стаматалагічныя паслугі моцна вагаюцца ў залежнасці ад аб’ёмаў і складанасці працы. Так, цана на пламбаванне аднаго зуба можа знаходзіцца ў прамежку ад 150 да 400 тысячаў, і вельмі малаверагодна, што вы заплаціце «па мінімуме». Больш дакладны кошт стаматолаг певедаміць толькі пасля агляду.

2) Удакладняйце, што ўваходзіць у цэны. Нізкая цана, напрыклад, на патрэбную каронку можа выглядаць прывабна, але ў яе можа не ўваходзіць патрэбных для пратэзавання працэдур: зняцця злепка, г.д. Таму ўважліва высветліце пачатковы кошт усяго комплексу патрэбных працэдур.

3) На кансультацыі задавайце шмат пытанняў. Удакладніце, як будзе праходзіць працэдура, якія матэрыялы будуць выкарыстаныя, наколькія яны надзейныя і як даглядаць зуб далей. Кліентаарэнтаваная кампанія заўсёды «раскладзе ўсё па палічках»: вялікі шанс, што задаволены кліент параіць паслугі іншым.

4) Не давярайце рэкламе і водгукам у інтэрнэце. Паспрабуйце даведацца, як доўга існуе цэнтр, спытайцеся пра кваліфікацыю спецыялістаў цэнтра, у якім вы плануеце лячыцца, іх стаж, наяўнасць усіх патрэбных сертыфікатаў. Самая блізкая да дому стаматалогія — таксама дрэнны крытэр.

5) Калі жадаеце зэканоміць, збярыце інфармацыю пра максімальна вялікую колькасць стаматалагічных клінік: у адной з іх можна танней абследавацца, у другой — зрабіць здымак, у трэцяй — атрымаць лячэнне па прымальнай цане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?