Нагодай для гутаркі з Палінай Качатковай стаў выхад яе кнігі «Матылі». Зборнік складаецца з апавяданняў і эсэ, якія аўтарка пісала дваццаць гадоў. Ён увайшоў у лонг-ліст прэміі Гедройца.
Творы цікавыя, тонкія і стылёвыя, а кніжка тоненькая-тоненькая… Але гэта рэдкі ў апошнія часы выпадак, калі за кожным словам стаіць больш чым адзін сэнс…

Кніжка Паліны Качатковай трапіла ў лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Гедройца. Сама аўтарка кажа, што гэта для яе першая і апошняя кніга мастацкай прозы. Чаму таленавітая пісьменніца больш не піша? Што перашкаджае? Бракуе таленту, грошай, часу? Чаму увогуле так мала ў беларускай літаратуры прарываў, чаму чытачы ўжо стаміліся чакаць шэдэўраў? Ці трэба — і як? — дапамагаць таленту?

Наталка Бабіна: Адкуль Вы родам? Беларуская мова ад сям’і ці гэта свядомы выбар?

Паліна Качаткова: Я нарадзілася ў Оршы 44 гады таму. Але толькі нарадзілася, мая сацыялізацыя адбывалася ў Магілёве, Гомелі. У гомельскай школе, дзе я вучылася, была вельмі добрая і вельмі суровая настаўніца беларускай мовы. Яна, напрыклад, за секундную затрымку з адказам на пытанне пра «пасляваенную лірыку Янкі Купалы» (педагагічная правакацыя: пасляваеннай лірыкі Купалы не існуе) магла ўлупіць вучню венікам па галаве. Або за нейкую правіну патрабавала намаляваць на дошцы схему пераездаў сям’і Коласаў. Гэта былі гвалтоўна ўбітыя веды, але веды яна нам дала. А дырэктар школы Раальд Зянонавіч Грахоўскі, насуперак паўсюднай практыцы тых гадоў, нікога не вызваляў ад беларускай мовы. Да слова, у гэтай школе вучыўся і пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, ён на некалькі гадоў старэйшы за мяне.

НБ: А як Вы пачалі пісаць?

ПК: Пішу з 17 гадоў. У апошнія школьныя гады ў Гомелі я пазнаёмілася з Алесем Бяляцкім — ён быў сябрам нашай сям’і, прыходзіў да нас дамоў. Менавіта ён параіў мне паступаць на філфак.
Алесь у той час вучыўся ў аспірантуры. Бывала, ён казаў мне: «Без апавядання да мяне не прыходзь». Пасля ўніверсітэта я пачала працаваць у Музеі Багдановіча, дырэктарам якога ён быў. Калі ён пайшоў адтуль у праваабарончы цэнтр «Вясна», я сышла з ім.

НБ: Мне здаецца, найлепшыя апавяданні ў Вашай кнізе — напісаныя ў пачатку 1990-х…

ПК: 1990-я гады — найлепшы час. Тады я добра выглядала, мела добрую працу ў музеі, на Глобуса тады мы радасна працавалі — кнігі рабілі…

У праваабарончым цэнтры было ўжо не да пісання.

У «Вясну» з радаснымі навінамі не звярталіся. Я вельмі адчувальная да чужога болю. А тэлефон проста разрываўся, і было жаданне ўсім дапамагчы… А ўсім дапамагчы немагчыма. Там, у «Вясне», мы з Таццянай Равякай і Таццянай Снітко падрыхтавалі і выдалі кнігу пра трагедыю на Нямізе — каля 600 старонак, але гэта дакументальная проза, нон-фікшн…
У 2006, у паслявыбарчы перыяд, калі я ў «Вясне» займалася і сайтам, і адказвала на ўсе тэлефанаванні сваякоў пацярпелых на Плошчы і ў рэгіёнах — помніцца, і Вы мне тады званілі, — у мяне здарыўся нервовы зрыў. Я сябе вельмі кепска адчувала, нават пачалі выпадаць валасы пасмамі.
Адначасова пачала хварэць бабуля. У ноч з 17 на 18 снежня 2006 я ў парыве эмоцый, на таксі за 100 даляраў, прыехала ў бабулін вялікі дом у Оршы, на беразе ракі. 8 сакавіка 2007 бабуля памерла. Я думала, што буду жыць у Оршы, сустракаць заходы і світанкі, назіраць прыроду, але адаптавацца там не змагла.
НБ: А чым Вы зарабляеце на жыццё?

ПК: Сцэнарамі, рэдактарскай працай. А «Матылі» — мая першая і, напэўна, апошняя друкаваная кніга мастацкай прозы.

Ёсць яшчэ раман «Паэт» пра юнацкія гады Максіма Багдановіча, але ён існуе толькі ў электронным выглядзе. Яго мне параілі ў 1995-м напісаць Алесь Бяляцкі і Адам Глобус. Я прыходзіла на працу ў музей а 17.00, калі працоўны дзень там заканчваўся, і працавала да ночы на музейным камп’ютары: па 7—10 старонак за змену. Напісанае па частках друкавалася ў часопісе «Бярозка». Тэкст можна пабачыць на маёй аўтарскай старонцы на «Камунікаце».

НБ: Не пішацца Вам цяпер?

ПК: Не.

НБ: Чаму?

ПК: Няма матывацыі. Мне патрэбная нейкая дысцыплінарная прастора. Калі знаходзіцца чалавек, які мне кажа «працуй», — я працую. А так, самой… Для чаго мне пісаць? Для каго?

НБ: Ці адчуваеце сябе ўключанай у пісьменніцкі асяродак?

ПК: Не, і ніколі не адчувала. Сяброўка сказала: якая ты пісьменніца? Ты ж не тусуешся з пісьменнікамі, а трэба быць у тусоўцы.

НБ: Ну, тусавацца зусім неабавязкова… Пісаць абавязкова.

ПК: Пра мае тэксты пісалі ў інтэрнэце, што гэта тэксты самотнай вар’яткі…

НБ: То што, Вы незадаволеныя, што кніга выйшла?

ПК: Я ўдзячная Барысу Пятровічу, які падышоў да мяне і прапанаваў выдаць, бо інакш кнігі ўвогуле не было б. Але яна трохі недаробленая выйшла. Тут і мая вялікая віна, бо я не вельмі цікавілася, як прасоўваецца справа з выданнем. На кнізе стаіць падзагаловак «Навелы», але тут не толькі навелы. Мне гэтае пытанне цяпер часта задаюць: ты што, не ведаеш, што такое навелы? Ведаю. І ведаю, што ў кнізе не толькі навелы, а розныя тэксты.

НБ: І ўсё ж ці пішаце цяпер нешта?

ПК: Апошнім часам рыхтавала да друку кнігу Алеся Бяляцкага «Асвечаныя беларушчынай» — літаратуразнаўчыя артыкулы, крытыка, эсэ. Гэта тэксты, якія Алесь пісаў з 1986 года, частку ўжо за кратамі. 468 старонак выйшла. У канцы студзеня будзе прэзентацыя.

Апошні мастацкі тэкст, які напісала, — «Здрада цела», ён увайшоў у кнігу.

У мяне была ідэя музейнага дэтэктыва. Я нават пісала яго, доўга пісала. Пасля спаліла ў лесе на Дражні восенню 1994 года...

НБ: Музейны дэтэктыў, напісаны Вамі, — гэта павінна быць цікава. Апошні дэтэктыў, які я чытала па-беларуску, «Сутарэнні Ромула», выклікаў у мяне нейкае адпрэчванне, якое я не магу сабе патлумачыць. Нібы і сюжэт моцны, і ідэалагічна ўсё правільна…

ПК: «Сутарэнні Ромула» я не асіліла. Можа, гэта для дзяцей? Для дарослага чалавека там няма эмоцый. Крытык Антон Навіна (Антон Луцкевіч) яшчэ ў 1928 годзе ў кнізе «Адбітае жыццё» сфармуляваў: калі твор дае эмоцыю, «аналагічную любоўнаму экстазу», то гэта «чыстая краса», і твор ёсць. Не дае — твора няма.
Тады гэта бяздушны Голем (гэта ўжо не Антон Навіна — гэта я так думаю).
НБ: Ці даўно чыталі цікавую беларускую кнігу?

ПК: Я Кастуся Тарасава люблю чытаць. Алену Браву з радасцю чытаю, «Менада і яе сатыры». Мне блізкія гэтыя праблемы, блізкі гэты жорсткі псіхалагізм.

Вы, да слова, другі журналіст, які звяртаецца да мяне па інтэрв’ю як да пісьменніцы. Першай была Таццяна Сапач, якая запісала са мною перадачу ў канцы 2007 года.

НБ: Сама Таццяна засталася ў беларускай літаратуры назаўжды, хаця ў яе таксама была толькі адна танюсенькая і маленечкая, але бязмерна таленавітая кніга — «Восень». А Вам я жадаю, каб Вы ўсё ж напісалі і выдалі яшчэ прынамсі адну кнігу, такую ж таленавітую, як «Матылі», а то і лепшую.

«Ёсць словы, якія не варта казаць.
Ёсць рэчы, якія не варта ведаць.
Давайце пагаворым пра матылёў».

Так пачынаецца першае апавяданне ў кнізе Паліны Качатковай.

Прачытайце і далей, кніга таго вартая.

* * *

Паліна Качаткова нар. у 1969 у Оршы. Пісьменніца. Працавала ў Музеі Багдановіча і праваабарончым цэнтры «Вясна». Жыве ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?